Адкуль з'явіліся прышэльцы? Археолагі сцвярджаюць, што з паўночнага ўсходу. Адсюль носьбіты грабеньчата-ямачнай керамікі пачалі распаўсюджвацца на тэрыторыі сучаснай Эстоніі, Латвіі i Літвы. Яны нават дасягнулі нізоўяў Нёмана.
У Прыбалтыцы знойдзены пахаванні гэтага часу. Аналіз чалавечых касцякоў паказаў, што адна частка прышэльцаў мела выразныя мангалоідныя рысы, другая — еўрапеоідныя. Сустракаліся i змешаныя тыпы. Такім чынам, у расавых адносінах прышэльцы былі змешаныя, i сярод ix нярэдка трапляліся асобы, што па свайму знешняму выгляду былі вельмі падобныя на тых, з якімі нашы продкі праз чатыры з паловай тысячы гадоў сустрэліся на Калцы.
Даследаванні на поўначы Беларусі паказалі, што тып стаянкі ля Скемы не адзінкавы на гэтай тэрыторыі. Праз некаторы час былі знойдзены помнікі культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі ля вёскі Малмыгі Вілейскага раёна, на Лепельскіх i Ліснянскіх азёрах.
У Прыбалтыцы такіх помнікаў шмат, бо гэтая культура ў другой палове IІІ тысячагоддзя да н. э. тут мясцінамі з'яўлялася дамінуючай, i асабліва ў Эстоніі.
На Віцебшчыне i паўночнай Міншчыне было наадварот — на берагах азёр i рэк па-ранейшаму жылі мясцовыя плямёны нарвенскай культуры, а там-сям знаходзіліся раскіданыя рэдкія паселішчы нешматлікіх прышэльцаў. Гэта была апошняя хваля аднаго з «вялікіх перасяленняў» старажытнасці, якая, аслабленая, дакацілася да рэчак i азёр, што на сучаснай Віцебшчыне, i захлынулася ў мясцовым этнічным моры.
Пакуль што цяжка гаварыць аб узаемаадносінах паміж тубыльцамі i плямёнамі прышэльцаў. Напэўна былі i сутычкі, бо мясцовае насельніцтва не магло абыякава адносіцца да перасяленцаў, якія пачалі паляваць i лавіць рыбу ў тутэйшых лясах i азёрах. Але з цягам часу новыя людзі змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры i поўнасцю асіміляваліся.
Паспрабуем цяпер у агульных рысах сказаць пра каменны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Занятак гэты не з лёгкіх. Уявіце сабе працу рэстаўратара старадаўняй фрэскі: на сценах засталіся толькі невялікія фрагменты пафарбаванай тынкоўкі, таму малюнак ледзь згадваецца i рэстаўратару даводзіцца ў друзе пад сцяной вышукваць патрэбныя кавалачкі, падклейваць ix да фрэскі, i вось ужо праступаюць дэталі, угадваецца кампазіцыя. Але многіх кавалкаў яшчэ не хапае i невядома, ці будуць яны калі-небудзь знойдзены — можа, беззваротна зніклі, здрабніліся ў пыл.
Вось так i з агульнай карцінай каменнага веку. Мы ўжо ведаем яго этапы, улавілі напрамак развіцця, пазнаёміліся з сутнасцю цэлага шэрагу культур, якія пакінулі нашы далёкія продкі. Але засталося шмат чаго яшчэ невядомага. I нявысветленых, загадкавых пытанняў у археалогіі засталося, мусіць, не менш, чым пытанняў вырашаных. Але навука няспынна развіваецца, i новыя адкрыцці кожны год запаўняюць існуючыя пустоты ў нашых ведах. Праўда, новыя адкрыцці адначасова, бывае, нараджаюць i новыя пытанні, але яны ўжо, як правіла, не па кардынальных праблемах, а па дэталях. Гэта як на той фрэсцы: якую форму мела вуха ў адной з фігур або ў што гэтая асоба была абута.
Дык вось. Націснем пускавую кнопку на машыне часу. Сачыце за экранам!
А на экране нічога не відаць, быццам хто яго засланіў. Падкруцім дальнамер. Ды гэта ж валасаты насарог! Вось ён ужо бачны зводдаль — стаіць на беразе нейкай вельмі шырокай ракі i п'е з яе ваду. Тырчаць у жывёліны на носе два вострыя рогі — адзін з метр даўжынёй, другі меншы. Пагрозліва зіркаюць злосныя вочы. Не, лепей з ім не сустракацца на адной сцяжыне.
А за пясчаным берагам падымаецца густы сасновы бор. I каб не гэты насарог, можна было б у першы момант падумаць, што на экране сучасны бераг Дняпра недзе пад Лоевам. Але на хранометры ўнушальны лік—
100 000 гадоў таму назад. А рака — старажытны Дняпро, або Пра-Дняпро, як яго цяпер называюць геолагі.
Блішчаць на сонцы дробныя рачныя хвалі. На небе кучаравяцца воблакі. Адчуваецца спёка. А насарог усё п'е. Колькі ж яму трэба той вады?
Не, з такімі тэмпамі мы мала што ўбачым. Трэба пераключаць хуткасць i павялічваць перспектыву.
I вось на экране ўжо велізарная панарама — ад Балтыйскага мора аж да ўкраінскіх стэпаў i ад вярхоўяў Волгі да Віслы. I спрэс суцэльная зеляніна, толькі, як артэрыі на чалавечай руцэ, малапрыкметна сінеюць тонкія жылкі рэк.
Сярэдняе Падняпроўе, Прыкарпацце i басейн Дзясны заселены першабытнымі людзьмі. Рэдкія паселішчы ў адзін ці два буданы туляцца на ўзлесках па рачных берагах. Дымяцца вогнішчы. Нейкія дымкі бачны i на тэрыторыі сучаснай паўднёва-ўсходняй Беларусі. Гэта гараць цяпельцы, а навокал ix грэюцца каржакаватыя дужыя людзі — неандэртальцы. Вочы ў ix вельмі падобныя на нашы, але якія вяпікія надброўныя дугі, ну, нібы стрэшкі, празмерна пакатыя лбы. Сядзяць першабытныя паляўнічыя, аглядаюць лясную мясцовасць, a ў ix вузлаватых руках крамянёвыя секачы i абсмаленыя доўбні. Можа тут дзе былі i ix паселішчы, рэшткі якіх пакуль што не знойдзены археолагамі. Але на экране шмат нейкіх цьмяных плям. Ніяк не разгледзець падрабязнасцей.
Читать дальше