Пераход да рынкавай эканомікі азначаў страту ўлады-ўласнасьці і пераўтварэньне бюракратыі ў звычайнага выканаўцу інтарэсаў уласьнікаў. У 1990—1991 гадох беларуская намэнклятура спрабавала кансэрваваць сацыялістычную сыстэму. Дзеля гэтага трэба было наладзіць цэнтралізаванае забесьпячэньне прадпрыемстваў рэсурсамі і захаваць дзяржаўную ўласнасьць.
5 жніўня 1990 году па ініцыятыве беларускага ўраду адбылася рабочая нарада кіраўнікоў урадаў Беларусі, Летувы, Латвіі, Эстоніі й прадстаўнікаў Расіі й Малдовы. Нарада была прысьвечаная праблемам беспасярэдніх гаспадарчых сувязяў паміж гэтымі рэспублікамі СССР. На ініцыятыву Беларусі быў створаны своеасаблівы рынак — не для вытворцаў і спажыўцоў, а для ўрадаў рэспублік. Дзякуючы гэтаму ўдалося аднавіць нейкае падабенства сыстэмы цэнтралізаванага плянаваньня і блякаваць разьвіцьцё рынкавых стасункаў, хоць такая сыстэма забесьпячэньня функцыянавала зь перабоямі [10] Гл.: Леонид Злотников. В петле популизма // Хроника несостоявшегося времени. Десять лет в зеркале «Белорусского рынка». — Менск. 2001. — 336 с.
. Старыя адміністрацыйныя мэханізмы ўжо ня дзейнічалі.
Эканамічны крызыс, які ўсё больш нарастаў, кіраўніцтва Беларусі тлумачыла дзеяньнямі Масквы. Старшыня Савету міністраў БССР Вячаслаў Кебіч увесь час падкрэсьліваў, што ў пагаршэньні жыцьця людзей вінаваты саюзны Цэнтар. Характэрна, што лідэр БНФ Зянон Пазьняк таксама вінаваціў у крызысе ня толькі беларускую партыйную намэнклятуру, якая па-ранейшаму заставалася ўва ўладзе, але і Маскву, што імкнулася задушыць беларускую незалежнасьць. Такім чынам, ува ўяўленьнях насельніцтва як прадстаўнікамі старой эліты, так і БНФ (хоць і міжволі) укаранялася думка пра згубныя наступствы распаду СССР. У першым выпадку намэнклятура сьвядома пераносіла адказнасьць на Расію. У другім — ня ўлічваўся магчымы эфэкт антысавецкіх і антырасійскіх выступленьняў у сытуацыі падзеньня ўзроўню жыцьця ў краіне, дзе рэсурс савецкай сыстэмы ня быў вычарпаны гэтак, як ува Ўкраіне, а нацыянальны рух быў значна слабейшым за астатнія рэспублікі СССР.
Акурат дзеяньнямі Масквы тлумачыўся рост бюджэтнага дэфіцыту, разбурэньне спажывецкага рынку, развал фінансавай і грашова-крэдытнай сыстэмаў. Беларускае кіраўніцтва імкнулася засьцерагчы сябе ад дзеяньняў саюзнага кіраўніцтва. Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову пра вываз тавараў масавага спажываньня за межы рэспублікі толькі з дазволу ўраду. Аднак спробы захаваць сацыялістычную эканоміку і спыніць эканамічны спад ня мелі посьпеху.
Спробы ізаляцыі не прыносілі жаданых вынікаў. Акрамя таго, функцыянаваньне эканомікі БССР залежала ад паставак сыравіны, энэрганосьбітаў і камплектуючых з Расіі й іншых рэспублік СССР — якія не купляліся, а разьмяркоўваліся саюзнымі інстытутамі. Пры канцы 1991 году Расія абвясьціла пра пачатак радыкальный рынкавай рэформы і лібэралізацыі цэнаў. Тады ўрад Беларусі таксама быў вымушаны аб’явіць пра лібэралізацыю цэнаў з 1 студзеня 1992 году. Аднак цэны на хлеб, мясамалочныя прадукты, дзіцячыя тавары, жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт заставаліся фіксаванымі.
Ужо пасьля ўтварэньня СНД, улетку 1993 году Беларусь перажыла энэргетычны крызыс. Савет міністраў пачаў прапагандаваць ня проста ідэю эканамічнага хаўрусу з Расіяй, а ідэю палітычнага і дзяржаўнага аб’яднаньня, канфэдэрацыі краінаў СНД.
У верасьні 1993 году Беларусь і Расія падпісалі пагадненьне пра стварэньне адзінай рублёвай зоны. Канкрэтную дамову меркавалася падпісаць у студзені 1994 г. Прадугледжвалася ўвядзеньне ў Беларусі і Расіі супольнай грашовай адзінкі, расійскага рубля. Але, разам з тым, Нацыянальны банк Беларусі захоўваў усе функцыі, улучаючы эмісійную. Урадавая прапаганда Беларусі абяцала павышэньне даходаў грамадзянаў у 2—3 разы. Але ў верасьні-сьнежні 1993 году ў Расіі разьвіваўся збройны канфлікт паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі. Перамога Барыса Ельцына і яго прыхільнікаў паставіла ўрад Вячаслава Кебіча ў складанае становішча. Савецкія кансэрватары з Савету міністраў і беларускага Вярхоўнага Савету былі змушаныя супрацоўнічаць з расійскімі рэфарматарамі. Захаваньне ранейшага высокага статусу старой беларускай эліты патрабавала моцнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічныя працэсы. Аднак Расія, зь перамогай ельцынскай групоўкі, абрала больш лібэральную мадэль эканамічнага разьвіцьця.
У выніку разрыву гаспадарчых сувязяў, што існавалі ў СССР, і пераходу былых савецкіх рэспублік да рынкавай эканомікі, старая беларуская эліта была вымушаная прыстасоўвацца да новай эканамічнай сытуацыі. Паралельна з спробамі паразытаваць на руінах старой адміністрацыйнай эканомікі СССР і расійскіх рэсурсах, беларуская намэнклятура пачала працэс прыватызацыі. Пасьля набыцьця незалежнасьці і роспуску камуністычнай партыі фактычным гаспадаром у Беларусі стала дзяржаўная бюракратыя. Гэта была ўсё тая ж старая савецкая эліта, якая адмовілася ад камуністычнай ідэалёгіі, але якая захавала сваё становішча і доступ да рэсурсаў улады-ўласнасьці. Час яе панаваньня прыпаў на пэрыяд паўнамоцтваў ураду Вячаслава Кебіча, 1991—1994 гады.
Читать дальше