Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
Паводля савецкай камуністычнай тэорыі, працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў г.зв. савецкую, або сацыялістычную, а як цяпер, асабліва пасьля XXII зьезду КПСС гаворыцца, у камуністычную нацыю адбываецца на базе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, засяляючых Савецкі Саюз, і фармаваньня зь іх новых, супольных для ўсіх народаў нацыянальных элемэнтаў і асаблівасьцяў, як асновы гэтае новае нацыі. У запраўднасьці-ж гэты працэс праводзіцца вылучна на расейскай нацыянальнай базе - на базе расейскае гісторыі, расейскае культуры, расейскае мовы й навет на базе расейскага патрыятызму. Такім парадкам фактычна праводзіцца не працэс заціраньня нацыянальных асаблівасьцяў усіх народаў СССР і тварэньня зь іх новае сацыялістычнае нацыі, адменнае ад усіх існуючых сяньня народаў СССР, у тым ліку й ад расейскага народу, але працэс усебаковае русіфікацыі ўсіх нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. У пляне гэткай нацыянальнай палітыкі праводзіцца ў шырокім маштабе й русіфікацыя ўсіх нерасейскіх моваў Савецкага Саюзу, у тым ліку й беларускай мовы.
Узьнятая яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў кампанія супраць беларускае мовы ў БССР і палітыка ейнае русіфікацыі знайшлі сваё найшырэйшае сканкрэтызаваньне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С.Вольфсона й пры галоўным ягоным аўтарстве кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першае фазы гэтае кампаніі сталася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жнівеня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая, аднак, датычыла ня толькі правапісу, але й фанэтычных ды марфалягічных асаблівасьцяў беларускае мовы.
Ужыцьцяўляная ў Беларусі моўная палітыка адначасна праводзілася й сярод усіх іншых нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. Таксама як у Беларусі, яна ўзьнікла ў пачатку 30-ых і дасягнула свайго найвышэйшага пункту пад сярэдзіну 30-ых гадоў. Для абгрунтаваньня яе выкарыстоўвалася агульна абавязваючая ў СССР да 1950 году лінгвістычная тэорыя акадэміка Н.Я.Марра пра паўстаньне й разьвіцьцё моваў. Паводля гэтае тэорыі, мова - гэта клясавая зьява, і на працягу ўсяе гісторыі адбываецца рэвалюцыйны працэс скрыжоўваньня моваў, які вядзе да поўнага іхнага зьліцьця ў вадну мову на ўсім сьвеце. Пры гэтым Марр ня прызнаваў паходжаньня ад супольнае мовы-асновы сваяцкіх моваў, якія твораць сям'ю або групу моваў, але цьвердзіў, што спачатку ў розных мясцох незалежна ад сябе паўстала шмат моваў.
Гэтая першая фаза бальшавіцкае моўнае палітыкі ў дачыненьні да беларускае мовы грунтоўна разгледжаная ў вольным сьвеце д-рам Я.Станкевічам[ 1 1 Я.Станкевіч. Моўная палітыка бальшавікоў у Беларускай ССР. «Беларускі Зборнік» Інстытуту Вывучэньня СССР, кн. 2, Мюнхэн, 1955. Тое-ж у скарачэньні паангельску - The Language Policy of the Bolsheviks in the Belorussian SSR. «Bielorussian Review» of the Institute for the Study of the USSR. No. 1. Munich, 1955.
], а ў дачыненьні да ўкраінскае мовы - праф. В.Чапленкам і праф. Р.Смаль-Стоцкім[ 2 2 Васіль Чапленко. Більшовіцька мовна політика. Інстытут Вывучэньня СССР, Мюнхен, 1956. Roman Smal-Stocki. The Nationality Problem of the Soviet Union and Russian Communist Imperialism. Milwaukee, 1952.
], прычым апошні, аналізуючы грунтоўны працэс русіфікацыі ўкраінскае мовы, коратка спыняецца над такімі-ж працэсамі ўва ўсіх нерасейскіх мовах СССР, у тым ліку й у беларускай мове. Смаль-Стоцкі даводзіць свой разгляд бальшавіцкай моўнай палітыкі да канца 1950 году, калі была Сталінам адкінутая моўная тэорыя Марра, як ненавуковая й «вульгарызатарская», і была ўсанкцыянаваная ім новая моўная тэорыя аб будучай інтэрнацыянальнай сусьветнай мове й папярэдніх ёй занальных мовах[ 3 3 «Правда», 20.06.1950.
]. У 1950 годзе Сталін пісаў:
Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а із сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцна ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў[ 4 4 И.Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. Москва, 1950, б. 111-112.
].
Гэткім парадкам, паводля Сталіна, адна з прадбачаных ім занальных моваў павінна паўстаць у Савецкім Саюзе, зразумела, на базе расейскае мйвы. Савецкая моваведа ў далейшым больш прамоўчвае пытаньне занальных моваў, і наагул не распрацоўваецца яно ідэялягічна, а асноўны націск кладзецца на паўстаньне аднае сусьветнае мовы. Савецкі вучоны М.Каммары гэтак фармулюе гэтую праблему:
Читать дальше