На хранометры лікі гадоў зліваюцца ў суцэльную белую стужку, нават стагоддзі мільгаюць — цяжка лавіць воку. Там, дзе паўднёвы бераг Балтыйскага мора, нешта белае пачало засцілаць экран. Гэта — ледавік. Вось ён напаўзае далей на поўдзень, а перад ім шырачэзнай хваляй разліваецца шэра-руды колер з рэдкімі зеленаватымі плямамі — колер тундры i халоднага стэпу.
Ледавік дайшоў амаль да сучаснай Вілейкі i спыніўся. Холад i вечная мерзлата прымусілі людзей адступіць на поўдзень. Пагаслі вогнішчы на тэрыторыях сучаснай Гомельшчыны, Браншчыны.
Але ў больш спрыяльных для жыцця раёнах Еўропы чалавецтва працягвала развівацца. I ў гэтым развіцці адбыліся важныя змены — сфарміраваўся краманьёнец, чалавек сучаснага тыпу.
Як толькі ледавік пачаў раставаць i пацяплела, на паўднёвых i паўднёва-ўсходніх землях цяперашняй Беларусі зноў з'явіліся людзі, Пачалася новая эпоха — эпоха позняга палеаліту.
На хранометры: 26 470 i 2З 430 гадоў — на беразе Сожа i Прыпяці ў гэты час існавалі Юравіцкае i Бердыжскае паселішчы познепалеалітычных паляўнічых на мамантаў.
Няма сумнення, што такіх паселішчаў было больш, але рэшткі іншых яшчэ не знойдзены археолагамі.
Штосьці зноў стала дрэнна відаць на машыне часу. Адлюстраванне расплываецца i затым знікае зусім. Толькі мільгаюць лічбы: 20000, 19 000, 18 000. ...I так ледзь не да самага канца палеаліту, бо гэты прамежак часу пакуль што зусім не даследаваны.
...Канец палеаліту i ранні мезаліт.
Зноў зялёны экран. Верхняя яго палова пакрыта безліччу блакітных плям самых розных памераў i формаў— гэта пасляледавіковыя азёры.
У той час паўднёва-заходняя i заходняя тэрыторыі Беларусі былі заселены плямёнамі паляўнічых i рыбакоў, што пакінулі пасля сябе помнікі свідэрскай культуры. «С'відэрцы» займалі таксама значныя тэрыторыі Украіны, Польшчы, нават Чэхаславакіі i Венгрыі.
У канцы палеаліту на наша Панямонне з паўночнага захаду праніклі невялікія групы носьбітаў прыбалтыйска-мадленскай культуры, але яны ў хуткім часе, як кажуць, «растварыліся» сярод мясцовага насельніцтва.
...Перад намі зноў той жа бераг Дняпра, дзе ў пачатку нашага з вамі падарожжа на машыне часу мы бачылі насарога. Зразумела, насарога таго няма. Ды i ўсе насарогі даўным-даўно вымерлі. I сам Днепр стаў некалькі вузейшы, але затое за прайшоўшыя тысячагоддзі ён значна паглыбіў сваё рэчышча, i таму бераг ракі ўздымаецца стромкімі ўступамі тэрас. На верхняй пачынаецца лясны гушчар. Ля самай вады цягнецца шыракаватая стужка пяску з лазняком. У лазняку стаіўся з дзесятак мужчын, узброеных дзідамі i цяжкімі доўбнямі. I пазіраюць мужчыны ўверх, дзе край гушчару. Яны кагосьці чакаюць, некага падпільноўваюць. Чужакоў? Падкручваем далычамер — i ўжо бачны ладны кавалак лесу паўз бераг. Хоць лес i густаваты, але не настолькі, каб не прыкмеціць, як паміж хвой i кустоўя рухаецца ў бок Дняпра доўгі ланцуг старых, жанчын i дзяцей. У ix руках паходні, палкі, бубны. Па адкрытых ратах, па ўзмахах рук з палкамі можна ўявіць, які лямант i грукат стаіць зараз у лесе. I ад гэтага шумліва-вогненнага ланцуга напалоханыя звяры імчаць да рачнога абрыву. А пад ім ужо чакаюць здабычу тыя ўзброеныя мужчыны...
Нам пашанцавала натрапіць на загоннае паляванне, але фіналу яго чакаць не будзем. Гэта — хрып забіваемых звяроў, хруст костак, кроў. A калі які стары дзіксякач у апошнім адчаі паверне на ланцуг загоншчыкаў? ...Бяромся за рэгулятар хуткасці.
У V тысячагоддзі да н. э., а верагодней у яго канцы, на поўдні Беларусі пачаўся новы каменны век. На поўнач неалітычныя традыцыі распаўсюдзіліся крыху пазней — у IV тысячагоддзі.
З'явіліся першыя керамічныя вырабы — гліняныя вастрадонныя гаршкі, паўсюдна ва ўжытку распаўсюдзіліся крамянёвыя сякеры.
Паспрабуем падгледзець падрабязнасці.
Запавольваем бег часу i змяншаем перспектыву. Візір кіруем на пэўнае месца, ну, напрыклад, на берагі возера Нарач.
Вось злева на экране водны блакіт з дробнымі грабянцамі пены на хвалях — ветрана. На правым краі таксама сінее возера — гэта Мястра. A між імі цягнецца зялёны пас сухога перашыйку з блакітнай стужкай пратокі ўпоперак. Пратока быццам звязвае азёры-сёстры. На поўдзень яе ашчацініўся хваёвы векавечны лес, на поўнач, над шырокай балацявінай, уздымаюцца невялікія пясчаныя груды з каржакаватымі рэдкімі хвоямі. Паўз берагі азёр i на балацявіне разлілася серабрыстая зеляніна вербаў i лазы. Шкада, што наша машына часу не ўзнаўляе гук. Мы б, пэўна, пачулі шум ветру ў вяршалінах дрэў i шоргат нарачанскіх хваль аб прыбярэжны пясок.
Читать дальше