30 кастрычніка 1988 году ў Менску было забароненае правядзеньне мітынгу-рэквіему «Дзяды», што стала падставай для фізычнай расправы з актывістамі БНФ.
Характэрна, што акурат у беларускай соцыякультурнай і палітычнай сытуацыі нацыянальныя рухі сталі праводзіць свае зьезды ў Летуве. З аднаго боку, гэта было абумоўлена рэжымам максымальнага неспрыяньня з боку беларускіх уладаў. Зь іншага боку, беларуская апазыцыя камуністычнаму рэжыму была менш радыкальная, першапачаткова стваралася як культурніцкі рух і толькі потым — як палітычны. Праявілася адсутнасьць сваёй уласнай дысыдэнцкай традыцыі, праваабарончага руху [2] Гл. Марк Нордберг, Тарас Кузио. Построение наций и государств. Историческое наследие и национальные самосознания в Белоруссии и на Украине (Сравнительный анализ); Галина Дракохруст, Юрий Дракохруст, Дмитрий Фурман. Трансформация партийной системы Беларуси // Белоруссия и Россия: общества и государства. Выпуск 2. Москва: «Права человека». 1998. — 432 с. — С. 386.
. Апрача таго, нацыянальна-дэмакратычныя аб’яднаньні Беларусі адпачатна дзейнічалі ў варунках значна меншай падтрымкі іхных ініцыятываў насельніцтвам і прыхільнымі функцыянэрамі ў параўнаньні з краінамі Прыбалтыкі.
У цэлым, на беларускую апазыцыю працавала вонкавая сытуацыя, падзеі ў рэспубліках СССР — узрастаньне нацыяналістычных і антыкамуністычных настрояў. Такія настроі ўнутры Беларусі таксама разьвівался, хоць і больш марудна, чымся ў суседніх дзяржавах.
ДЗЕЙНАСЬЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ АПАЗЫЦЫІ І СУПРАЦІЎ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ
Пачынаючы з 1988 году, культурна-асьветніцкая дзейнасьць БНФ адыходзіць на другі плян у параўнаньні з палітычнай. Савецкае кіраўніцтва Беларусі блякавала спробы дыялёгу, зробленыя нацыянал-дэмакратычным рухам. Але структура Беларускага народнага фронту разьвіваецца, расьце колькасьць яго прыхільнікаў.
15—16 лютага 1989 году ў Вільні адбываецца Другі Вальны сойм беларускага маладзёвага руху. Ствараецца «Канфэдэрацыя маладзёвых суполак» у складзе Народнага Фронту. Тады ж, 15 лютага ў Менску на стадыёне «Дынама» адбыўся агульнагарадзкі мітынг, дзе дэ факта была легалізаваная нацыянальная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Бел-чырвона-белы сьцяг у камуністычнай беларускай прапагандзе быў абвешчаны сьцягам калябарацыяністаў. Аднак актывісты нацыянальнага руху, зьвяртаючыся да нацыянальнай сымболікі, на ўзроўні сымбаляў аддзялілі свой рух ад кампаніі дэмакратызацыі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі. Была аспрэчаная манаполія камуністаў на дэмакратычную рыторыку. У меру ўзмацненьня структураў нацыянальнага руху дэмакратычная рыторыка перастае асацыявацца з прагрэсіўным крылом камуністычнай партыі.
Супрацьдзеяньне камуністычнага кіраўніцтва ўзмацняецца. Вясна 1989 году багатая на падзеі. 7 сакавіка міліцыя разганяе групу студэнтаў, якія спрабавалі адзначыць угодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. 26 красавіка ў Менску на пляцы Леніна адбываецца акцыя пратэсту, прысьвечаная Чарнобыльскай катастрофе. 29 траўня ў Менску на пляцы Леніна адбываецца мітынг у сувязі з працай І Зьезду народных дэпутатаў СССР.
У чэрвені 1989 году на Ўстаноўчым зьезьдзе была прынятая Праграма БНФ. У разьдзеле «Сувэрэнітэт» абвяшчалася вяршэнства нацыі, вылучалася ідэя вяршэнства народу ў вырашэньні свайго лёсу. Заданьне выхаду Беларусі з складу СССР яшчэ ня ставілася, аднак сам Савецкі Саюз разглядаўся як саюз сувэрэнных дзяржаваў. Паўнамоцтвы СССР разглядаліся як дэлегаваныя саюзнымі рэспублікамі. Праграма БНФ таксама зьмяшчала патрабаваньне права вольнага выхаду кожнай рэспублікі з складу СССР, укладаньня новай Саюзнай дамовы, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, незалежнасьці Беларусі ў міжнародных стасунках, увядзеньня грамадзянства БССР, права рэспублікі на ўласныя вайсковыя фармаваньні. Абвяшчалася неабходнасьць рэфармаваньня сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай сыстэмы [3] Гл.: Праграма Беларускага народнога фронту. — Менск, 1989.
.
26 ліпеня ў Менску адбыўся мітынг, прысьвечаны наступствам Чарнобыльскай катастрофы. 31 верасьня прайшоў марш пратэсту «Чарнобыльскі шлях» і мітынг у Менску. У мітынгу бралі ўдзел жыхары Гомельскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцей, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджаньня.
8 кастрычніка на 2 зьезьдзе Народнага фронту Латвіі лідэр Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк у якасьці праграмнага заданьня БНФ вылучыў ідэю палітычнай незалежнасьці Беларусі. Тым ня менш, каб не адпудзіць электарат, які ўсё яшчэ заставаўся пад уплывам савецкіх мітаў, перадвыбарная плятформа, прынятая Соймам БНФ у сьнежні 1989 году, настойвала на эканамічнай незалежнасьці, замацаваньні ўласнасьці Беларусі на зямлю, прыродныя рэсурсы, вытворчыя фонды на яе тэрыторыі.
Читать дальше