Згодна з артыкулам 15 Закону, тэкст праекту рашэньня, што выносіцца на рэфэрэндум, мае быць апублікаваным не пазьней за дзесяць дзён пасьля прыняцьця пастановы аб правядзеньні рэфэрэндуму. Аднак ужо пасьля апублікаваньня праекту зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі ў ім былі зробленыя істотныя папраўкі.
Артыкул 28 Закону прадугледжвае, што ў выпадку, калі менш чым за пятнаццаць дзён да рэфэрэндуму высьветліцца, што ўключаны ў сьпіс галасуючых грамадзянін ня мае магчымасьці прагаласаваць у дзень рэфэрэндуму, ён мае права атрымаць ува ўчастковай камісіі бюлетэнь для галасаваньня. Датэрміновае галасаваньне дапускаецца толькі ў выключных выпадках. У пастанове Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ад 14 лістапада 1996 году «Аб тлумачэньні асобных артыкулаў Закону Рэспублікі Беларусі «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусі» вызначана, каго лічыць грамадзянамі, якія ня маюць магчымасьці прыбыць у дзень рэфэрэндуму для галасаваньня. Да іх ліку належаць грамадзяне, якія не раней за пятнаццаць дзён пакідаюць межы Рэспублікі Беларусі, не вяртаюцца назад да дня правядзеньня рэфэрэндуму і здольныя пацьвердзіць гэта дакумэнтальна. Участковая выбарчая камісія абавязана весьці асаблівы ўлік такіх выбарцаў з указаньнем дакумэнтальных зьвестак, што пацьвярджаюць матывы кожнага факту датэрміновага галасаваньня. Але, насуперак Закону і пастанове Вярхоўнага Савету, у Беларусі праводзілася масавае датэрміновае галасаваньне. Выбарцаў адкрыта заклікалі прагаласаваць да афіцыйна прызначанай даты, 24 лістапада.
Спэцыяльная камісія Савету Эўропы, якая знаходзілася ў Менску з 24 да 27 лістапада на запрашэньне Старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, заклікала прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку паважаць парлямэнцкую дэмакратыю і законнасьць. Камісія прызнала нелегітымнасьць рэфэрэндуму і яго вынікаў, канстатавала неадпаведнасьць спосабаў правядзеньня канстытуцыйнай рэформы і арганізацыі рэфэрэндуму дэмакратычным стандартам. Паводле закону і ў адпаведнасьці з пастановай Канстытуцыйнага Суду, вынікі рэфэрэндуму, што датычылі канстытуцыйных зьменаў, мелі толькі кансультацыйны характар. Таксама камісія адзначыла адсутнасьць доступу да сродкаў масавай інфармацыі ўсіх палітычных сілаў, што не дазволіла правесьці сапраўдныя публічныя абмеркаваньні праекту Канстытуцыі. Доступ выбарцаў да канчатковых варыянтаў праектаў Канстытуцыі ня быў забясьпечаны загадзя. Больш за тое, праекты былі апублікаваныя пасьля таго, як ужо пачалося датэрміновае галасаваньне. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар быў незаконны адхілены ад пасады.
У цэлым, у часе правядзеньня рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году былі адзначаныя наступныя асноўныя парушэньні:
1. Камісіі па рэфэрэндуме, згодна з Законам, павінны стварацца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў не пазьней чым за месяц да рэфэрэндуму. На справе яны ствараліся за 5—7 дзён і не Саветамі дэпутатаў, а органамі выканаўчай улады. 2. У самы адказны пэрыяд падрыхтоўкі рэфэрэндуму ўказам прэзыдэнта быў незаконна адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў В. Ганчар. Адстаўка паралізавала працу органу, правамоцнага зьдзяйсьняць кантроль за законнасьцю галасаваньня і падводзіць вынікі рэфэрэндуму. 3. На момант датэрміновага галасаваньня, 9 лістапада, на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі. Грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць. 4. Парушэньнем артыкулу 28 Закону быў заклік выбарцаў, а ў многіх выпадках і прымус да датэрміновага галасаваньня. У выніку, да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбарцаў. 5. Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Ўпраўленьнем справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Яны паступалі на выбарчыя ўчасткі, мінаючы Цэнтравыбаркам і абласныя камісіі. Ніхто ня ўлічваў колькасьці бюлетэняў. 6. Насуперак артыкулу 9 Закону падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансавалася не зь бюджэту, а выключна за кошт невядомых дабрачынных унёскаў. Цэнтральная выбарчая камісія была цалкам адхіленая ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндуму. 7. У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда прэзыдэнцкіх пытаньняў. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня. 8. У дзень рэфэрэндуму ствараліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў пры зьдзяйсьненьні кантролю за працэсам галасаваньня. Іх не пускалі на ўчасткі, не забясьпечвалі патрэбнай інфармацыяй. 9. Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: не было кабінаў для галасаваньня, адсутнічалі праекты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі, выбарцам дазвалялася галасаваць без дакумэнтаў, што сьведчылі асобу; плёмбы на скрынях для галасаваньня былі пашкоджаныя; былі факты фальшаваньня подпісаў выбарцаў.
Читать дальше