А пасля, калi перагарэў шост i конскi чэрап паляцеў у агонь, скакалi праз вогнiшча - падабенства сонца на зямлi, i дым ачышчаў людзей ад хвароб, надаваў iм здароўя.
- Што стаiш, княжыч?
Ён азiрнуўся i ў святле полымя ўбачыў Бажэну - усхваляваную i чароўную. Яна працягвала яму руку.
- Давай скокнем праз Купалу, - прапанавала дзяўчына.
I вось яе далонь у яго далонi - маленькая i пяшчотная. Толькi не выпусцiць яе пры скачку, тады, паводле павер'я, яны пажэняцца. Пабеглi разам да вогнiшча, i ўзляцелi яны ўгору перад полымем, i перасягнулi яго. I дзявочая далонь у яго далонi.
* * *
А праз дзень князь Жывiнбуд павёў сваю дружыну ў паход. I не срачыца, не жупан быў на iм, а кальчуга, злучаная са шлемам бармiцай, на скураным пасе вiсеў меч. Белы конь нёс князя. А за Жывiнбудам ехалi на конях вершнiкi, iшлi дружыннiкi. Зiхацелi на сонцы даспехi, срэбная вупраж коней. Услед вiцязям паглядалi iх жонкi i дзецi, сёстры i бацькi. Жыццё пачынала для iх новы адлiк часу - часу чакання з вайны сваiх сыноў, братоў i мужоў. Час трапяткой надзеi, што тыя перамогуць ворага i жывымi вернуцца дадому i не для iх давядзецца запальваць краду вогненную. I княгiня Лаўса з трывогай паглядала ўслед дружыне. Вось так два гады таму пакiдаў князь на чале сваiх вiцязяў град. Адправiўся з iм у паход на русаў старэйшы сын Лютавiт. I тады трывога сцiскала яе сэрца. А праз месяц вярнуўся князь з сечы. Нiзка апусцiў пасiвелую галаву Жывiнбуд. Прадчуваючы нядобрае, пабегла насустрач яму княгiня i ўбачыла, што вялi за мужам сынава каня. Нiчога не мовiў ёй князь, толькi цяжка ўздыхнуў. Расступiлiся воi i вынеслi на шчытах цела Лютавiта.
Нi муж, нi дзецi, нi чэлядзь - нiхто не бачыў яе слёз, не чулi, як па-бабiнаму карыла яна па забiтым сыне. Толькi калi дым ахвярнага полымя панёс яго душу ў вырай, лямантавала княгiня: "Сонейка маё, чаму так рана ты зайшло? Свеце мой светлы, чаму цемра ахiнула цябе? Куды ж ты ад мяне адлятаеш? Куды ж ты гэта прыбраўся? У якую дарожаньку i ў якую староначку? Дай жа мне вестачку, хоць праз кавулю. Рана-раненька буду слухаць, што кавуля пра цябе мовiць. Падымi ты сваю маладую галовачку i скажы ласкавае слоўца".
Яна падманвала сябе. Не ў вечным выраi продкаў душа Лютавiта, а жывы ён. Проста пакiнуў бацькоўскi дом i цяпер княжыць самастойна. За клопатамi не дабярэ часу наведаць бацькоў. Можа, таму не распытвала яна мужа, як загiнуў Лютавiт. Гэтае ашуканства суцяшала яе. Сны, якiя рэдка дарылi ёй сустрэчу з сынам, толькi замацоўвалi яе падман. Час адбiраў у памяцi рысы сынавага твару, i голасу яго ўжо не памятала, i боль страты сцiхаў, слабеў.
I вось праводзiць яна на сечу мужа i двух сыноў, i сэрца прадчувае бяду.
Апошнi вой схаваўся за даляглядам. Адчулi тыя, хто застаўся чакаць, нiбыта асiрацелi яны, i нагадалi выпадак з каршуном i белай галубкай - бяду павяшчае.
* * *
Дзiця сваiх пачуццяў, як хутка знайшла яна радасць у яго ласках i як у адчаi яна абдымала яго, калi яны развiтвалiся, нiбыта не жадала адпусцiць яго. "Ты пакiдаеш мяне?" Ён марыў, каб не скончылася гэтае iмгненне iх шчасця. Але ночы мiнуў час. I цяпер, хiстаючыся ў сядле, княжыч успамiнаў iх сустрэчу. Сядзелi ў адным з пакояў гаспадарскай пабудовы. Уразiлi яе словы.
- Я радуюся шчасцю жыць, - казала Бажэна. - I хай будзе боль i няўдача, але ёсць i каханне.
Чакаў, што Бажэна прызнаецца, што ён любы ёй. Але дзяўчына змоўкла. Сядзела на невялiчкай лаве каля сцяны i паглядала на трапяткi язычок свечкi. Маўчаў i ён, а пасля падняўся, падышоў да Бажэны i апусцiўся каля яе на каленi, паклаў рукi на яе ногi. Праз iльняную сарочку адчуваў мякка-пруткую пяшчоту яе сцёгнаў. Яе частае дыханне абпальвала ягоны твар. Розум паддаўся неадольнай сiле, якая вабiла яго да дзяўчыны. I ён хацеў цалаваць дзяўчыну ў прыемным пачуццi ўлады над ёю. А Бажэна смялася: "Хочаш патрымацца за нагу, дык патрымайся". Ён гладзiў яе ногi. "Ну, можаш патрымацца i тут, - смяялася дзяўчына. - Патрымаўся, i хопiць".
Сваёй насмешлiвасцю яна прынiжала яго самалюбства. Яна смяялася з яго.
Падняўся з калень i вярнуўся на сваё месца, сеў на лаву каля дзвярэй. Яшчэ гарачая кроў бегла па жылах, але да яго вярнуўся розум. Не стане прынiжацца перад ёй. Трэба было развiтацца. "Iдзi да мяне", - раптам папрасiла Бажэна. А ён сядзеў на месцы. Хай цяпер яна прынiзiцца перад iм. "Нiкога не прасiла, а цябе прашу", - казала дзяўчына. I ён падышоў да яе. Не чакаў, але дзяўчына ступiла насустрач i прытулiлася да яго. Яе пальцы трапяткой хваляй прабеглi па яго валасах. Ап'янелы ад блiзкасцi дзяўчыны, ён прыпаў да дзявочых вуснаў i абняў яе за плечы. З неспатоленай прагай яны цалавалi адно аднаго. Ад удзячнасцi, ад пакутлiвай асалоды дзявочых пацалункаў, ад той памыснасцi, якiя перажываў, ён багавеў перад дзяўчынай i пяшчотна цалаваў яе твар i шыю, гладзiў валасы.
Читать дальше