У Зацэнні праводзіліся i некаторыя раскопкі, але капаць тут вельмі цяжка, бо культурны пласт заліваецца тарфяной вадой.
Знойдзеная на гэтым помніку кераміка шмат якімі рысамі нагадвае ранненеалітычныя матэрыялы з украінскага Падняпроўя, з заходняй Беларусі i паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі. Менавіта ў Прыбалтыцы знойдзены бліжэйшыя аналогіі вырабаў з костак i рагоў.
Больш-менш такая ж, як i ў Зацэнні, кераміка знойдзена ў іншых месцах Паазер'я — ля вёскі Сосенка на
Віліі, Бабінавічы Лёзненскага, Лаўкі Чашніцкага раёнаў. Але паколькі ўсе гэтыя стаянкі на пясках, то там не захавалася знаходак з арганічных рэчываў. Такім чынам, мы маем падставу сказаць, што ў раннім неаліце беларускае Падзвінне, значную частку верхняй Віліі i Бярэзіны Дняпроўскай займалі плямёны з аднолькавай культурай, якая Мела шмат агульнага з іншымі тагачаснымі культурамі на тэрыторыях рэспублікі, паўночнай Украіны i паўднёва-усходняй Прыбалтыкі.
Улічваюцы найбольшае падабенства з прыбалтыйскімі матэрыяламі, дзе ў той час былі распаўсюджаны помнікі так званай нарвенскай культуры, мы, хоць i з пэўнай перасцярогай, i сучасную паўночную частку Беларусі ўключаем у яе арэал, вылучаючы тут асобны крывінскі варыянт нарвенскай культуры.
Трэба было даведацца, калі існавалі ў Паазер'і ранненеалітычныя плямёны. Для гэтага з культурнага пласта паселішча Зацэнне ўзялі вугаль i зрабілі аналіз. I тады аказалася, што чалавек тут упершыню пасяліўся ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., гэта значыць, каля пяці з паловай тысячагоддзяў таму назад.
У III тысячагоддзі да н. э. з ужытку людзей паазерскіх стаянак знікаюць рагавыя свідраваныя матыкі i долатападобныя прылады з трубчастых костак. У гэты час па невядомых яшчэ нам прычынах тутэйшыя жыхары пачынаюць ужываць кераміку, сценкі якой выраўноўваліся малаточкамі. У арнаментацыі гліняных вырабаў грабянцовыя адбіткі адыходзяць на другі план, саступаючы месца розным насечкам, наколкам i нават пракрэсленым рысам.
З канца III — пачатку II тысячагоддзя ў «гаршкалепнай» справе на тэрыторыі сучаснага Паазер'я зноў наступаюць змены. Асартымент керамічных вырабаў павялічыўся: апрача гаршкоў, з'явіліся міскі, кубкі, мініяцюрныя пасудзінкі. Сценкі посуду пачалі густа штрыхаваць, зверху наносіўся арнамент з частых паскаў адбіткаў розных штампаў, завостраных палачак, пласткоў, грабянца, трубчастых костак. У гэты час сустракаюцца i гіласкадонныя гаршкі, арнаментаваныя спрэс або толькі ўверсе.
Тарфянікавыя помнікі ІІІ i II тысячагоддзяў характарызуюцца незвычайным багаццем рэчаў з рога, костак, дрэва. Але пералічваць ix не будзем, бо менавіта пра гэтыя знаходкі мы ў асноўным i гаварылі, калі характарызавалі матэрыяльную культуру неалітычнага насельніцтва на сучаснай тэрыторыі нашай рэспублікі.
Важна адзначыць, што ў першай палове II тысячагоддзя да н. э. сюды пранікаюць моцныя ўплывы з Падняпроўя. Гэта тлумачыцца перасяленнем на поўнач часткі дняпроўскага позненеалітычнага насельніцтва. Крыху пазней тут з'явіліся i плямёны культуры шнуравой керамікі.
Калі матэрыялы III тысячагоддзя ўсё яшчэ маюць характэрныя рысы нарвенскай культуры, то для першай паловы II тысячагоддзя археолагі палічылі патрэбным Ьылучыць у нашым Падзвінні асобную паўночна-беларускую культуру, пачаткі якой адносяцца яшчэ да новага каменнага веку, а далейшае развіццё праходзіла ўжо ў наступную эпоху — бронзавым веку.
Помнікі нарвенскай i паўночна-беларускай культур на Паазер'і трапляюцца паўсюдна, але найбольш вядомыя знойдзены на Крывінскім тарфяніку якраз на мяжы Сенненскага i Бешанковіцкага раёнаў. Тут паміж вёскамі Галоўск i Асавец спрадвеку было непраходнае балота, праз якое пятляла павольная, але глыбокая рэчка Крывінка.
Ужо ў савецкі час, у 30-х гадах, балота пачалі асушваць. Праз нейкіх 700 м на паўночны захад ад Галоўска землякопы сустрэлі рэшткі неалітычнага паселішча. Сабраныя матэрыялы — некалькі гліняных чарапкоў i костак трапілі да вядомага нашага балатазнаўца У. С. Дактуроўскага, а затым былі перададзены археолагу К. М. Палікарповічу, які пазней пачаў даследаваць помнік. Раскопкі праводзіліся ў 1934 i 1939 гадах i далі шмат цікавых матэрыялаў, але калекцыі ў час вайны былі вывезены ў Германію, а назад вярнуліся толькі ў нязначнай колькасці.
Пасля вайны раскопкі працягваліся. За ўвесь час даследавання помніка было раскапана больш як 500 квадратных метраў i атрымана каля 10 000 розных знаходак — керамікі, вырабаў з костак, рога, дрэва i каменю.
Читать дальше