Ніякіх прыкрых і зневажальных слоў мы нідзе да вас не пісалі. А вы, вялікія паслы, пісалі да нас, царскай вялікасці баяраў і думных людзей, непрыстойным звычаем, з дакорам, і быццам мы пагражаем вам сорамам. І вы пішаце нам, што мы вас ад таго вашага жадання не адвядзём аніякімі нашымі пагрозамі. І што вы гатовыя за вашу праўду і памерці. Ды і то ўзгадваеце, што вы не адны памраце, але і царскага вялікасці паслы ў Польшчы.
І мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, вас, каралеўскай вялікасці вялікіх паслоў, зараз ні ў чым не зневажалі, і з дакорам, і з пагрозамі да вас не пісалі. І прыставам ні ў чым ганьбіць вас словам і пагражаць вам не загадалі. І паміраць вам, абодвум паслам, няма чаго.
А напісалі мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, вам у адказ на вашыя словы, якія вы, вялікія паслы, перадавалі нам праз прыставаў. Толькі вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, не загадае вам у той, раней агавораны дзень, быць на пасольстве.
І калі вы, сеўшы на коней, паедзеце да вялікага ўладара нашага самі, без указа, то вас не пусцяць. І будзе парушэнне дамовы аб вечным міры, як быццам бы з нашага боку, і мір будзе не ў мір. А ў мірнай пасольскай дамове напісана менавіта, што вялікім гаспадарам быць паміж сабой у брацкім сяброўстве і любові, і належыць шукаць паміж сабой лепшае. А калі і будзе якая-небудзь сварка паміж дзяржавамі, то разбірацца ў прычынах і вырашаць іх папраўдзе. А мірнай дамове парушэнняў не чыніць.
А вы сёння сваімі словамі самі хочаце ўчыніць парушэнне мірнай дамовы.
І, акрамя таго, вам, вялікім паслам, ніякай ганьбы і пагроз не пісалі.
Вы пісалі, быццам вялікіх паслоў трымаюць у няволі і замыкаюць іх, а таксама, што з боку царскай вялікасці ёсць пагроза вялікім паслам, што хочаце гэтаксама ўчыніць і нашым вялікім паслам. Жаліцеся, што вашым людзям холадна і голадна. Мы дзівімся з таго, што вы нам пішаце. Паводле царскага ўказу ў вас ва ўсім ёсць дастатак, хапае ежы для людзей і корму для коней, ніякай патрэбы і голаду няма.
Вы жаліцеся, што вам цесна стаяць. Але цесната ў вас з-за вас саміх. Вы ўзялі з сабой людзей не паводле дамовы і да таго ж доўгі час не дасылалі спісы.
Таму для многіх з іх не падрыхтавана жыллё. Дзяржавец Ян Крамянеўскі пісаў з Дарагабужа ў Вязьму да ваяводы, князя Пятра Пронскага, што з вамі будзе чатырыста пяцьдзясят чалавек. А цяпер з вамі вашых людзей больш за шэсць соцень чалавек. Цяпер нават не ведаем, як рэагаваць на ваш ліст і як успрымаць лісты вашых дзяржаўцаў?
Вялікі гасудар наш, нягледзячы на ўсё, па нашай просьбе, загадаў дадаць вам памяшканняў. Але калі б мы толькі ведалі, ці хоць бы нам напісаў дарагабужскі дзяржавец, што з вамі будзе столькі людзей, мы б да таго падрыхтаваліся. Бо і раней у тым пасольскім двары спыняліся вашы вялікія паслы, з якімі бывала чалавек па восемсот і дзевяцьсот, але цеснаты не адчувалі.
Калі вы здзяйснялі прысягу на з’ездзе з вялікім паслом яго царскай вялікасці, баярынам і намеснікам пскоўскім Фёдарам Іванавічам Шарамецьевым з таварышамі, вы дамовіліся і пісьмова выклалі, што абодвум вялікім паслам узяць з сабой з кожнага боку па дзвесце чалавек і па трыста коней. Вы і ліст аб тым ад сябе даслалі да вялікіх паслоў царскай вялікасці. Але ў тым вашым лісце нічога не гаварылася аб большай колькасці людзей, інакш бы мы загадалі загадзя падрыхтаваць двары і стварылі ўсялякі спакой для вас, нашмат лепш цяперашняга.
Усё здарылася па вашай віне. Вы ўзялі з сабой людзей больш, чым прадугледжвалася пасольскай дамовай. Вы не паведамілі пра гэта ў лісце дарагабужскага дзяржаўцы.
А голаду і недахопу ў ежы вам, вялікім паслам, каля царскай вялікасці няма. У дарозе заўсёды даюць бедны корм, а ў стане ўсё далі належным чынам.
А што пагражаеце таксама і нашым паслам чыніць, то вам варта ведаць — паслы царскай вялікасці прывыклі васпаноў сваіх слухаць. І як ім вялікі гасудар загадвае быць на пасольстве, гэтак яны і ўчыняць. І самавольна на пасольства, без загаду вашага гаспадара, не пойдуць.
Мы да вас пасылалі грамату таму, што вы самавольна хацелі ехаць да вялікага ўладара нашага, без загаду царскай вялікасці. І які вам у тым гонар, каб ехаць да царскай вялікасці без загаду!?
А няволі вам, вялікім паслам, у Маскоўскай дзяржаве няма ніякай. Вам бы, вялікім паслам, на тое не крыўдаваць і не трымаць у думках ніякіх сумневаў.
Дасць Бог, каля царскай вялікасці неўзабаве будзеце. І мірны дагавор, і прысяга, дасць Бог, здзейсняцца! І парушэння мірнай дамовы не будзе!
Читать дальше