Аднак, такія несанкцыянаваныя, самастойныя аб’яднаньні грамадзян выклікалі незадаволенасьць беларускага камуністычнага кіраўніцтва. Варункі іх дзейнасьці былі менш спрыяльныя, чым у суседніх прыбалтыйскіх дзяржавах, на Ўкраіне або ў Расіі. У значнай ступені гэта было зьвязана з спэцыфікай найвышэйшай беларускай эліты таго часу, якая на момант гарбачоўскіх рэформаў была практычна дээтнізаваная. Як адзначаюць Марк Нордбэрг і Тарас Кузё, нацыянальныя рухі пэрыяду перабудовы ў СССР абапіраліся на частку камуністаў, што падзялялі нацыянальныя ідэі. Аднак у Беларусі не было такога магутнага корпусу нацыянал-камуністаў [1] Гл. Марк Нордберг, Тарас Кузио. Построение наций и государств. Историческое наследие и национальные самосознания в Белоруссии и на Украине (Сравнительный анализ) // Белоруссия и Россия: общества и государства. Выпуск 2. Москва: «Права человека». 1998. — 432 с. — С. 386.
. Пра працэсы, якія перашкодзілі ўзнаўленьню нацыяналістычных ідэяў у камуністычным кіраўніцтве БССР — крыху пазьней. Пакуль адзначым, што дэмакратычны рух у Беларусі, як і ў іншых рэспубліках СССР, разьвіваўся ў спалучэньні з нацыяналістычным. Аднак штуршок для ягонага разьвіцьця ў значнай ступені прыйшоў звонку.
Неабходнасьць стрымліваць рэпрэсіі ў барацьбе старой эліты з нацыянальна-дэмакратычным рухам была ў значнай меры абумоўлена падпарадкаваньнем камуністычнай эліты БССР маскоўскаму кіраўніцтву. Беларускае рэспубліканскае кіраўніцтва, якое сумяшчала высокія адміністрацыйныя пасады з пасадамі ў Камуністычнай партыі Беларусі, падпарадкоўвалася кіраўніцтву КПСС у Маскве. Расійскія эліты ў цэнтры савецкай імпэрыі, з аднаго боку, стымулявалі разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў на пэрыфэрыі, зь іншага, займаючы больш высокі ўзровень у дзяржаўнай і палітычнай гіерархіі Савецкага Саюзу, зьвязвалі рукі рэспубліканскаму кіраўніцтву. Пры гэтым працэсы дэмакратызацыі, дэмантажу савецкай сыстэмы, ініцыяваныя за межамі Беларусі, у яе абкружэньні праходзілі больш інтэнсіўна, выступаючы магутным вонкавым чыньнікам ціску на намэнклятурна-камуністычную эліту Беларусі.
РАЗЬВІЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАГА РУХУ
Яшчэ да гарбачоўскай перабудовы, у 1980 годзе ў Беларусі стварылася «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня», непалітычная арганізацыя, якая займалася адраджэньнем нацыянальнай мовы і культуры. У 1984 годзе, ужо напярэдадні перабудовы, сябры аб’яднаньня выступілі супраць разбурэньня помнікаў архітэктуры. На працягу 1985—1986 гадоў у абласных цэнтрах Беларусі ствараюцца клюбныя аб’яднаньні, чыя дзейнасьць была зьвязаная з адраджэньнем беларускай мовы і культуры, такія як «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя». Адкрыты канфлікт нацыянальнай інтэлігенцыі з кіраўніцтвам Беларусі выклікаў ліст беларускіх пісьменьнікаў і навукоўцаў Міхаілу Гарбачову пра бядотны стан беларускай мовы. Распаўсюджвалася інфармацыя пра сапраўдныя маштабы Чарнобыльскай катастрофы, якую хавалі ад насельніцтва кіраўнікі рэспублікі. Аднак гэта яшчэ не было палітычным супрацьстаяньнем.
У сакавіку 1988 году ў Менску адбыўся мітынг у абарону архітэктурных помнікаў, што знаходзіліся пад пагрозай разбурэньня пры будаўніцтве другой лініі мэтрапалітэну. У адказ рэспубліканскае кіраўніцтва прыняло пастановы, якія абмяжоўвалі правядзеньні мітынгаў і маніфэстацый.
У часе правядзеньня ХІХ усесаюзнай партыйнай канфэрэнцыі менскі клюб «Талака» прыняў зварот з прапановай ліквідаваць лідэрства камуністычнай партыі, замацаванае савецкай канстытуцыяй. Але ўпершыню азначэньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў як адрозных ад інтарэсаў СССР было зробленае Беларускім народным фронтам.
Разьвіцьцё нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі другой паловы 1988 году было цесна павязанае з падзеямі ў Прыбалтыцы. У прыбалтыйскіх рэспубліках СССР ствараюцца Народныя Франты. 19 кастрычніка 1988 году на ўстаноўчай канфэрэнцыі таварыства «Мартыралёг Беларусі» быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ). У звароце аргкамітэту БНФ «Да грамадзянаў Беларусі» былі высунутыя заданьні станаўленьня беларускай нацыі на аснове дэмакратычных вартасьцяў і дасягненьня дзяржаўнасьці.
Пры канцы вясны — пачатку лета 1988 году нацыянальна-дэмакратычны рух актывізаваўся дзякуючы выкрыцьцю злачынстваў камуністычнага рэжыму. Пад Менскам, ува ўрочышчы Курапаты, былі знойдзеныя пахаваньні ахвяраў масавых расстрэлаў пэрыяду 30-х—40-х гадоў. 19 ліпеня ў Курапатах адбыўся шматтысячны мітынг, які паспрыяў шырокаму прызнаньню нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Читать дальше