Аляксандар Лукашэнка і яго каманда зьвярнуліся да чарговага рэфэрэндуму, на гэта раз у пытаньні новай Канстытуцыі. Новая Канстытуцыя прадугледжвала канцэнтрацыю ўсёй улады ў руках прэзыдэнта і пераўтварэньне Вярхоўнага Савету, Канстытуцыйнага Суду і мясцовых органаў улады ў выключна фармальныя інстытуты, што ня маюць рэальнай улады. Цалкам гэтыя інстытуты нельга было ліквідаваць. Яны павінны былі забясьпечваць працэдуры, якія б імітавалі разьдзяленьне ўладаў. А Лукашэнка і ягоная каманда пасьлядоўна зьдзяйсьнялі ліквідацыю зародкаў дэмакратычнай сыстэмы. Ужо назапашаныя адміністрацыйныя, фінансавыя і ідэалягічныя рэсурсы цалкам гэта дазвалялі.
Сродкі масавай інфармацыі былі сканцэнтраваныя ў руках прэзыдэнцкай групоўкі. Афіцыйныя СМІ прапагандавалі неабходнасьць адзінаасобнай улады. У якасьці ўзору разглядаліся Арабскія эміраты, Саудаўскае каралеўства, дзе «на тле абсалютнай адзінаасобнай улады... прадстаўнічыя органы калі й існуюць, дык толькі ў якасьці дэкарацыі, каб не нэрваваць сусьветнай прагрэсіўнай грамадзкасьці» [22] Гл.: Народная газета, 4 октября 1996 г.
. Публікаваліся лісты прыхільнікаў прэзыдэнта з масы шараговых грамадзянаў, у якіх яны патрабавалі ўвядзеньня простага прэзыдэнцкага кіраваньня.
З 9 да 24 лістапада 1996 году ў Беларусі на ініцыятыву прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены чарговы рэфэрэндум. Прававой падставай для правядзеньня рэфэрэндуму стала пастанова Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ад 6 верасьня 1996 году «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Беларусі і захадах для яго забесьпячэньня». У адпаведнасьці з пунктам 2 гэтай пастановы на рэфэрэндум былі вынесеныя дзьве групы пытаньняў: ініцыяваныя прэзыдэнтам і прапанаваныя групай дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
Прэзыдэнт прапанаваў чатыры пытаньні:
1. Перанесьці Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. 2. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі 1994 году зь зьменамі і дапаўненьнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі), прапанаванымі Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнкам. 3. Ці выступаеце Вы за свабодныя, без абмежаваньняў, куплю і продаж зямлі? 4. Ці падтрымліваеце Вы скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусі?
Група дэпутатаў Вярхоўнага Савету ініцыявала тры пытаньні:
1. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі 1994 году зь зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцыяў камуністаў і аграраў. 2. Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады выбіраліся беспасярэдне жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі? 3. Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна зьдзяйсьняцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?
Згодна з пунктам 3 пастановы, пытаньні пра прыняцьцё Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі 1994 году з прапанаванымі зьменамі і дапаўненьнямі выносіліся на абавязковы рэфэрэндум.
На просьбу Старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, а таксама на ўласную ініцыятыву, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусі праверыў шэраг палажэньняў гэтай пастановы Вярхоўнага Савету з гледжаньня адпаведнасьці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі. У выніку судовага разьбіральніцтва Канстытуцыйны Суд прызнаў, што пункт 3 пастановы, які прадугледжваў вынясеньне пытаньняў зьменаў і дапаўненьняў на абавязковы рэфэрэндум, не адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі.
На падставе гэтага заключэньня Вярхоўны Савет зьмяніў сваю пастанову ад 6 верасьня 1996 году. На абавязковы рэфэрэндум былі вынесеныя толькі пытаньні пра перанос Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі (Дня Рэспублікі) і выбарнасьць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
Прэзыдэнт Лукашэнка не пагадзіўся з заключэньнем Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада і пастановай Вярхоўнага Савету ад 6 лістапада 1996 году. Ён выдаў два ўказы, што датычылі будучага рэспубліканскага рэфэрэндуму.
Ува ўказе ад 5 лістапада 1996 году № 455, парушаючы Канстытуцыю і Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусі», Аляксандар Лукашэнка вызначыў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Далей, ува ўказе ад 7 лістапада 1996 году № 459 было пастаноўлена, што заключэньне Канстытуцыйнага Суду ад 4 лістапада 1996 ня дзейснае, бо істотна разыходзіцца з Канстытуцыяй і абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме. Таксама ўва ўказе была беспасярэдняя пагроза на адрас дзяржаўных органаў, якія перашкаджаюць правядзеньню рэспубліканскага рэфэрэндуму. Паводле пункту 5 гэтага ўказу, дзейнасьць такіх дзяржаўных органаў спынялася, а вінаватыя прыцягваліся да адказнасьці.
Читать дальше