Ваенныя законы — зрэшты, па абодвух бакох лініі акопаў — забаранялі якую-колечы палітычнасьць. Калі палякам уяўлялася гэта ўсяго фармальнай перашкодаю, якую трэба ўмела абысьці, дык у выпадку беларускай арганізатарскай мізэрнасьці — раўнялася прысуду. Архівы не выяўляюць нават дробнага сьледу нейкай патаемшчыны сярод грамадоўцаў, калі ня браць пад увагу іхных пачынаньняў са згоды камэнданцкай цэнзуры. У публікацыях „Гоману” прапагандавалася ідэя ўзнаўленьня Вялікага Княства Літоўскага, што свабодна зьмяшчалася ў рамках дапушчальнага; Бэрлін ня меў намераў далучаць Беларусь, задавальняючыся плянамі ўзьяднаньня сваёй колішняй прыбалтыйскай калёніі разам з Жамойцю ды рэстытуцыяй буфэрнага Польскага Каралеўства, каб забясьпечыць прускую правінцыю ад поўдня. Тая жменька дзеячаў, што засталася ў паднямецкай Вільні: браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Уладзіслаў Талочка, Казімер Салавей, Пётар Сьвятаполк-Мірскі сваю палітычную актыўнасьць фактычна засяроджвалі на складаньні мэмарыялаў для пераконваньня нямецкіх вярхоў адносна сэнсу аднаўленьня таго ж Вялікага Княства. Немцы слухалі, але не сьпяшаліся прызнаваць ім рацыю. За сьпінамі тых шаноўных дзеячаў ня бачылі яны шырэйшых грамадзкіх уплываў, значыць, і іхнай карыснасьці. Рэальная палітычная вартасьць асобаў спраўджвалася ў арганізацыі школаў, якіх — у параўнаньні з многімі сотнямі польскіх — налічвалася нешта пад дзевяноста (у самой Вільні — адна-аднюсенькая!). Акупанты выдалі забарону навучаць па-руску. Ініцыятыву адразу перанялі ксяндзы, забараняючы вернікам пасылаць сваіх дзяцей у беларускія —груба называючы іх такімі ж рускімі. Немцы ня ўмешваліся ў гэтую калатню, якая, дарэчы, аказалася ім карыснай. Захоўвалі нэўтралітэт.
Абуджаная да самастойнасьці Варшава глядзела на Беларусь як на тэрыторыю, на якую будзе пашырана ейная дзяржаўнасьць, сустракаючыся ў сваіх намерах з падтрымкай у маёнтках ды ў насычаных прыхільнасьцю да польскасьці рыма-каталіцкіх асяродзьдзях сялянскіх і плебэйскіх масаў.
Так фіналізавалася беларуска-польскае сужыцьцё на працягу стагодзьдзяў. Праваслаўныя адштурхоўваліся ў абдымкі Масквы.
Беларуска-польскія, як і беларуска-расейскія адносіны ўвайшлі ў новую фазу ў выніку ўзьнікненьня ідэі Беларускай Дзяржавы й спробы яе рэалізацыі ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў пачатку 1918 году. Пакуль тыя суадносіны адбываліса на ўзроўні міжкультурных, у першую чаргу, у сфэры літаратуры й мастацтва: мелі яны характар кантактаў паміж элітамі й даволі спарадычна даходзіла ў іх да канфліктаваньня, у грамадзкім пляне, зрэшты, малаістотнага, бо на інтэлектуальным узвышшы нашаніўскай пары выяўлялася яно ў палеміках з польскім і расейскім друкам, найбольш яскрава ў публіцыстыцы Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага ды іхных прыхільнікаў, а і ў паэзіі Янкі Купалы. Адначасна будавалася паразуменьне, з польскага боку экспанаванае Леанам Васілеўскім, Баляславам Ліманоўскім і іншымі сацыялістамі. Нямала паспрыяў гэтаму й малады Юзэф Пілсудскі напярэдадні ХХ стагодзьдзя. Падобныя эпізоды аднадумства зь некаторымі прадстаўнікамі расейскай новай палітычнай клясы гэтак жа скончыліся ў адзін гістарычны момант, з той розьніцай, што магчымае тут устанаўленьне вельмі дакладнай даты — гэта ноч зь сямнаццатага на васемнаццатага сьнежня 1917 году, калі бальшавікі разагналі ў Менску Першы Ўсебеларускі Кангрэс (дарэчы будзе зазначыць: арганізаваны зь іх жа згоды й пры іхнай фінансавай дапамозе).
Што выклікала такі паварот, ізаляванасьць далейшых імкненьняў беларусаў, якія дагэтуль карысталіся не такою й малою падтрымкай у высокакультурных асяродзьдзях Варшавы й Пецярбурга? Неабходна тут зьвярнуць увагу на факт абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, на прыняты 25 сакавіка 1918 году акт незалежнасьці Беларусі. Справа зусім ня ў тым, што была гэта дзяржава-эфэмэрыда, ініцыяваная пры талерантным маўчаньні дзесятай нямецкай арміі; ня йначай жа фармаваліся Летува, а нават Польшча, ня кажучы пра іншыя краіны Прыбалтыкі. Цуд прышэсьця вобразу Беларусі з вышыняў Парнасу да народу спарадзіў шокавы стан у грамадзкіх масах суседніх дзяржаўных утварэньняў, абсалютна непадрыхтаваных у сваёй гістарычнай сьвядомасьці да магчымай асобнасьці гэтай тэрыторыі — ад Дзьвіны да Прыпяці й ад Дняпра да Буга. Варшаўскі ўрад быў бы літаральна зьмецены з палітычнай сцэны праз пяць хвілінаў пасьля дыпляматычнага прызнаньня Менску; гэтак жа й пецярбурскі! Пры тым Польшча ясна ўсьведамляла сабе, што Расея ня згодзіцца на ейную самастойнасьць, дзеля якой патрэбная была аж ваенная катастрофа, поўны ўпадак царызму. У падрасейскім Польскім Каралеўстве сур’ёзныя палітыкі рабілі стаўку на аўтаномію, што ў Царскім Сяле прымалася як максымум пастулятаў палякаў.
Читать дальше