Артыкул Сачанкі выклікаў жывы водгук сярод беларускай савецкай інтэлігенцыі й распачаў цэлую кампанію за прывярненьне правоў беларускае мовы ў школьніцтве й наагул у публічным жыцьці. Адусюль пасыпаліся лісты ў рэдакцыю газэты «Літаратура і Мастацтва» ад настаўнікаў, студэнтаў і пісьменьнікаў у справе ненатуральнага выцісканьня беларускае мовы із школьнага жыцьця, так што гэтая газэта, дзеля друкаваньня некаторых з такіх лістоў, была змушаная адвссьці на працягу нейкага часу на сваіх балонах у аддзеле «З рэдакцыйнай пошты» спэцыяльную рубрыку п. н. «Шанаваць родную мову». Урыўкі зь некаторых такіх лістоў, як найбольш характэрныя, ня лішнім будзе тут прывесьці.
Гэтак студэнт 5-га курсу філялягічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту В.Чамярыцкі піша:
Добрых 90 працэнтаў мастацкай і вучэбнай літаратуры, якую трэба перачытаць студэнту за 5 год, выдадзеная на рускай мове... І сапраўды, было сорамна сядзець на некаторых беларускіх уроках: столькі небеларускіх выразаў, столькі небеларускіх слоў. Адным словам, нейкі руска-беларускі дыялект. Правільна кажуць нашы выпускнікі, што ў сэньсе практычнага валоданьня беларускай мовай ва ўнівэрсытэце яны нічога не атрымалі, а, наадварот, больш забылі, чым навучыліся. А гэтак-жа абстаіць справа зь беларускай мовай і ў іншых ВНУ рэспублікі[ 16 16 «Літаратура і Мастацтва», № 3, 08.01.1958.
].
Далей аўтар, падобна як і Сачанка, робіць вывад: «Толькі тады, калі мы пачуем жывую беларускую мову з вуснаў выкладчыка і прадаўца, сакратаркі і інжынера, дырэктара заводу і міністра, калі мы знойдзем яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў, на старонках навуковых прац - толькі тады беларуская мова зойме належнае месца ў жыцьці». Таксама, падобна як Сачанка, дзеля большай палітычнай вагі сваіх словаў і застрахаваньня перад эвэнтуальным абвінавачаньнем у «буржуазным нацыяналізьме», ён канчае свой артыкул словамі: «Кажная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матарыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове - так гаворыць марксізм. Ня ведаючы і не шануючы яе, нельга любіць па-сапраўднаму іншыя мовы».
А вось сьветчаньне настаўніка Валейкаўскай школы Смаргоньскага раёну:
Б.Сачанка правільна піша, што ў нашых вышэйшых навучальных установах цяжка пачуць роднае слова. А звычайна пра ўнівэрсытэт гавораць, што гэта «кузьня нацыянальных кадраў». Я ў мінулым годзе скончыў беларускае аддзяленьне нашага ўнівэрсытэту. Лекцыі на роднай мове слухаў толькі па беларускай мове й літаратуры. І я цяпер вельмі радаваўся-б за тых, хто там вучыцца, калі-б яны слухалі й іншыя дысцыпліны на роднай мове[ 17 17 Тамсама.
].
Ня менш вымоўныя заўвагі студэнта Менскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму В.Голуба, у якіх знаходзім і цэнныя фактычныя дадзеныя:
Родная мова для нас - беларуская. Але як гэта ні дзіўна, яна займае мала месца ў сучасны мамэнт у нашым культурным жыцьці. У Менску зараз працуюць 58 сярэдніх школ. Зь іх толькі дзесяць - беларускія. Ды хіба-ж толькі ў Менску такое становішча? Прыкладна тое-ж наглядаецца ў Гомелі, Брэсьце, Магілеве і іншых гарадох[ 18 18 Тамсама.
].
Прывёўшы канкрэтныя прыклады із школьнай практыкі, аўтар сьцьвярджае падобнае занядбаньне беларускай мовы і ў іншых галінах культурнага жыцьця: «Не да гонару студыі «Беларусьфільм», што фільмы яе гучаць не па-беларуску, а Акадэміі Навук БССР тое, што такія кнігі, як «Гісторыя БССР», «Гісторыя Менску», «Беларускае мастацтва», выпушчаны ў сьвет у першую чаргу на рускай мове або павет толькі на рускай»[ 19 19 Тамсама.
]. Напасьледак, як іншыя аўтары, В.Голуб заканчвае свой артыкул патрабаваньнем, што «ў Беларусі беларуская мова павінна заняць належнае месца».
Асабліва цікавыя й цэнныя заўвагі на гэтую тэму выкладчыка беларускай мовы Майскай сямігадовай школы Крупскага раёну К.Санько:
У нашым раёне налічваецца 79 школ зь беларускай мовай навучаньня, дзе працуе вялікая армія настаўнікаў зь сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Аднак пераважная частка настаўнікаў урокі (апрача беларускай мовы) праводзіць на рускан мове... Я цалкам згодзен з аўтарам артыкулу (Б.Сачанкам - С.С.), што беларуская мова павінна ўвайсьці ў паўсядзённы побыт усіх слаёў насельніцтва... Беларуская мова не павінна адыходзіць на задні плян... Яна павінна быць сапраўды роднай[ 20 20 Тамсама.
].
Газэта «Літаратура і Мастацтва», зьмяшчаючы далейшыя матарыялы настаўнікаў і наагул сваіх чытачоў у абароне беларускае мовы ў школе, прыводзіць, між іншых, наступны характэрны прыклад: «Настаўнік У.Васілец (Пагосцкая сярэдняя школа Старобінскага раёну) піша, што ў школьнай бібліятэцы з праграмных твораў па беларускай літаратуры ёсьць толькі адна кніга К.Чорнага, дзьве кнігі Крапівы й тры экзэмпляры трылёгіі Я.Коласа «На ростанях» у перакладзе на рускую мову. Такое становішча ня толькі ў Пагосцкай школе, але і ў многіх іншых школьных бібліятэках»[ 21 21 «Літаратура і Мастацтва», № 17, 26.02.1958.
]. У тым-жа самым нумары, паклікаючыся на лісты чытачоў, «Літаратура і Мастацтва» робіць агульны вывад, што «чытачы праяўляюць клопаты аб далейшым росквіце беларускай нацыянальнай культуры, робяць слушныя заўвагі, выказваюць свае пажаданьні».
Читать дальше