Раз выйшаўшы з традыцыйнага кругу зацікаўленьня, гісторыя ўжо не затрымоўваецца ў пашырэньні яго межаў i абхоплівае найшырэй праявы жыцьця народу. Сяньня ад нацыянальнае гісторыі вымагаецца вывучэньня ня толькі войнаў i палітычных падзеяў, але i матарыяльных умоваў жыцьця народу, яго культуры, эканамічнага быту, грамадзкіх i гаспадарственных устаноў. Пашырэньне ў гэтых кірунках гістарычных досьледаў дасьць у рэзультаце больш менш поўны абраз перажытага народам. Само праз сябе разумеецца, што посьпех гістарычных досьледаў абмяжаваны колькасьцю і якасьцю дайшоўшага да нас матарыялу. Найлепшыя пляны астануцца толькі плянамі, калі няма матарыялу. Гісторыя Беларусі павінна абняць менаваныя галіны народнага жыцьця, каторыя з гледзішча сучаснае мэтодолёгіі i патрэб грамадзянства дастаткова характарызуюць абраз мінуўшага.
Азначэньне межаў заінтэрасаваньня гісторыі, пляновая сэгрэгацыя гістарычнага матарыялу — гэта першае заданьне гісторыка. Наступным будзе тлумачэньне гістарычных фактаў. інакш шуканьне між імі прычыновае сувязі. Толькі ў вадносна рэдкіх прыпадках запраўдныя прычыны гістарычных фактаў пераказалі нам тагачасныя наглядчыкі. У бальшыні прыпадкаў гісторык сам павінен шукаць гэтых прычын, каб павязаць факты ніткай прагматызму. Гэта важная мэтодолёгічная квэстыя перажыла вялікую эволюцыю, зь якой неабходна пазнаёміцца, каб на яе фоне ўцяміць дасюлешнія памылкі гістарычнае мэтодолёгіі з гэтага гледзішча i азначыць шлях найбольш правільнага навуковага спосабу шуканьня прычын гістарычных фактаў.
Ад пачатку гісторыі i амаль да палавіны XIX ст. гісторыкі тлумачылі факты, як рэзультат дзеяньня нейкіх надпрыродных сілаў. Гэткім парадкам паўстала некалькі тэорыяў, апёртых на шуканьні прычын гістарычных зьявішчаў не ў самой гісторыі, a навонкі яе. Найстарэйшая зь ix — тэолёгічная, меўшая сваіх прадстаўнікоў нават да апошніх часоў—лічыць, што гістарычнымі зьявішчамі кіруе надпрыродная, боская сіла, якая вядзе ўсё да празначанай Богам мэты. Але гісторык не патрабуе шукаць першае прычыны або апошняе мэты існуючага.
З гэтага мэтафізычнага жарала выплывае і гэгэльянская тэорыя ідэй, каторыя зьдзейсьніваліся ў гісторыі паступова за пасярэдніцтвам, зьмяняўшых адзін другога народаў. Гэтыя ідэі, як-бы жывыя істоты, мелі быць прычынамі гістарычных падзеяў. Тэорыя гэта аджыла свой век, але водгукі яе існуюць яшчэ i сяньня ў форме г. зв. гістарычных місыяў, прыпісваных народам, або асобным адзінкам.
У лучнасьці з тэорыяй ідэй была i тэорыя разумнага характару гісторыі, або тэорыя няўхільных прычын, каторая казала, што ўсялякі рэальны гістарычны факт адначасна ёсьць разумным, г. з. згаджаецца з разумным плянам усяго існуючага. Паводле гэтай тэорыі ўсякі сацыяльны факт мае raison d'etre ў разьвіцьці грамадзянства, інакш, што ўсё дзеіцца выгадна для грамадзянства. Тэорыя гэта надта аптымістычная, але не навуковая, бо сама нават абсэрвацыя існуючага хутчэй даказвае праціўнае.
Гэткай-жа аптымістычнай ёсьць i тэорыя бязупыннага i неабходнага прагрэсу чалавецтва, выплываючая з таго-ж самага паняцьця аб разумным кіраваньні сьветам. Хоць гэта тэорыя была прынята пазытывістамі, але ейны мэтафізычны характар аж надта відавочны. «Прагрэс» у звычайным разуменьні ёсьць ня што іншае, як суб'ектыўнае выражэньне, якім азначаюцца карысныя для нас зьмены. Але калі-б узяць гэта слова і ў ваб'ектыўным сэнсе («павялічэньне размавітасьці i каардынацыі зьявішчаў»— як кажа Спэнсэр), дык вывучэньне гістарычных фактаў не паказвае на бязупынны прагрэс чалавецтва, a толькі на чародныя поступы, побач з заняпадам, i не дае ніякіх асноў прыпісваць гэтыя поступы нейкай сталай прычыне, свомай усяму чалавецтву, а не шэрагу мясцовых прыпадковых здарэньняў.
Пералічаныя тэорыі, аб'ясьняўшыя гістарычныя факты з помаччу мэтафізыкі, былі разьбіты г.зв. «гістарычнай школай» у Нямеччыне, якая стварыла собскую тэорыю, шукаўшую прычын не ў надпрыродных сілах, а ў самым грамадзянстве. Тэорыя гэта пэрсоніфікавала грамадзянства, прыпісвала яму спэцыяльны тэмпэрамэнт, асаблівы геній нацыі або расы, каторы праяўляецца ў розных галінах людзкой дзейнасьці i тлумачыць іхнюю ўзаемную сувязь. Гэткім парадкам прычын гістарычных зьявішчаў, перажытых паасобным народам, паводле прадстаўнікоў гістарычнае школы, трэба шукаць у істоце самога народу. Гэткі пагляд быў значным поступам, але прадстаўнікі гістарычнае школы, пэрсоніфікуючы грамадзянства i прыпісваючы яму, быццам жывой істоце, асобную сілу да разьвіцьця, ня стрымаліся на гэтым i пачалі ажыўляць іншыя адарваныя паняцьці (напр. закон, слова, абрад, догмат). Гэтыя ажыўленыя абстракцыйныя паняцьці мелі як-бы собскую сілу, пхаючую ix да эволюцыі. Пачалі казаць аб жыцьці i выміраньні слоў, догматаў, устаноў i г д. Гэткім парадкам побач з гістарычнымі фактамі стварыўся цэлы сьвет фікцыйных істотаў. Каб пазбыцца гэтай мітолёгіі, ня трэба шукаць прычын гістарычных фактаў у вадарваньні ад ix канкрэтнае асновы — думаючых i дзеючых індывідуумаў. А калі i карыстацца абстракцыйнымі назовамі, дык трэба асьцерагацца ўсякае мэтафоры, якая прыпісвала-б ім дзеяньні жывых істотаў.
Читать дальше