ФАРМАВАНЬНЕ ГІБРЫДНАГА РЭЖЫМУ: АДАПТАЦЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ІНСТЫТУТАЎ ДА СЫСТЭМЫ ПАТЭСТАРНЫХ* АДНОСІНАЎ РАЗЬВІЦЬЦЁ АЎТАРЫТАРНЫХ ТЭНДЭНЦЫЯЎ. РАЗБУРЭНЬНЕ СЫСТЭМЫ РАЗЬДЗЯЛЕНЬНЯ ЎЛАДАЎ
Першапачаткова ў каманду прэзыдэнта ўваходзілі прадстаўнікі розных палітычных плыняў. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам да ўлады ўпершыню прыйшлі па-рэфарматарску настроеныя спэцыялісты: Міхаіл Чыгір, Станіслаў Багданкевіч, Анатоль Лябедзька, Дзьмітры Булахаў, Аляксандар Фядута, Уладзімер Нісьцюк і іншыя. Дзякуючы ім дзеля дапамогі Аляксандру Лукашэнку на выбарах быў мабілізаваны расійскі капітал і найбольш уплывовыя беларускія выданьні [16] Гл.: Боярунец А., Голобуцкий А., Кулик В. Беларусь перед выбором: демократия или авторитаризм? Киев: УФПР, 1996. — 80 с. — С. 12.
. Аднак даволі хутка яны самі адмовіліся працаваць у камандзе першага беларускага прэзыдэнта. Першы сышоў галава тэрытарыяльнага дэпартамэнту Віктар Цярэшчанка. Сыходзячы, ён абвінаваціў абкружэньне прэзыдэнта Лукашэнкі ў некампэтэнтнасьці. 8 сьнежня 1994 году празь нязгоду з курсам прэзыдэнта сышоў Віктар Ганчар. У 1996 годзе, ужо ў пэрыяд супрацьстаяньня прэзыдэнта і Вярхоўнага Савету, падаў у адстаўку прэм’ер-міністар Міхал Чыгір. Спэцыялістаў, якія пайшлі, замянялі кіраўнікі калгасаў і дзяржаўных прадпрыемстваў.
Прыйшоўшы да ўлады, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў барацьбу супраць усіх сілаў, якія нібыта перашкаджалі простаму волевыяўленьню народу, — супраць бюракратыі, незалежных судоў, прэсы, прадпрымальнікаў, парлямэнту, палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. На справе гэта была барацьба з сыстэмай стрымак і процівагаў выканаўчай уладзе.
Захопу ўлады прэзыдэнтам і яго абкружэньнем спрыяла слабасьць дэмакратычных сілаў у самім Вярхоўным Савеце. У кастрычніку 1994 году Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыняў закон, згодна зь якім кіраўнікі мясцовых адміністрацыяў надалей не абіраліся мясцовымі Саветамі, а прызначаліся асабіста прэзыдэнтам. Парлямэнцкая бальшыня, якая належала старой савецкай эліце, спадзявалася пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету атрымаць пасады на месцах, і скасавала мясцовае самакіраваньне.
У сьнежні 1994 году Аляксандр Лукашэнка забараніў друкаваць у газэтах даклад дэпутата Сяргея Антончыка пра злоўжываньні ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Агульнанацыянальныя газэты выйшлі зь белымі палосамі, дзе павінны былі публікавацца выдаленыя цэнзурай матэрыялы з дакладу Сяргея Антончыка. У пачатку 1995 году амаль усе рэдактары агульнанацыянальных газэт былі замененыя. Таксама была ўсталяваная поўная манаполія выканаўчай улады на тэлебачаньне.
Пачынаючы зь вясны 1995 году прэзыдэнцкая ўлада бярэцца за перадзел уласнасьці. Упраўленьне справаў прэзыдэнта на чале зь Іванам Ціцянковым перавяло на свой балянс усе найбольш прэстыжныя будынкі ў Менску, якія раней знаходзіліся на балянсе дзяржаўных установаў. Плата за арэнду ў гэтых будынках пераводзіцца ў прэзыдэнцкую скарбонку.
