14 сакавіка 1939 г. славацкі сойм абвясьціў «самастойную і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сакавіка Нямеччына ўзяла «пад сваю абарону». — А. П.
Адпаведны запіс у інструкцыі гучаў у арыгінале наступным чынам: «Ziel eines Reichskommissars fur Estland, Lettland, Litauen muss es sein, die Form eines deutschen Protektorats zu erstreben…». Пазьней пасьля «Litauen» алоўкам было дапісана «Weissruthenien». Як высьветлілася на Нюрнбэрскім працэсе, названая інструкцыя была часовым праектам і ў такой форме не высылалася ведамствам Розэнбэрга.
Паводле прызнаньняў сьведкаў, «усё вышэйшае кіраўніцтва, міліцыя, служба бясьпекі і нават шэф грамадзянскай абароны разам з сваім штабам пакінулі горад (Менск. — Ю. Т.) за тры дні да заняцьця яго немцамі. Ніхто нават не спрабаваў гасіць пажары…»
Гэтыя зьмены былі прадугледжаны ў польска-савецкай дамове ад 16.8.1945, паводле якой СССР перадаў на карысьць Польшчы 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Фактычна гэтыя землі польская адміністрацыя пераняла ўжо ўлетку 1944 г.
Пад перасяленнямі трэба разумець высылку беларускіх сялянскіх сем’яў у Расею падчас калектывізацыі, прымусовыя «вэрбоўкі» моладзі на «будоўлі сацыялізму» і г. д. — А. С.
У шэсьцідзясятых гадох фігуравала значна ніжэйшая лічба эвакуяванага насельніцтва (звыш 1 млн. чалавек). Крыніцай гэтай інфармацыі быў даведнік — праваднік па залях Беларускага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выдадзены ў Менску ў 1960 г.
Трэба мець на ўвазе і цяжкі досьвед «уцякацтва» падчас Першае сусьветнае вайны. Акрамя таго, сярод насельніцтва заходніх паветаў Беларусі захавалася неблагая памяць пра «першых немцаў» як пра культурны народ. — А. С.
Кошт асноўных вытворчых фондаў, у т. л. машын, абсталяваньня і будынкаў, ува ўсходніх абласьцях БССР на 1.1.1941 г. складаў 1321,8 млн. рублёў. Нельга параўноўваць з гэтай сумай кошт эвакуяваных сродкаў вытворчасьці (478,1 млн. руб.), бо сюды не ўвайшлі прамысловыя будынкі.
Лічыцца, што пры адгоне на ўсход каля 15 % свойскай жывёлы загінула, 20–25 % было перададзена вайсковым часьцям і дзяржаўным арганізацыям. На пачатку 1942 г. у розных абласьцях РСФСР знаходзілася ўжо каля 200 тыс. галоў жывёлы, эвакуяванай зь Беларускай ССР.
На думку Вакара, страты гэтыя былі «непараўнальна большыя» за тыя, што прычынілі немцы падчас акупацыі.
Бах-Залеўскі Эрых Юліюс Эбэргард фон дэм (1899–1972) — обэргрупэнфюрэр СС і генэрал паліцыі, з 1941 па 1944 г. — вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі цэнтральнай Расеі зь сядзібай спачатку ў Магілёве, а пасьля ў Менску. Арганізатар масавых пакараньняў сьмерцю ў Менску і Магілёве. Восеньню 1944 г. — адзін з кіраўнікоў падаўленьня Варшаўскага паўстаньня. — А. П.
Айнзацгрупа «А» дзейнічала ў тыле групы армій «Поўнач», г. зн. у Прыбалтыцы, у тым ліку і ў некалькіх сельсаветах Беларусі, далучаных немцамі да Літвы. — Ю. Т.
Па зьвестках беларускіх дасьледчыкаў, агульная колькасьць польскіх чыноўнікаў, цывільных і вайсковых асаднікаў і іншых службоўцаў, якія ў 1921–1939 г. перасяліліся ў Заходнюю Беларусь, даходзіла да 300 тыс.
У міжваенную пару ў Польшчы была распаўсюджаная практыка накіраваньня на кіроўныя пасады на т. зв. «усходніх крэсах» палякаў з тэрыторыі Галіччыны і Сылезіі. Гэтыя тэрыторыі перад Першай сусьветнай вайной уваходзілі ў зону германскага ці аўстрыйскага «забораў». Таму многія з гэтых людзей у той ці іншай ступені ведалі нямецкую мову. — А. П.
Тое самае пацьвярджае і орган падпольнай Нацыянальнай партыі: «Першыя цывільныя ўлады, створаныя нямецкім войскам, камплектаваліся з улікам антыкамуністычнай палітыкі, таму наймалі шмат польскай інтэлігенцыі…»
Тым ня менш былы шэф Віленскага прадстаўніцтва ўраду Сікорскага Зыгмунт Федаровіч напісаў у сваіх успамінах наступнае: «Нямецкая акупацыйная адміністрацыя на тэрыторыі нашых Крэсаў абапіралася на літоўцаў і беларусаў».
Маецца на ўвазе — афіцэр ІІ аддзелу польскага Генэральнага штабу. ІІ аддзел займаўся пытаньнямі выведкі і контравыведкі. — А. П.
У 1928–1940 г. на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі пагалоўе коней з 1079 тыс. паменшала да 597 тыс., буйной рагатай жывёлы — з 2218 тыс. да 1622 тыс., сьвіней — з 2399 тыс. да 1411 тыс., авечак і коз — з 3817 тыс. да 1213 тыс.
Читать дальше