З прамовай на прэзентацыі кнігі выступіла шмат вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага Адраджэння. Сярод іх быў і Мікола Іванавіч Ермаловіч. Ён даў высокую адзнаку гэтай кнізе і адзначыў, што з'яўленне ў наш час такой кнігі — гэта вялікая падзея.
2 ліпеня 1998 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў вечарыну, прысвечаную 745-м угодкам з дня каранацыі Міндоўга на караля Літвы і Русі. Гэта была любімая тэма Міколы Ермаловіча, таму і даклад яго быў цікавы і змястоўны. Выступалі прафесары Я.А.Юхо і Г.В.Штыхаў.
5 снежня 1998 года сябры клуба "Спадчына" наведалі майстэрню вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, які ўзяўся зрабіць помнік першаму народнаму артысту Уладзіславу Галубку. Сярод сяброў клуба быў і Мікола Ермаловіч. Тэма Галубка, тэма беларускага тэатра яго вельмі хвалявала і цікавіла. Ён прыняў самае актыўнае абмеркаванне ў разглядзе тых двух праектаў помніка, якія паказаў нам скульптар. Але гэтыя праекты не задаволілі ні Міколу Іванавіча, ні астатніх наведвальнікаў майстэрні.
11 снежня 1998 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў прэзентацыю свайго чарговага альманаха "Скрыжалі "Спадчыны" — 3". Актыўны ўдзел у прэзентацыі кнігі браў і М.І.Ермаловіч. Ён не адзначыў у сваім выступленні цікавыя артыкулы Ігара Курыцына "Адкуль родам крывічы?", Вітаўта Чаропкі "Міф Пагоні", але даў ім свае навуковыя каментарыі і пажадаў аўтарам далей працаваць над гэтай тэмай. Будучы сам паэтам і вялікім знаўцам прыгожай славеснасці, Мікола Іванавіч высока адзначыў нізку вершаў Святланы Багданкевіч і Яўгена Гучка.
1 лютага 1999 года сябры клуба "Спадчына" ладзілі вечар ушанавання ганаровага сябра клуба Анатоля Пятровіча Грыцкевіча з нагоды яго 70-годдзя. З пранікнённым словам аб навуковай дзейнасці Анатоля Грыцкевіча, аб яго ўкладзе ў развіццё гістарычнай навукі у Беларусі, аб тым уплыве, які ён аказаў сваімі навуковымі творамі на выступоўца, выступіў Мікола Іванавіч Ермаловіч і прэзентаваў свайму калегу кветкі.
Усе гэтыя запісы пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці, бо зафіксаваны ў "Дзённіку клуба "Спадчына", які вядзецца на працягу 22 гадоў. Але мая памяць захоўвае і іншыя моманты нашых цікавых сустрэч, якія не зафіксаваны ў "Дзённіку" і даты якіх сталі ўжо даволі расплыўчатымі. Напрыклад, на гістарычным факультэце БДУ ладзіўся арганізацыйны сход гісторыкаў па стварэнню першай прафесіянальнай арганізацыі беларускіх гісторыкаў ці горада Мінска, ці ў БССР. "Высачайшы манаршы" дазвол на яго арганізацыю і правядзенне давала КПБ і яе "мудры" ЦК (гэта было ў апошнія месяцы ці ў апошні год яе кіравання). Як у тыя часы вадзілася, ужо былі ўзгоднены старшыня саюза і савет аб'яднання. Заставалася фармальна праштампаваць гэта. З'езд праводзіўся келейна, без агалоскі і аб'яў. Запрасілі ў адну з вялікіх аўдыторый гістарычнага факультэта БДУ каго трэба і сход пачаўся. Аб ім я даведаўся выпадкова, бо ў гэты дзень у мяне былі лекцыі на гістарычным факультэце.
Сходам кіравала дэкан Іраіда Восіпаўна Царук (дзявочае — Прытыцкая) і яе верны Санчо Панса — сакратар парткама гістарычнага факультэта Давыд Барысавіч Мельцэр. Пачалося вылучэнне ў раду аб'яднання гісторыкаў. Я вылучаю Міколу Іванавіча Ермаловіча. Спачатку Д.Б.Мельцэр робіць выгляд, што не чуе, але я настойліва паўтараю імя Міколы Іванавіча, каб чулі ўсе. І тут пачалося нешта неверагоднае. Спачатку партыйны бос сваім катэгарычным адмаўленнем унесці ў спіс для галасавання прозвішча Міколы Іванавіча, як бы падаў агульны сігнал для наступу іншым "савецкім" гісторыкам. Пачалося сапраўднае спаборніцтва: хто мацней і балючай укусіць гэтага чалавека. Гэтыя людзі перасталі заўважаць усялякую прыстойнасць. Як гэтыя пігмеі ад навукі ненавідзелі аднаго з самых прыстойных і адукаваных гісторыкаў нашых дзён, які па памяці мог цытаваць усе рускія летапісы з тэкстамі аб Беларусі, які валодаў усімі даступнымі для нас замежнымі хронікамі, які адзін замяняў па сваіх ведах цэлы Інстытут гісторыі АН БССР. І гэта не перабольшанне. Калі ўсе выгаварыліся, слова ўзяла сама "шахіня"(так называлі ў БДУ І.В.Царук) і, як бы згладжваючы непрыстойныя паводзіны і выказванні сваіх калег, заявіла, што Міколу Іванавіча Ермаловіча немагчыма ўвесці ў раду не таму, што ён "ніякі не гісторык", а таму, што гэта не ўхваляць у вярхах, там у "светлых будынках" і паказала пальцам у бок Дома урада. Якраз з вокан аудыторыі, дзе праходзіў сход, быў добра бачны Дом урада. Ірыяда Восіпаўна яшчэ дадала, што сход не павінен рызыкаваць таму, што яна зрабіла вялікія намаганні на атрыманне дазволу на стварэнне прафесійнай асацыацыі беларускіх гісторыкаў, але неабдуманнымі дзеяннямі ўсе мы можам пазбавіцца гэтай арганізацыі. Пасля яе "жалезных і аргументаваных" довадаў усім стала ясна, хто ёсць хто ў гэтай краіне, хто сапраўдны гісторык, а хто ізгой, імя якога запалохвае ўсіх кіраўнікоў тагачаснай Беларусі. І калі Міколу Іванавіча яшчэ афіцыйна не абвясцілі "ворагам народа", то дапускалі такую мажлівасць, што калі ён трапіць у кіруючыя шэрагі нейкай арганізацыі, то дзеля надзейнасці, закрыюць усю арганізацыю, як варожую ідэалам светлай будучыні камунізму.
Читать дальше