25—26 кастрычніка праводзіцца акцыя пратэсту супраць прыняцьця антыдэмакратычнага заканадаўства, 29 кастрычніка — мітынгі-рэквіемы «Дзяды» ў Менску, Горадні, Магілёве, Воршы і Бабруйску. 16 лістапада адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя Беларускага сялянскага саюзу. 25—26 лістапада — Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях». 18 сьнежня ў Менску прайшоў мітынг памяці А. Сахарава.
26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прымае закон «Аб мовах у Беларускай ССР». Паводле гэтага закону беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай.
25 лютага на пляцы Леніна ў Менску адбываецца шматтысячны (каля 100—120 тысяч) мітынг. Лідэры нацыянальна-дэмакратычнага руху выступаюць па рэспубліканскім тэлебачаньні.
СУІСНАВАНЬНЕ СТАРЫХ І НОВЫХ ЭЛІТАЎ. БАЛЯНС СІЛАЎ У ПАЛІТЫЧНАЙ ПРАСТОРЫ БЕЛАРУСІ
Да 1990 году нацыяльна-дэмакратычны рух разьвіваецца па-за дзяржаўнымі інстытутамі ўлады. Становішча зьмяняецца ўвесну 1990 году.
У сакавіку 1990 году адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Прыхільнікі нацыянальнага адраджэньня і дэмакратызацыі валодалі невялікімі, у параўнаньні з партыйнай намэнклятурай, рэсурсамі для правядзеньня перадвыбарнай агітацыі. Апрача таго, значная частка насельніцтва не ўспрымала лёзунгаў нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. На выбарах у Вярхоўны Савет БССР прайшлі толькі 37 дэпутатаў ад БНФ, якія склалі апазыцыю камуна-бюракратычнай бальшыні. Чальцамі БНФ у Вярхоўным Савеце быў створаны Дэмакратычны клюб, які налічваў да 100 дэпутатаў. Колькасьць саміх дэпутатаў ад БНФ складала каля 10% складу Вярхоўнага Савету. У той жа час беларуская савецкая намэнклятура была дастаткова млявай і лянівай, ня мела ніякіх асаблівых нацыяналістычных амбіцыяў і сур’ёзных ідэалягічных рэсурсаў, нягледзячы на кантроль над СМІ. Бальшыня Вярхоўнага Савету не магла нэўтралізаваць дэмакратычную меншыню. Аднак і сама гэтая меншыня не была дастаткова радыкальнай, каб пайсьці на абвастрэньне канфлікту са старой элітай.
У выніку такога раскладу сілаў у палітычнай сыстэме Беларусі 1990 году ўсталявалася своеасаблівая раўнавага: больш актыўная меншыня прыхільнікаў рэформаў супраць прадстаўнікоў старой, савецкай партнамэнклятуры. Ніводная з груповак ня мела дастатковых палітычных рэсурсаў, каб цалкам нэўтралізаваць іншую. За савецкай намэнклятурай захоўвалася ўся старая сыстэма сувязяў, стасункаў улады-ўласнасьці, наладжаная бюракратычная гіерархія і падтрымка Камуністычнай партыі Беларусі. Аднак вонкавыя працэсы мадэрнізацыі пазбаўлялі старую беларускую эліту яе эканамічных рэсурсаў. Пахіснулася субардынацыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу і залежнасьць мясцовай адміністрацыі ад пастановаў Масквы і яе падпарадкаванасьць імпэрскаму цэнтру. Пры гэтым ідэалягічнае дамінаваньне Цэнтру, перавага агульнасаюзнага тэлебачаньня, палітыка публічнасьці і сам супольны характар інфармацыйнай прасторы Савецкага Саюзу спрыялі росту палітычнай актыўнасьці беларускага насельніцтва. Ініцыятыва ў зьменах ідэалягічнага клімату ў Беларусі на тле інфармацыйнай падтрымкі дэмакратычных працэсаў з Масквы і дзейнасьці дэмакратычных элітаў у суседніх рэспубліках належала нацыянальна-дэмакратычнаму руху.
У 1990 годзе ў Беларусі адбываюцца акцыі ў падтрымку дэмакратычных рэформаў. 25 сакавіка ў Менску легальна адзначаюцца ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. 26 красавіка ў Гомелі бастуюць працоўныя прадпрыемстваў, патрабуючы паскорыць ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У траўні 1990 году была створаная Партыя незалежнасьці Беларусі. Тады ж прайшоў шэраг грамадзкіх акцыяў, зьвязаных з працай 1-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. 2 чэрвеня Рабочы саюз Беларусі арганізаваў мітынг памяці ахвараў Навачаркаскага расстрэлу рабочых у 1962 годзе. 16 чэрвеня ствараецца арганізацыйны камітэт Беларускай каталіцкай Грамады. 16—17 чэрвеня ў Горадні адбываецца ўстаноўчы зьезд «Саюзу палякаў Беларусі». 23—24 чэрвеня ў Менску праходзіць устаноўчы зьезд Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
1990 год быў годам заняпаду савецкай імпэрыі. Вынікам цэнтрабежных сілаў у СССР стаў так званы парад сувэрэнітэтаў. На працягу 1990 году саюзныя рэспублікі прымалі афіцыйныя акты аб сувэрэнітэце. 30 чэрвеня — 1 ліпеня 1990 году на канфэрэнцыі БНФ была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Паводле гэтай дэклярацыі, найважнейшым заданьнем руху было дасягненьне поўнага сувэрэнітэту Беларусі. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце настойвала на прыняцьці адпаведных дакумэнтаў, аднак бальшыня Вярхоўнага Савету, прадстаўленая савецкай партыйнай намэнклятурай, блякавала ініцыятывы апазыцыі, вінавацячы яе ў сэпаратызьме і нацыяналізьме.
Читать дальше