9 лістапада 1996 году, або за два тыдні да рэфэрэндуму, пачалося галасаваньне. Прычым праводзілася яно яшчэ да публікаваньня канчатковых тэкстаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі. Праект прэзыдэнцкай Канстытуцыі выйшаў чатырохмільённым накладам 12 лістапада. Альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, прапанаваны дэпутатамі Вярхоўнага Савету, быў апублікаваны толькі 21 лістапада. Грамадзяне практычна ня мелі магчымасьці зь ім азнаёміцца. Такім чынам, фармальна, абодва праекты былі прапанаваныя для абмеркаваньня, але фактычна насельніцтву накідваўся прэзыдэнцкі праект.
19 лістапада 1996 году на ініцыятыву 73 дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ў Канстытуцыйным Судзе пачаўся разгляд справы «Аб парушэньні Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі Лукашэнкам Аляксандрам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі». Разгляд быў прызначаны на 22 лістапада 1996 году. У той жа час з боку прэзыдэнта зьдзяйсьняўся ўціск на дэпутатаў, якія падпісалі прапанову аб праверцы адпаведнасьці ўказаў прэзыдэнта Канстытуцыі. Выкарыстоўваліся кампрамат, пагрозы звальненьня з працы, а ў некаторых выпадках і пагрозы фізычнай расправы.
У ноч з 21 на 22 лістапада паміж прэзыдэнтам Лукашэнкам і Старшынём Вярхоўнага Савету Шарэцкім было падпісанае Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі. Цікава, што падпісаньне адбылося пры ўдзеле найвышэйшых службовых асобаў Расійскай Фэдэрацыі, якія адумысьля прыехалі ў Менск і ўзялі на сябе ролю арбітраў у спрэчцы беларускіх галінаў улады.
У склад расійскай дэлегацыі ўваходзілі віцэ-прэм’ер па сувязях з краінамі СНД Валер Сяроў, старшыня Дзяржаўнай думы Расійскай Фэдэрацыі Генадзь Селязьнёў і, пазьней, прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін. Пры іх удзеле ў ноч з 21 на 22 лістапада і прайшлі перамовы паміж Сямёнам Шарэцкім, Старшынём Канстытуцыйнага Суду Валерам Ціхінем і Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле Пагадненьня, прэзыдэнт Лукашэнка абавязваўся скасаваць свае ўказы ад 5 лістапада 1996 году № 455 і ад 7 лістапада 1996 году № 459. Гэтым ён прызнаваў рэкамэндацыйны характар рэфэрэндуму па пытаньнях зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі 1994 году. А Вярхоўны Савет у асобе старшыні Сямёна Шарэцкага мусіў адклікаць з Канстытуцыйнага Суду прапанову дэпутатаў аб імпічмэнце прэзыдэнта.
22 лістапада паўнамоцныя прадстаўнікі дэпутатаў Вярхоўнага Савету хадайнічалі аб прыпыненьні справы, а прадстаўнікі прэзыдэнта — аб яе поўным спыненьні. Падставай для абодвух бакоў было падпісаньне пагадненьня паміж сьпікерам Вярхоўнага Савету, Старшынём Канстытуцыйнага Суду і прэзыдэнтам. Разгледзеўшы хадайніцтвы, суд прыпыніў справу.
Аднак пагадненьне не было выкананае. Для таго каб яно атрымала юрыдычную моц, патрабавалася ратыфікацыя Вярхоўнага Савету. Аднак прапрэзыдэнцкая фракцыя дэпутатаў Вярхоўнага Савету «Згода» садзейнічала зрыву ратыфікацыі. Напярэдадні перамовінаў фракцыя «Згода» зьвярнулася да дэпутатаў з заклікам супрацоўнічаць з выканаўчай уладай [23] Гл.: Заявление собрания депутатов Верховного Совета Республики Беларусь // Народная газета. 22.11.96, №294 (1221). C. 1.
. Але пры галасаваньні па ратыфікацыі пагадненьня яе чальцы прагаласавалі супраць ратыфікацыі. Гэта дазволіла прэзыдэнту абвінаваціць Вярхоўны Савет у няздольнасьці ісьці на кампрамісы і адмовіцца ад абавязкаў, узятых на сябе ў сувязі з падпісаньнем пагадненьня. Напярэдадні рэфэрэндуму прэзыдэнт Лукашэнка аднавіў дзеяньне сваіх указаў аб абавязковым характары рэфэрэндуму па пытаньні прыняцьця зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі.
Увесь гэты час працягвалася прапагандысцкая кампанія на карысьць ініцыятываў беларускага прэзыдэнта. У электронных СМІ, практычна цалкам падкантрольных прэзыдэнцкай групоўцы, гледачам дзясяткі разоў на дзень прапаноўвалася падтрымаць пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам Лукашэнкам.
Асабліва актыўна ў часе падрыхтоўкі рэфэрэндуму дзейнічалі органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, камандаваньне вайсковымі часткамі атрымалі канкрэтныя дырэктывы забясьпечыць перамогу прэзыдэнцкага праекту Канстытуцыі. Штабы па правядзеньні рэфэрэндуму ахапілі сваім уплывам ці ня ўсё насельніцтва краіны. Грамадзян з розных прычын, у тым ліку й пад прымусам, схілялі галасаваць датэрмінова, хаця гэта было парушэньнем Закону аб рэфэрэндуме. Вялася беспрэцэдэнтная агітацыйная праца на карысьць прэзыдэнцкіх пытаньняў. Аляксандар Лукашэнка з мэтай прапаганды наведаў шэраг гарадоў, буйных прадпрыемстваў, выступаў на шматлюдных форумах. Усе рэсурсы выканаўчай улады былі накіраваныя на дасягненьне перамогі на рэфэрэндуме.
Читать дальше