Тыя ж аўтары дакладна характарызуюць спэцыфіку беларускай палітычнай прасторы і кіруючай эліты. У Расіі й ва Ўкраіне ўва ўладзе апынуліся Барыс Ельцын і Леанід Краўчук, былыя камуністычныя дзеячы, цяпер беспартыйныя, якія атаясамілі сябе з пэўнымі ідэямі пабудовы буржуазнай дэмакратыі ці незалежнай дзяржавы. «А ў беларускай «партыі ўлады» ўвогуле не было ніякай дакладнай пазыцыі. Гэта былі проста апартуністы. Спачатку яны вінавацілі ўва ўсіх эканамічных бедах Маскву й імкнуліся засьцерагчы сябе ад расійскай дэмакратыі, пайшоўшы на «сувэрэнізацыю» і «беларусізацыю». Але й абвяшчэньне незалежнасьці, і прызнаньне дзяржаўнасьці беларускай мовы, і забарона КПБ былі хутчэй актамі баязьлівасьці. Ніякага нацыянальнага пачуцьця, усьведамленьня сваёй гістарычнай місіі, якія гэтак перапаўнялі, напрыклад, Краўчука, у іх не было. Беларускі прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч шукаў хаўрусу з Расіяй і збліжаўся з камуністамі і «панславістамі». Ніякіх партыйных структураў гэта «партыя ўлады» праз свае безыдэйнасьць і апартунізм не стварыла і не магла стварыць» [8] Тамсама.
.
Старая кіруючая эліта ня мела ідэалёгіі й палітычнай праграмы, але яна была аб’яднаная магутнымі карпаратыўнымі інтарэсамі і асабістымі сувязямі. Савецкі рэжым спарадзіў адмысловую прывілеяваную сацыяльную групу, што існавала пад прыкрыцьцём КПСС. Савецкая намэнклятура зьдзяйсьняла сваё панаваньне пры дапамозе фармальных структураў савецкай дзяржавы. Аднак сама сыстэма стасункаў пры ўладзе ў Савецкім Саюзе не была ў строгім сэнсе палітычнай. Гэта былі клянавыя, крэўна-сваяцкія і карпаратыўныя, дапалітычныя, патэстарныя стасункі і сувязі. Фармальныя, вонкавыя структуры савецкай дзяржавы распадаліся ці трансфармаваліся, але падмурак самой сыстэмы ўладных стасункаў захаваўся разам з старой намэнклятурай.
Вячаслаў Кебіч, які выражаў інтарэсы старой, савецкай эліты, абапіраўся на бальшыню Вярхоўнага Савету, што складалася з усё той жа намэнклятуры. Яго падтрымлівала самая буйная фракцыя «Беларусь», створаная ў 1993 годзе адумысьля дзеля падтрымкі прэм’ер-міністра і якая ўлучала амаль палову дэпутацкага корпусу.
БЕЛАРУСІФІКАЦЫЯ І ПРАБЛЕМЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭНЬНЯ
Кампанія беларусіфікацыі праводзілася з ініцыятывы нацыянальна-дэмакратычных сілаў на чале з БНФ. Укараняліся новыя дзяржаўныя сымбалі. У школах і вышэйшых навучальных установах пачалося выкладаньне беларускай гісторыі, пазбаўленае савецкай ідэалёгіі. Кардынальна пераглядаліся ідэі адзінства гістарычных лёсаў расійцаў і беларусаў, іх гістарычнага братэрства. Значная частка цэнтральных і рэгіянальных СМІ прапагандавалі ідэі нацыянальнага адраджэньня. Павялічылася колькасьць выданьняў на беларускай мове. У 1993 годзе ў параўнаньні з 1992 іх было выпушчана на 43% больш па назвах і на 53% — па накладзе [9] Гл.: Звязда, 21 студзеня 1994 г.
.
Асноўную ўвагу ў разьвіцьці беларускай культуры апазыцыя надавала ўкараненьню беларускай мовы ў якасьці дзяржаўнай, вызнаючы ідэю пра мову як пра падмурак фармаваньня нацыі. Сыстэма адукацыі пераводзілася на беларускую мову навучаньня: да 1994 году ў школах на беларускай мове навучалася больш за 60% вучняў першых клясаў. Паралельна зьдзяйсьняўся пераход на беларускую мову ў тэхнікумах і вышэйшых навучальных установах, у першую чаргу выкладаньне гуманітарных дысцыплінаў. Значна менш пасьпяхова ішло ўкараненьне беларускай мовы ў сфэры дзяржаўнага справаводзтва.
Але разам з пашырэньнем беларусізацыі ўзрастала незадавальненьне як у асяродку пэдагогаў і чыноўнікаў, так і сярод расійскамоўных інтэлектуалаў, якія складалі значную частку прыхільнікаў беларускай апазыцыі. У СМІ распачалася зацятая дыскусія наконт інтэнсіўнага ўкараненьня беларускае мовы. Перавага была ў прыхільнікаў хуткага й шырокага распаўсюджаньня беларускай мовы, якія мелі ключавыя пазыцыі ў СМІ. Але ў цэлым бальшыня насельніцтва ставілася да беларускай мовы абыякава і не вітала ейнага інтэнсіўнага ўкараненьня. Паводле перапісу насельніцтва, што праводзіўся ў Савецкім Саюзе ў 1989 годзе, 20% этнічных беларусаў лічылі сваёй роднай мовай расійскую. Аднак, паводле перапісу, што праводзіўся ў 1999 годзе, у паўсядзённым жыцьці беларускай мовай карыстаецца менш за 40% насельніцтва.
КРЫЗЫСНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІЦЫ Й НАМЭНКЛЯТУРНАЯ ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ
Захаваньне савецкай намэнклятурай старых пазыцыяў у эканамічнай і адміністрацыйнай сфэры (у выпадку з цалкам дзяржаўнай эканомікай гэтыя сфэры супадалі) рабіла старую эліту адказнай за пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. Дзеля рэабілітацыі ў ваччу насельніцтва старая эліта эксплюатавала міталягізаваныя ўяўленьні савецкіх беларусаў пра функцыянаваньне эканомікі. Крытыка самога прынцыпу цэнтралізаванага кантролю вытворчасьці і разьмеркаваньня пачалася ў Беларусі толькі з распадам СССР. Бальшыня насельніцтва, чые ўяўленьні пра эканоміку абмяжоўваліся школьным курсам грамадазнаўства — вульгарызаванымі трактоўкамі асноваў марксісцкай палітэканоміі — проста ня мела катэгарыяльнага апарату, каб асэнсаваць працэсы, якія адбываліся. (Пасьля, значна больш эфэктыўна, антыкапіталістычную мэнтальнасьць беларускага насельніцтва будзе скарыстоўваць у сваёй папулісцкай рыторыцы Аляксандар Лукашэнка.)
Читать дальше