* Ад нейкага часу парадненьне полацкага князя Ізяслава зь кіеўскім князем Уладзімірам Сьвятаславічам дый узалежненьне Полацкага княства ад Кіева робіцца на аснове гэтак званай «пячаткі Ізяслава Ўладзіміравіча». Яна была знойдзеная ў Ноўгарадзе пры архэалягічных раскопках. На ейным пярэднім баку выступае стылізаваны малюнак, які нагадвае ведамы трызуб кіеўскіх князёў (цяпер існуе тэорыя, што родавыя знакі кіеўскіх князёў сымбалізаваліся не трызубам, а сокалам). Ён складаецца з простых геамэтрычных лініяў, нагадваючы контуры будыніны, прастакутная страха якой спушчаная ўніз. Утвораныя гэтым трыкутнікавыя рагі выступаюць у форме вонкавых зубоў. Сярэдні зуб, які крыху выступае ўверсе й апушчаецца да ніжняе лініі будыніны, мае ўнізе форму стылізаванага збанка, а ўверсе закончваецца крыжам. Вонках гэтага малюнку ў верхняй частцы пячаткі захаваліся літары ОЗО і NЗАС. На адваротным баку пячаткі таксама захаваліся літары ГРАД (апошняе Д больш нагадвае Л). Савецкія гісторыкі, асабліва В.Янін, уважаюць, што гэты стылізаваны малюнак «находит свое место в эволюционном ряду знаков ближайших потомков Владимира Святославича», а спалучэньне літараў NЗАС ... ОЗ (О) як бы адлюстроўвае імя Ізяслава. Аднак, па-першае, спалучэньне літараў NЗАС неяк не нагадвае імя Ізяслава, бо ў Х-ХІІІ стагодзьдзях літара N значыла літару Н, а ня И. Па-другое, сам малюнак пячаткі вельмі цяжка ўплятаецца ў сыстэму «трызубаў» кіеўскіх князёў. Найбольш ён можа адлюстроўваць контуры царквы ці «царскіх варотаў» у царкве, стылізаваную форму крыжоў тыпу Барысавых і Рагвалодавых камянёў або бізантыйскіх манэтаў, а можа проста быць складаным знакам-подпісам. З нацяжкай можна дапусьціць, што тое літарнае спалучэньне запраўды значыць імя Ізяслава. Але апошнім мог быць, прыкладам, Ізяслаў Яраславіч, што ў 1052-1054 гадох княжыў у Ноўгарадзе, або Ізяслаў Мсьціславіч, які ў выніку часовага падбіцьця Кіевам Полацкага княства ў 1129-1132 гадох княжыў у Полацку, а пасьля (1146-1154) быў вялікім кіеўскім князем. Ён быў цесна зьвязаны таксама з Ноўгарадам. Ягоны сын Яраслаў у 1148-1154 гадох княжыў у Ноўгарадзе дый сам Ізяслаў Мсьціславіч дзесьці блізу 1148 году выдаў адмысловую грамату ноўгарадзкаму Панцялейманаву манастыру, пячатка якой можа быць тэй пячаткай, пра якую тут гаворка.
Дарэчы, усе дасюль ведамыя пячаткі сыноў Уладзіміра Сьвятаславіча, а таксама сыноў Яраслава Ўладзіміравіча былі пячаткамі гэтак званага «греко-русского типа». На іх абавязкава быў адбітак вобразу таго ці іншага сьвятога, імя якога адпавядала хрышчонаму імю таго ці іншага князя зь сям'і кіеўскіх князёў; на гэтых пячатках адбівалася таксама й адпаведнае паганскае імя. Аднак усе напісы на іх былі ў грэцкай мове. Гэтым тыпам пячаткі карыстаўся яшчэ Ўладзімір Манамах, што княжыў у Кіеве ў 1113-1125 гадох. Толькі выраз «Господи, помози рабу своему...» ён пачаў адбіваць у славянскай мове. Як жа ў такім выпадку на пячатках полацкага князя Ізяслава - «сына Ўладзіміра й Рагнеды» - маглі зьявіцца надпісы ў славянскай мове? Ён жа жыў у атмасфэры найбольшых бізантыйскіх культурных і палітычных уплываў і больш, чымся Ўладзімір Манамах, павінны быў карыстацца гэтай пячаткай «греко-русского типа», пячаткай, агульнай у тым часе для ўсіх кіеўскіх князёў.
Найбольш праўдападобна, што гэтая пячатка, якая быццам бы «принадлежала старшему сыну Владимира Святославича - Изяславу, который жил в последней трети Х в. и княжил в Полоцке», проста была пячаткай Вялікага Ноўгараду. «Вялікім» ён пачаў звацца крыху пасьлей - ад ХІІ і асабліва ад ХІІІ стагодзьдзя, што й адлюстравалася на ягоных пячатках гэтага часу: «Печать Великого Новагорода» з рыцарам, зьверам ці з птушкаю на пярэднім баку пячатак. Крыху ранейшай пячаткай Ноўгараду магла быць пячатка з стылізаванымі контурамі царквы ці «царскіх варотаў» у саборы, пры гэтым яшчэ з надпісам на другім баку: ГРАД ці, калі дадаць зацертыя часам літары, - НОВОГРАД.
І Рагнеда вярнулася ў Полацак не таму, што быццам на просьбу баяраў («уже не убии ея детяти деля сего, но воздвигни отчину ея и даи еи с сыном своим») яна была высланая сюды самым Ўладзімірам. Ня можна ўявіць Уладзіміра нагэтулькі сантымэнтальным, каб з прычыны сьлёзаў «паланянкі» ці гэтага заступніцтва баяраў ён мог згадзіцца на адасабленьне ад Кіеўскай Русі Полацкага княства, раней «заваяванага» ім. Ўладзімір якраз і вызначаўся сваёй палітыкай узбуйненьня Кіеўскае Русі й наданьня апошняй нейкае дзяржаўна-палітычнае цэласьці. Калі ён, як гэта згадваецца ў летапісах, зьвярнуў Рагнедзе ейную «отчину», дык на гэта павінны былі быць нейкія паважныя прычыны.
Читать дальше