«Отметим также, что в наше время, говоря о Руси, историки обычно преуменьшивают значение Полоцка и противопоставляют только Киев и Новгород как два главных города. Между тем, с точки зрения героев Эймундовой саги, вся Русь делилась на три части - Новгород, Полоцк и Киев. В связи с этим понятно, почему в ХІ в. Софийские соборы имелись только в этих трех городах и нигде больше, что отражает соперничество трех центров даже в области церковного строительства»[25].
Гісторыю Полацкага княства Абэцэдарскі наагул абыходзіць поўным маўчаньнем. Замест таго, каб хоць крыху зазірнуць у гэтую гісторыю, ён працягвае паўтараць сваю зацяганую «праўду»:
«Палітычная гісторыя заходніх зямель Русі таксама была неаддзельнай ад палітычнай гісторыі ўсёй Старажытнарускай дзяржавы. У паходах кіеўскага князя Алега на Візантыю прымалі ўдзел і воіны заходнерускіх зямель. Пераможаная Візантыя была вымушана даць «уклады» (дань) шмат якім старажытнарускім гарадам, у тым ліку і Полацку. Жыхары заходніх зямель Русі ўдзельнічалі ў абароне паўднёвых земляў Старажытнарускай дзяржавы ад нападаў качэўнікаў-печанегаў. У 1068 г. кіяўляне, паўстаўшы супраць вялікага князя Ізяслава, пасадзілі на вялікакняжацкі прастол полацкага князя Ўсяслава» (б.12-13).
Перш-наперш няма ніякіх падставаў улучаць Полацкае княства ў склад Кіеўскай Русі за часамі Алега (882-912) ці нават яшчэ раней. Такога паходу Алега на Бізантыю ў 907 годзе, пра які тут кажа Абэцэдарскі, зусім не было. Бізантыйскія крыніцы, якія занатоўвалі ўсе іншыя набегі Русі, пра гэты «пераможны» паход Алега ня ведаюць, дый у «Повесть временных лет» ён трапіў як фантазія летапісца, складзеная з элемэнтаў іншых набегаў на Бізантыю тае ж Русі й Баўгарыі[26]. Значыцца, не магло браць удзелу ў гэтым паходзе й Полацкае княства. З гэтае прычыны яно не магло й скарыстаць з тых «пераможных укладаў», якія быццам бы тады былі накінутыя Алегам Бізантыі. Некалі яшчэ А.А.Шахматаў, дапушчаючы магчымасьць існаваньня аднае гандлёвае ўмовы з 907 году, паставіў пад пытаньне праўдзівасьць гэтых «пераможных» паходаў Алега й ягоных «укладаў» зь Бізантыяй ды давёў, што ўлучэньне ў гэтую афэру Полацку, Растова й Любеча было звычайным «домыслом составителя "Повести временных лет"». Пасьля да падобнае думкі прыйшоў і савецкі гісторык А.Н.Насонаў[27], а зусім нядаўна паўтарыў яе іншы савецкі гісторык В.А.Кучкін, зазначаючы, што, прыкладам, Растоў ня мог браць удзелу ў гэтым паходзе Алега ўжо толькі з тае прычыны, што ён тады яшчэ не йснаваў[28].
Дарэчы, за часамі Алега не йснаваў таксама і Пераяслаў, аднак аўтар «Повести временных лет» улучае і яго ў гэтыя Алегавы «ўклады». Акрамя таго ў Любечы ніколі не было «вялікага князя», але той жа аўтар, як у выпадку Полацку, Растова, Пераяслава й Чарнігава (Ноўгарад наагул адсутнічае), і ў Любечы садзіць «вялікага князя» ды «ўзалежнівае ад Алега» «вялікіх князёў» усіх гэтых гарадоў («по тем бо городом седяху велиции князи под Олгом суще»).
Трэба тут яшчэ нагадаць і пра той факт, што няма гутаркі пра Полацак у гандлёвых умовах Кіеўскае Русі зь Бізантыяй 912 і 944 гадоў; ня згадвае пра Полацак і бізантыйскі імпэратар Канстантын Парфірагенэт, хоць у сваёй ведамай працы ён і пералічвае ўсе залежныя ад Кіева гарады. Дарэчы, у другой палове Х стагодзьдзя Полацкае княства жыло сваім незалежным палітычным жыцьцём) пра што будзе гутарка ніжэй. Як вынікае, незалежным яно было і ў першай палове гэтага Х стагодзьдзя. Шмат якія савецкія гісторыкі, у тым ліку А.Н.Насонаў, М.І.Артамонаў і В.Т.Пашута[29], канстатуюць, што за часамі Алега й пасьля Кіеўская Русь абмяжоўвалася да земляў сьціслае Кіеўшчыны й Ноўгарадчыны. Яе тэрытарыяльны рост прыпадае толькі на часы княжаньня Сьвятаслава Ігаравіча й ягонага сына Ўладзіміра, пра што сьведчыць і «Повесть временных лет». Для ранейшых часоў, прыкладам, Пашута дапушчае йснаваньне нейкага незалежнага дзяржаўнага аб'яднаньня («хаўрусу плямёнаў») з цэнтрам у Полацку.
Між іншага, у «Повести временных лет» пра Полацак згадваецца яшчэ пад 862 годам, г.зн. раней за княжаньне Алега. Тут ідзе гаворка пра тое, як Рурык быў пакліканы ў Ноўгарад ды раздаваў «мужем своим грады: овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро». Пад 980 годам зноў паведамляецца, што «бе бо Рогволод пришел из заморья» й «имяше власть свою в Полотьске». Як можам канстатаваць, тут фактычна паўтараецца адна і тая ж легенда пра «вараскае» валоданьне ў Полацку: і пакліканы «вараг» Рурык тут садзіць «свайго мужа» і Рагвалод прыходзіць «из заморья». Згадваецца таксама й пра той жа Растоў, які, згодна В.А.Кучкіна, быў заснаваны толькі ў канцы Х ці пачатку ХІ стагодзьдзя. Зноў жа, гістарычна даведзена, што гэтак званыя варагі-русы аселі на ўсходзе Эўропы куды раней, а гэта недзе на пачатку ІХ стагодзьдзя, пра што сьведчаць шмат якія крыніцы, у тым ліку й арабскага паходжаньня[30].
Читать дальше