Таму можна пэўна сказаць, што занатаваныя ў летапісах палітычныя прэтэнзіі Кіева да Полацкага княства, у тым ліку й выстаўленьне полацкага князя Ізяслава ў якасьці сына Ўладзіміра Сьвятаславіча, былі вынаходзтвам летапісцаў пачатку ХІІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь стаяла на парозе поўнага развалу і тым жа часам узмацнілася ейная агрэсія супраць Полацкага княства або ягоных паасобных земляў.
Межы Полацкага княства
Тут трэба падкрэсьліць, што тагачаснае Полацкае княства не абмяжоўвалася да сяньняшняе сьціслае Полаччыны, як гэта намагаюцца падаць савецкія гісторыкі, у тым ліку і Л.В.Аляксееў у сваёй згадванай вышэй працы «Полацкая зямля». Апрача сьціслае Полаччыны, да якое тады належалі таксама Дзьвінск, Рэжыца, Люцын, Себеж і Невель, у Полацкае княства ўваходзілі яшчэ землі: Усьвятчына й Віцебшчына да возера Каспля на ўсходзе; пазьнейшыя Магілеўшчына й Рагачоўшчына да Дняпра й да ўтоку Бярэзіны ў Дняпро; Бабруйшчына й Меншчына да Слуцку й Капыля; Слонімшчына, Ваўкавышчына, Гарадзеншчына й пасьлейшая Беласточчына, а таксама Наваградчына, Вялейшчына ды, праўдападобна, Віленшчына. Апрача таго, валоданьні Полацкага княства заглыбляліся ў сяньняшнюю Лацьвію ўздоўж Дзьвіны, і ад яго залежалі таксама старажытныя ліцьвіны.
Пералічаныя тут заходнія беларускія землі ў гістарыяграфіі розных кірункаў звычайна вылучаюцца з складу Полацкага княства ды далучаюцца да Кіеўскай Русі. Гэта робіцца галоўна на аснове таго, што ў ХІІІ стагодзьдзі на гэтыя землі прэтэндавала Галіцка-Валынскае княства, а таксама што ў паходзе 1127 году злучаных сілаў Кіеўскае Русі супраць Полацкага княства ўзяў удзел «Всеволодка из Городна» (у Лаўрэнцеўскім і Гіпацеўскім летапісах ён называецца яшчэ «Всеволодко из Городка» й «Всеволодко Городецькый»). Калісьці яшчэ ўкраінскі гісторык М.Грушэўскі пісаў у «Гісторыі Ўкраіны-Русі», што гэты Ўсевалодка, сын Давіда Ігаравіча, княжыў ня ў Горадні над Нёмнам, а ў Горадні, што ляжала на поўдзень ад Прыпяці. Разам з Дубровіцай яе якраз і атрымаў гэты Ўсевалодка Давідавіч. Гэтая Горадня цяпер мястэчка ці вёска Гарадная, што ляжыць на ўзмежжы БССР на аднолькавай адлегласьці ад Століна й Дубровіцы. Як бачна зь гістарычнай карты Вялікага Княства Літоўскага, складзенай польскім гісторыкам Янам Якубоўскім, пад назовам Горадня (Городно) у ХVІ стагодзьдзі яна была яшчэ невялікім гарадком[33].
Дарэчы, як сьцьвярджаецца ў летапісах, гэты Ўсевалодка Давідавіч быў падручным вялікага кіеўскага князя, г.зн. поўнасьцяй залежаў ад яго й прыходзіў яму на дапамогу пры першым пакліканьні. Гэтага аднак не магло б быць, калі б Ўсевалодка запраўды княжыў у Горадні над Нёмнам.
Аўтар «Слова пра паход Ігаравы» таксама згадвае пра «городеньские трубы», якія аплаквалі князя Ізяслава й ягоную дружыну, што былі «притрепаны литовскыми мечи». Але гэты Ізяслаў тут выразна выступае сынам полацкага князя Васількі і праўнукам «слаўнага дзеда» Ўсяслава Чарадзея. Уладзімір Пічэта ў сваёй працы «Полацка-Менскае княства», што была зьмешчаная ў «Очерках истории СССР» выданьня 1953 году, таксама пісаў, што яшчэ ў 1102 годзе полацкі князь Барыс Усяславіч ваяваў супраць яцьвягаў. Паход гэты ён мог ажыцьцявіць, маючы толькі за сабой моцнае заплечча, і магчыма з тае ж Горадні. З свайго боку Пётра Дузбурскі ў сваёй «Прускай кроніцы» сьцьвярджаў, што ў 1221 годзе «Рутэны» напалі на прускі горад Рагніту й доўга трымалі тут аблогу[34]. Дарэчы, і Адам Брэменскі, які напісаў сваю кроніку каля 1075 году, таксама гэтых Рутэнаў ці Ruzzos памяшчаў на мяжы з Прусамі[35].
Згадваючы пра гэтае паведамленьне Пётры Дузбурскага, савецкі гісторык В.Т.Пашута, не знайшоўшы якіх-колечы вестак пра пранікненьне на межы старажытнае Прусіі Галіцка-Валынскага княства, абегла зазначае, што «вероятно» паход супраць Рагніты быў арганізаваны «смоленскими князьями»[36]. Можна, ведама, далучыць сюды яшчэ і «владимиро-суздальских князей», але, як сьцьвярджаў той жа Пётра Дузбурскі, гэты горад Рагніта ляжаў на ўзьмежжы з «Рускім каралеўствам» ды й сама Прусія мяжавалася зь «зямлёй Рутэнаў». Тэрмін «Рутэны» нас не павінны бянтэжыць, бо, прыкладам, і Генрык Лівонскі ў сваёй ведамай кроніцы называе Полацкае княства «Рускім каралеўствам».
Што ж да згадваных вышэй прэтэнзіяў Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі, дык тут можна сказаць наступнае. У летапісах няма ніякіх звестак пра гэтыя прэтэнзіі пры канцы ХІІ і на пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Затое ў іх паведамляецца, што тады тут княжылі незалежныя князі - Ізяслаў Наваградзкі, Глеб Ваўкавыскі, Ізяслаў Сьвіслацкі, якія якраз узялі актыўны ўдзел у станаўленьні маладога Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, гэтыя прэтэнзіі Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі выявіліся ў часе ўзьніклае вайны між галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам і Міндоўгам, а таксама ў часе паходаў супраць Вялікага Княства Літоўскага ў 1258-1259 і 1276-1277 гадох татара-мангольскіх ваяводаў Бурундуя й Мамшэя. Аднак жа з гэтых падзеяў чыста агрэсыўнага характару неяк не выпадае, дый нелягічна выводзіць нейкую папярэднюю «прыналежнасьць».
Читать дальше