* * *
Падымалi чары i рогi з медавiнай на трэбiшчы, мо апошнi раз у жыццi. Хто ведае, як здзейснiцца над чалавекам воля багоў. Можа, прынясуць з сечы дадому на шчытах, а можа, i вып'е хмельную чару за перамогу над ворагам i на трызне па сябрах.
Сядзелi перад вогнiшчамi, пiлi медавiну. Князёвы отракi падносiлi кожнаму смажанае на вогнiшчы мяса ахвярнага быка. З'елi яго. Отракi тут жа паднеслi розную ядзь: мяса, рыбу, пiрагi, сыры, тварог i пра пiтво, не забывалiся, падлiвалi ў чары i рогi медавiну, пiва i квас.
Ударылi па звончатых струнах гусляры, i загучала песня.
У кроў ахвярнай жывёлы памачылi вестуны стрэлы i, узяўшы па патухлым вугольчыку, панеслi трывожную вестку па Лiтве. "Пагоня!"
* * *
Ранiшняе святло прагнала начную цемру i прадвяшчала ўсход велiчнага i дабрадайнага сонца, якое асвецiць зямлю.
Волак, якога празвалi Ваўком, ляжаў на мядзведжай шкуры, што ўсцiлала ложа, i паглядаў у кут, дзе на палiцы стаяў невысокi драўляны стол барадатага дзеда-хатнiка. На двары, нiбыта плакала немаўля, тужлiва вуркацеў голуб. Гэтай вясной у галiнах клёна, што рос побач з князёвымi харомамi, звiлi гняздо галубы, i з акенца ложнiцы княжыч пазiраў на птушак. Ён звыкся да гэтай галубiнай сям'i - белай галубкi i белага з сiнiмi пёрамi голуба, звыкся да iх вуркацення, шумнага трапцення птушыных крылаў.
Волак падняўся з ложа i зiрнуў у акенца. Птушка сядзела на галiнцы каля гнязда i, натапырыўшы пёры, вуркацела.
- Ты падняўся? - прагучаў за спiнаю княжыча голас яго малодшага брата Вышака. - Ну, то добра.
Волак азiрнуўся. Брат стаяў у дзвярах, апрануты ў белую льняную сарочку з вышытымi на беражку знакамi сонца - крыжамi, завязаную шнурком каля шыi. Iльняныя белыя парты былi ўвабраны ў мяккiя боты з астрогамi. На пасе са срэбнай спражкай вiселi ў шкураных похвах нож, капшук з крэсiвам. Вышакавы твар яшчэ не набыў суровага мужчынскага выразу. Невялiкi прамы нос, густыя бровы i выразна акрэсленыя вусны - матчына спадчына надавалi яго твару жаночую мiлавiднасць. У братавых вачах было больш хлапецкай гарэзлiвасцi, чым мужчынскай цвёрдасцi. Брат радасна ўсмiхаўся.
- Нiбыта плача, - прамовiў Воўк.
- А-а, гэты голуб, - махнуў рукою Вышак. - Збiрайся.
Браты збiралiся на ловы. Цяпер штодня яны разам з паляўнiчымi ездзiлi ў пушчу бiць звера. Калi ўдавалася завалiць вепрука або лася, прывозiлi яго на возе ў горад, дзе звера свежавалi на князёвым падвор'i, салiлi i вэндзiлi мяса да паходу. Апошнiя днi Волак адчуваў стомленасць i без ранейшай ахвоты ехаў у пушчу. Падумаў, што i сёння давядзецца лазiць па гушчары, i добра, калi багi пашлюць якую здабычу.
Даволi хутка Волак памыўся над невялiчкiм драўляным карытцам з прынесенага слугой срэбнага рукамыйнiка. Калi слуга вынес карытца, Волак касцяным грэбенем расчасаў бараду i доўгiя валасы, адзеўся ў такiя ж, як братавы, белыя льняныя срачыцу i нагавiцы, нацягнуў на ногi боты, аперазаў сябе скураным пасам. I каб не залатая вiтая грыўна на шыi, дык княжыч быў бы падобны ў сваёй вопратцы на простага отрака. Аднак загарэлы i сур'ёзны твар з прамым носам, суровы погляд вачэй выдавалi ў Волаку чалавека, якi прызвычыўся ўладарыць над людзьмi.
У стане ваяроў загучалi сурмы. Доўгi спеў турыных рагоў даносiўся i сюды, да князёвых харомаў. Новы дзень пачынаў панаваць над людзьмi. Воўк зняў са сцяны ясеневы лук, сагнуў яго i нацягнуў шаўковую цецiву, перакiнуў праз плячо скураны рэмень, прымацаваны да калчана са стрэламi. Са стала ўзяў карэц з вiном. Па прыступках княжыч спусцiўся з высокага драўлянага ганка. Ноччу прайшоў дождж, i ў паветры пахла мокрай зямлёй i травамi. Абмыты дажджом клён, што рос каля харомаў, радаваў вока яркай зелянiнай. З лiсця павольна скочвалiся кропелькi, з мяккiм гукам падалi на зямлю. Жмурачыся ад сонца, княжыч зiрнуў на авальны зашчытак харомаў, якi азначаў небасхiл з выразанымi на iм сонечнымi знакамi, двума львамi, якiя сiмвалiзавалi зямлю, i русалкай, якая сiмвалiзавала ваду. Каля разных конегаловых вiльчакоў сiратлiва сядзеў голуб.
Вялiкi i магутны Сварожыч у юнацкiм захапленнi перад прыгажосцю зямлi лашчыў яе сваiм боскiм святлом, саграваў жываносным цяплом i чакаў ночы, каб апусцiцца далёка за даляглядам на ложа, якое заслала яму Лада.
Княжыч апусцiўся на каленi, у дар Свярожычу вылiў на зямлю з карца вiно i, працягваючы рукi да сонца, узмалiўся:
- О вялiкi Сварожыч! У гэты дзень захавай i благаславi нас! Пазбаў нас лiха! Пашлi нам удачу супраць ворагаў, о вялiкi бог!
Праказаўшы замову, тройчы пацалаваў свае рукi i падняўся на ногi. Ён пайшоў на гаспадарчую частку двара. У прасторнай драўлянай клетцы, што стаяла каля стайнi, занепакоiлася рысь, якую некалi злавiлi на ловах. Выгнула спiну i пагрозлiва зашыпела. Воўк прыкрыкнуў на звера. Чалавечы голас узлаваў рысь, яна кiнула сваё пруткае цела на княжыча i ўдарылася носам у тоўстыя жэрдкi клеткi. На шыi i на спiне паднялася поўсць, гострыя кiпцюры звера драпанулi па дубовай падлозе - рысь сердавала. I мiжволi халадок боязi папоўз па спiне княжыча. Нянавiсць да чалавека, якi пазбавiў яе волi i цяпер насмiхаўся, гучала ў рысiным голасе.
Читать дальше