У траўні 1995 году ў Беларусі адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет. Выканаўчая ўлада стварала максымальна неспрыяльныя ўмовы для правядзеньня выбараў: абмежаваны доступ да СМІ; забаронена праводзіць агітацыію за межамі выбарчых акругаў, па якіх балятаваліся кандыдаты; максымальна дапушчальныя сродкі, выдаткаваныя на выбарчую кампанію аднаго дэпутата, абмяжоўваліся 50 USD. Усім ахвотным работнікам прадпрыемстваў даваўся адпачынак з 1 да 15 траўня. Гэта да мінімуму зьнізіла іх удзел у выбарах, аднак паставіла ў выгадныя ўмовы кандыдатаў, зьвязаных з старой элітай, — дырэктараў саўгасаў і заводаў, дзяржаўных установаў.
Выбары ў Вярхоўны Савет праводзіліся па мажарытарнай сыстэме, якая раней дазваляла старой намэнклятуры кантраляваць працэс выбараў на пэрыфэрыі і стрымліваць уплыў палітычных партыяў. Але цяпер выбары не адбыліся празь нізкую яўку выбарцаў. 8 траўня адбыўся другі тур выбараў. У выніку было абрана толькі 119 дэпутатаў. Гэтай колькасьці не ставала для правядзеньня першага правамоцнага паседжаньня Вярхоўнага Савету. Для пачатку працы новага Вярхоўнага Савету патрабавалася ня менш за 174 дэпутаты, згодна з Канстытуцыяй, — дзьве траціны ад 260, г. зн. ад агульнай колькасьці дэпутатаў. Зь ліку абраных дэпутатаў пераважную бальшыню складалі прадстаўнікі левых палітычных сілаў і супрацоўнікі выканаўчай улады. Стары склад працягнуў працу, іначай Беларусь засталася б без заканадаўчай улады.
Няўдалыя травеньскія выбары дазволілі прэзыдэнцкай групоўцы, спасылаючыся на Канстытуцыю, аспрэчваць правамоцнасьць Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Паводле артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, Вярхоўнаму Савету адводзіўся пяцігадовы тэрмін працы. Аднак, паводле артыкулу 91, завяршэньне тэрміну працы старога Вярхоўнага Савету вызначалася датай першага паседжаньня Вярхоўнага Савету новага скліканьня. Працяг працы старога Вярхоўнага Савету быў абгрунтаваны пацьверджаньнем Цэнтравыбаркаму пра тое, што выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня не адбыліся [17] Гл.: Грыб М. Шлях да паразумення яшчэ ёсць // Народная газета. 13.10.95, №206 (1221). С. 1, 2.
. Аднак заставалася яшчэ адна падстава для зрыву працы парлямэнту — няпэўнасьць кворуму, неабходнага для прыняцьця пастановаў. У 1990 годзе, пры выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, колькасьць дэпутатаў склала 254. Для кворуму было дастаткова 237 дэпутатаў, або дзьве траціны ад колькасьці абраных. Але на верасьнёўскай сэсіі 1995 году збіралася максымум 204 дэпутаты. Гэта давала Аляксандру Лукашэнку падставы не падпісваць законы, прынятыя Вярхоўным Саветам, бо на момант прыняцьця законапраекту не было кворуму. Старому дэпутацкаму корпусу перасталі плаціць заробак. Упраўленьне справаў прэзыдэнта захапіла маёмасьць Вярхоўнага Савету: вытворчае аб’яднаньне «Кастрычніцкае» з гатэлем, сталоўкай і аўтабазай [18] Гл.: «Парламент не павінен «кідацца ў атаку», рэагуючы такім чынам на кожнае выступленне прэзідэнта» (Інтэрв’ю карэспандэнта Інтэрфаксу В. Зянковіча). У кн.: Грыб М. На гістарычным скрыжаванні. Мн.: Тэхналогія, 1996. — 158 с. — С. 53—58. — C. 58; «…Не ператварыць сэсію ў палітычную гульню». Уступнае слова Старшыні Вярхоўнага Савету М.І. Грыба на адкрыцці чарговай XVIII сесіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі XII склікання 5 верасня 1995 г. // Звязда. №165 (22703) ад 06.09.95. С. 1, 3.
.
Читать дальше