Вось чаму клуб "Спадчына" сумесна з мастаком Яўгенам Ціхановічам узяў такую смеласць стварыць партрэты тых, хто выпраменьвае святло нашага нацыянальнага Адраджэння. Я не ведаю наконт іншых партрэтаваных, але гэта быў першы партрэт Міколы Ермаловіча, зроблены таленавіта, па-мастацку адным са старэйшых і знакаміцейшых мастакоў Беларусі, які быў у ліку заснавальнікаў сямейнай дынастыі беларускіх мастакоў (5 чалавек). Гэта быў мастак, які на працягу ўсяго жыцця быў таксама гнаны і праследуемы, то за свайго цесця
Уладзіслава Галубка, то за тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў у акупіраваным немцамі Мінску. Вось чаму ён знайшоў у клубе "Спадчына" не толькі паразуменне, але стаў паважаным, запатрабаваным і дзейсным.
Мікола Іванавіч з вялікай павагай і ўдзячнасцю аднёсся да незвычайнага мерапрыемства, да ўшанавання яго як асобы творчай. Ён палічыў, што гэта быў яму зроблены каралеўскі падарунак (не царскі, бо цары толькі адсякалі галовы беларусам ці адпраўлялі іх на шыбеніцы). Да партрэта ён напісаў: "Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы як свайго сцягу, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце. Мікола Ермаловіч". Гэтыя словы знакамітага гісторыка мастак Яўген Ціхановіч каліграфічна выпісаў на полі гравюры. Гэты дэвіз гісторыка сведчыць аб усім сэнсе жыцця Міколы Іванавіча.
Знаходзячыся пад моцным уплывам гістарычных поглядаў Міколы Іванавіча, я вырашыў як мага шырэй папулярызаваць яго навуковую канцэпцыю. Выбраў і форму папулярызацыі: стварэнне радавода полацкіх князёў і князёў ВКЛ, дзе імкнуўся паказаць, што род Гедымінавічаў паходзіць ад полацкіх князёў. Гэтай думкай я падзяліўся з Міколам Іванавічам. Ён ухваліў яе, але заўважыў, што за такія навуковыя "смеласці" мяне будуць моцна біць усе тыя, хто біў яго. Я адказаў, што не баюся іх звягання і як-небудзь змагу адбіцца ад іх. Тады Мікола Іванавіч, пераканаўшыся, што я не адступлюся ад сваёй задумы і гатовы яе здзейсніць, паабяцаў мне, што калі на мяне пачнуцца нападкі з боку далакопаў Бацькаўшчыны, то ён таксама не застанецца ўбаку, а ўсімі сіламі пачне абараняць мяне.
Атрымаўшы падтрымку ад такога надзейнага і вельмі адказнага за свае словы чалавека, я прыступіў да гэтай навуковай працы. Працаваў каля паўгода. І вось я, Алесь Цыркуноў і Мікола Іванавіч сабраліся ў маім кабінеце (102-і пакой філасофска-эканамічнага факультэта БДУ, вул. Кірава, 31). Я паказаў М.І.Ермаловічу сваю навуковую распрацоўку і вычарчаную схему радавода. Мікола Іванавіч уважліва яе праглядзеў і зрабіў толькі адну заўвагу, якую я тут жа паправіў. Ён ухваліў радавод. Я аддаў радавод мастаку Алесю Цыркунову, каб ён намаляваў яго. Алесь Цыркуноў працаваў у суседнім пакоі. Дзякаваць Богу, што ў той час я меў такую магчымасць.
Праз два тыдні карціна-радавод, памерам 250 х 212 см была выканана. 1 лістапада 1994 года ў газеце "Чырвоная змена" паявіўся велізарны здымак гэтага радавода з указаннем прозвішчаў усіх князёў змешчаных на ім. А 30 снежня на Мінскай фабрыцы каляровага друку быў выдрукаваны плакат-каляндар накладам 20000 паасобнікаў і дастаўлены па месцу назначэння.
Можна без перабольшання сказаць, што такога багацця Бацькаўшчына ўжо даўно не атрымлівала. 4 студзеня 1995 года ў тым жа 102-м пакоі філасофска-эканамічнага факультэта БДУ мы сабралі пасяджэнне клуба, запрасілі на яго Міколу Ермаловіча і зрабілі прэзентацыю выхада ў свет плаката-календара. Яго радасць была бязмежная і не толькі таму, што на радаводзе значылася, што ён зроблены па распрацоўках Міколы Ермаловіча, а найбольш таму, што яго навуковыя ідэі становяцца запатрабаванымі, выдаюцца велізарным накладам і могуць вісець на сцяне "У кожнай сялянскай аграбленай хаце…" і стаць падручнікам па роднай гісторыі і забаўкаю для "дзетак патомных".
Па просьбе Міколы Іванавіча я пераслаў гэты каляндар — радавод ва ўсе Акадэміі навук, ва ўсе вядучыя бібліятэкі рэспублікі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, шматлікай арміі гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, рэдакцыям беларускіх газет і часопісаў. Толькі газета "Звязда" 26 студзеня 1995 года надрукавала здымак гэтага радавода, і часопіс "Беларусь" змясціў яго на развароце. Пасля я перадаў гэты радавод у іншым фармаце, і гэты часопіс змясціў на развароце і новы радавод. Усе ж навукоўцы, акадэміі, інстытуты захоўвалі "гордое молчание". Мікола Іванавіч нават здзівіўся гэтаму і запытаў у мяне: "Чаму ж яны маўчаць? Мяне дык вельмі актыўна білі, а цябе, як быццам бы, шкадуюць, не чапаюць". Я не магу і цяпер даць на гэта нейкае тлумачэнне. Але мне здаецца, што проста змяніўся час і выстаўляць сябе адкрытым ветрагонам ужо нікому з былых далакопаў не хацелася.
Читать дальше