Спроба рэформы камуністычнай сістэмы (“Пражская вясна”, 1968 г.)— супярэчнасці ўнутры кіраўніцтва КПЧ і незадаволенасць большасці славацкага прадстаўніцтва дзяржаўна-прававым становішчам Славакіі ў агульнай дзяржаве выклікалі ў студзені 1968 г. сыход Антаніна Новатнага з пасады першага сакратара ЦК КПЧ, якога на гэтай пасадзе замяніў Аляксандр Дубчык. Гэты выбар прынёс узмацненне рэформавых плыняў, што пачало асабліва выразна праяўляцца з сакавіка 1968 г. Была скасавана цэнзура медыяў, ажывілі дзейнасць незалежныя грамадскія арганізацыі. Пад націскам славацкіх палітыкаў пачалася падрыхтоўка федэралізацыі Чэхаславакіі. Рэформавая спроба была перапынена 21 жніўня 1968 г. ваеннай інтэрвенцыяй СССР, рэалізаванай ад імя Варшаўскай дамовы. Паступовая ліквідацыя дэмакратычных змен дасягнула апагею ў абранні Густава Гусака кіраўніком КПЧ у красавіку 1969 г. і завяршылася масавымі чысткамі ў КПЧ і грамадскім жыцці на пераломе 1969—1970 гг. Утвораны рэжым т.зв. нармалізацыі вызначаўся шматлікімі рэпрэсіямі і непрыманнем якіх-кольвек рэформ. У практычна нязменным выглядзе ён пратрываў да 1989 г. Дэмакратычная апазіцыя ў выглядзе незалежных ініцыятыў (напрыклад, Хартыя-77) хоць і пачала фармавацца ў 2-й палове 70-х гадоў, але актыўную ролю пачала адыгрываць толькі пасля 1987 г.
Зрын камуністычнага рэжыму (лістапад 1989 г., “аксамітная” рэвалюцыя)— незадаволенасць насельніцтва эканамічнай і палітычнай сітуацыяй пасля 1987 г. вяла да нарастання напружання ў грамадстве. Штуршком да масавых непакояў сталася непацверджаная вестка пра забойства студэнта Марціна Шміда падчас паліцэйскай атакі супраць дэманстрацыі студэнтаў. Заклік студэнтаў да правядзення ўсеагульнага страйку падтрымалі тэатральныя дзеячы. Пасля аб’яднання незалежных ініцыятыў утварыліся масавыя антытаталітарныя рухі Грамадзянскі форум (Чэхія) і Грамадскасць супраць гвалту (Славакія). Пад ціскам паспяховага ўсеагульнага страйку і масавых дэманстрацый КПЧ мусіла адмовіцца ад сваёй манаполіі на ўладу і 10 снежня 1989 г. пайсці на ўтварэнне т.зв. ураду нацыянальнага паразумення, дзе яна мела меншасць. Сімвалічна зрын камунізму завяршылі абранне Вацлава Гавэла прэзідэнтам Чэхаславакіі ў снежні 1989 г. і першыя свабодныя парламенцкія выбары з 1946 г., праведзеныя ў чэрвені 1990 г. Пасля іх КПЧ канчаткова апынулася ў апазіцыі.
Узнікненне незалежнай Славацкай Рэспублікі (падзел Чэхаславакіі, 1993 г.)— вынік палітычнага крызісу, выкліканага няўдалымі перамовамі наконт дзяржаўна-прававога ўладкавання і падрыхтоўкі новай канстытуцыі Чэхаславакіі. Тым часам як пераважная большасць прадстаўнікоў Чэхіі настойвала на ўмацаванні ўнітарных элементаў, дамінантная частка славацкіх палітычных сіл выступала за паслабленне датулешніх федэратыўных сувязяў. У Славакіі ўзмацненню сепаратысцкіх тэндэнцый паспрыяла й высокая ступень незадаволенасці негатыўным уплывам эканамічных рэформ на матэрыяльнае і сацыяльнае становішча грамадзян СР. Пасля парламенцкіх выбараў 1992 г., у якіх перамаглі кансерватыўная Грамадзянская дэмакратычная партыя на чале з Вацлавам Клаўсам, што праводзіла радыкальныя рынкавыя рэформы (Чэхія), і нацыянал-папулісцкі Рух за дэмакратычную Славакію Ўладзіміра Мэчыяра (Славакія), абодва лідэры — у тым ліку й з прычыны немагчымасці выпрацаваць канструктыўную ўрадавую праграму — дамовіліся аб прыняцці канстытуцыйнага закону пра скасаванне федэрацыі. У выніку 1 студзеня 1993 г. узніклі дзве незалежныя дзяржавы — Чэшская Рэспубліка і Славацкая Рэспубліка. У кантэксце крывавых падзей, якія суправаджалі распад Югаславіі, а часткова й СССР, распад Чэхаславакіі атрымаў найменне “аксамітнага разводу”.
828— асвячэнне першай хрысціянскай царквы пры двары князя Прыбіны (Нітра)
833— стварэнне Вялікай Маравіі праз аб’яднанне Нітрынскага і Мараўскага княстваў
863— дзейнасць братоў Канстанціна і Мяфодзія, выкарыстанне славянскай літургіі (у 885 г. была заменена на лацінскую)
907— канец Вялікай Маравіі, паступовае ўлучэнне Славакіі ў старамадзьярскую (пазней — вугорскую) дзяржаву
1048—1105— Нітрынскае ўдзельнае ваяводства ў межах Вугоршчыны (тэрыторыя сучаснай Славакіі)
1238— прывілеі свабоднага каралеўскага гораду Трнаве (першаму на тэрыторыі Славакіі), Браціслава падобны статус атрымала ў 1291 г.
1301— канец дынастыі Арпадаў
Читать дальше