Прыставы адказалі:
— Немагчыма таму быць і раней гэтак не бывала.
У выніку, нам давялося па-ранейшаму стаяць у цеснаце.
23 у пятніцу. Да іх міласці прыйшлі прыставы і агучылі дакладны час, калі паслам належала ў наступную нядзелю вітаць цара. А менавіта, а пятай гадзіне дня. Гэтаксама запыталіся іх міласць паноў паслоў пра тое, ці маюць яны нейкія падарункі цару ад караля і ад сябе.
Яго міласць пан камянецкі адказаў:
— Тое праўда, што калі паслы ідуць да манархаў, то каб з большай удзячнасцю і цеплынёй быць прынятымі, прызвычаіліся прыносіць розныя падарункі. І мы тое б зрабілі. Але паколькі ўбачылі, што вашы паслы, якія ішлі да яго міласці караля, не везлі аніякіх падарункаў, мы гэтаксама не будзем падносіць цару падарункаў ад сябе і ад караля яго міласці.
На тое маскавіты нічога не адказалі, ці то нічога аб тым не ведалі, або наўпрост хітравалі.
Гарыхвостаў прамовіў:
— Хіба маглі нашыя вялікія паслы ехаць без падарункаў да каралеўскай вялікасці!?
Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:
— Будзьце вы з намі шчырамі! Даведайцеся ў сваіх старэйшых, ці павезлі вашы паслы падарункі ад цара і ад сябе для караля яго міласці, пана нашага. Дайце нам дакладна ведаць пра тое і ад нас адразу пэўна пачуеце, ці паднясём мы цару падарункі ад сябе і ад караля.
Гэтаксама іх міласці паны паслы абмеркавалі з прыставамі, каб слугі паслоў гэтаксама мелі магчымасць цалаваць царскую руку. Прыставы паабяцалі данесці іх словы думным баярам.
Пасля ад’езду прыставаў да іх міласці паноў паслоў прыйшоў Гарыхвостаў і сказаў:
— Яго царская вялікасць, наш валадар, вас, вялікіх паслоў вялікага гасудара вашага, брата свайго, у любові прымаючы, дазваляе і вашым дваранам цалаваць яго царскую руку. І вялікі валадар наш, яго царская вялікасць і ўсе мы ведаем, што ў вас у Літве і Польшчы каля вялікіх паноў шмат пры вас жыве людзей першага артыкула. І дзяржаўныя людзі і баярскія сыны пры вас служаць. І ўсім ім вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, са сваёй ласкі загадвае цалаваць руку і чалом яму біць. Але вы б, вялікія паслы, таго сцерагліся, каб царскай вялікасці не стала нудна, калі шмат людзей пойдзе да яго годнай рукі.
Убачылі іх міласці паны паслы, што іх хочуць дэскрыдытаваць, таму паабяцалі патрафіць цару, каб яму не стала прыкра.
24 у суботу. Прыставы прынеслі ад думных баяраў адказ на папярэдні запыт іх міласці паноў паслоў.
У ім гаварылася:
«Вялікага валадара цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка, яго царскай вялікасці баяры і думныя людзі — вялікага гаспадара Уладзіслава Чацвёртага, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, вялікім паслам Аляксандру Песачынскаму, ваяводзічу віленскаму Казіміру Лявону Львовічу Сапегу, стольніку і пісару каралеўскаму Пятру Вяжэвічу.
Прыслалі да нас, царскай вялікасці баярам і думным людзям ліст у адказ на наш ліст, які мы паслалі вам з прыставамі.
У тым лісце вы напісалі вялікага валадара нашага, яго царскую вялікасць, найменнем без «самаўладца». Не паводле ягонай валадарскай вартасці, і не паводле мірнай дамовы, заключанай праз прысягу. Тым самым, вы чыніце парушэнне мірнай дамовы. Гэта вельмі значная справа — берагчы гонар валадара. І надалей вам бы вялікага валадара нашага, яго царскае найменне ў лістах сваіх пісаць і ў прамовах сваіх казаць ва ўсім згодна пасольскаму дагавору, з поўным царскім імем і «самаўладцам», пра што ободва вялікія паслы крыж цалавалі.
А калі вы, вялікія паслы, надалей пачнеце да нас у лістах сваіх пісаць ці ў прамовах казаць найменне вялікага нашага валадара не цалкам і без «самаўладца», мы такіх прамоваў вашых слухаць і лісты ад вас прымаць не будзем.
А гэтак, як вы напісалі да нас, баяраў і думных людзей, пра тое, то вы нас тым абняславілі. А мы гаспадара вашага называем ва ўсім паводле пасольскай дамовы і да вас у лісце нашым напісалі ветліва, а не ганарлівым звычаем і не ў чым вас не абняславілі.
А пісалі да вас, вялікіх паслоў, абвяшчаючы вам, што вам у вялікага гасудара, цара нашага і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца, у першы тыдзень святога Вялікага посту быць немагчыма. А вы да нас пісалі, каб вам каля царскай вялікасці быць на пасольстве ў дамоўлены тэрмін.
Але вечны мір можна заключыць і ў іншы дзень. І мы да вас, вялікіх паслоў, раней пісалі і цяпер гэтаксама аб’яўляем, што вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадвае вам, вялікім паслам, быць у яго, гаспадара, на пасольстве ў бліжэйшую нядзелю.
Читать дальше