Газэта «Grodnoer Zeitung», якая выдавалася для жыхароў Беластоцка-Гарадзенскай акругі, у 1916 г. выходзіла на трох мовах: расейскай, польскай і габрэйскай, але не па-беларуску. Урадавы «Befehls-und Verordnungsblatt» зьмяшчаў тэксты на літоўскай, латыскай і польскай мовах, аднак не на беларускай. Напэўна, такая сытуацыя тлумачылася адсутнасьцю перакладчыкаў зь нямецкай на беларускую мову.
Для першага набору слухачоў курсы былі трохмесячныя, для наступных — шасьцімесячныя.
Абіхт Рудольф (1850–1921) — нямецкі славіст, прафэсар Уроцлаўскага (Брэслаўскага) унівэрсытэту. Дасьледаваў беларускую мову і літаратуру, спрыяў адраджэньню беларускага пісьменства. — А. П.
У артыкуле «Вільня, 13 жніўня 1918 г.» (Homan. 1918. 13 жніўня) А. Луцкевіч пісаў, што «беларускія народныя школы дайшлі ў нас даволі вялікай цыфры — 150». У брашуры «Польская акупацыя ў Беларусі» (1920) і артыкуле «Дзесяцілецьце Беларускае школы» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 12 лістапада) ён адзначаў, што ў Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў пэрыяд нямецкае акупацыі было закладзена 153 школы. Гэтая лічба названая і ў зборніку «Наша Ніва» (Вільня, 1920. С. 48). — А. С.
М. Семаковіч піша, што ў сьнежні 1918 г. існавала каля 400 беларускіх школаў: 135 — на Гарадзеншчыне, 150 — на Віленшчыне, 54 — на Наваградчыне. Лічбу школаў на Меншчыне аўтар не назваў. — А. С.
Гаворка пра ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, пісаны І. Луцкевічам, і адозву Канфэдэрацыі, аўтарам якое быў Ю. Шаўліс. — А. С.
Гаворка пра зварот «беларускага арганізаванага грамадзянства» да Галоўнай камісіі Райхстагу, апублікаваны ў «Homanie» 28 верасьня 1917 г. — А. С.
Вядомыя таксама звароты да райхсканцлера, пісаныя 26 сакавіка 1917 г. і 16 кастрычніка 1917 г. — А. С.
Усебеларускі зьезд пачаў працу 5(18) сьнежня 1917 г. Ініцыятыва яго скліканьня, акрамя Выканаўчага камітэту Вялікай беларускай рады, належыць таксама Выканаўчаму камітэту Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускаму выканаўчаму камітэту Заходняга фронту. Зьезд пастанавіў утварыць з свайго складу орган краёвай улады Беларусі — Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. — А. С.
У НАРБ захоўваецца машынапісная копія пратаколу паседжаньня агульнага сходу сяброў 1-га ўсебеларускага зьезду ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі раніцай 18 сьнежня 1917 г. На гэтым паседжаньні Рада зьезду была абвешчана часоваю краёваю ўладаю. Тамсама маецца копія рэзалюцыі Рады зьезду, прынятай 21 сьнежня. Рада прызнала сябе часоваю ўладаю і вырашыла папоўніць свой склад прадстаўнікамі сялян, рабочых і салдатаў, а таксама нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партыяў. Было вырашана вылучыць з складу Рады выканаўчы камітэт 1-га ўсебеларускага зьезду. Рада даручала Выканаўчаму камітэту прыняць на сябе функцыі выканаўчай улады ў Беларусі. Мелася на ўвазе, што Выканкам сфармуе ўрад, якому была дадзена назва «Урад народных камісараў». — А. С.
Ф Турук піша, што дэлегаты Рады зьезду ўдзельнічалі ў берасьцейскіх перамовах як дарадчыкі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі і не маглі аказваць уплыву на іх хаду.
Выйшаўшы з падпольля 19 лютага 1918 г., Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага зьезду выдаў загад № 1, у якім абвясьціў, што «ўзяў уладу ў свае рукі», а «для наладжаньня парадку ў гор. Менску» прызначыў камэнданта — Канстанціна Езавітава. 20 лютага было абвешчана аб стварэньні рэвалюцыйнай улады — Народнага сакратарыяту Беларусі. У той самы дзень Народны сакратарыят прыняў на сябе абавязкі Часовага беларускага ўраду. 21 лютага была апублікаваная 1-я Устаўная Грамата да народаў Беларусі і абвестка пра тое, што Народны сакратарыят «ужо прыступіў да спаўненьня сваіх абавязкаў». Да ведама грамадзян даводзіўся асабовы склад Народнага сакратарыяту. — А. С.
Тэлеграму кайзэру выслала ня Рада БНР, а яе дзеячы: старшыня Рады Я. Серада, старшыня Народнага сакратарыяту Я. Варонка, сябры Рады Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Аляксюк, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Пасьля таго, як тэлеграма была пасланая ў Бэрлін, у Радзе і Народным сакратарыяце вынік крызіс. Калі б пытаньне аб пасылцы тэлеграмы абмяркоўвалася на пленарным паседжаньні Рады, гэтая ідэя наўрад ці была б ухваленая. — А. С.
У верасьні 1918 г. зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут. Яго далейшую дзейнасьць фінансавалі ўрад БНР і акупацыйныя ўлады. Вялася падрыхтоўка да пераўтварэньня яго ў вышэйшую навучальную ўстанову, аднак адкрыцьцё Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту адбылося ўжо пры бальшавіках — у канцы 1918 г. — А. С.
Читать дальше