А ліст гэты пісалі жыхары беларускага хутару ў мяшаным ДП селішчы Марнэнлёсэн наступныя: Янка Самасей, Тарас Бурбалка, Сьцяпан Кацапаў, Піліп Канапельскі й Шопка Ксавэры.
Заўвага. Зьмяшчаем гэты ліст, па-першае, з гледзішча на ягоную арыгінальнасьць, а па-другое, гэты ліст сьведчыць, што нашае шырокае грамадзянства ўсё яшчэ няправільна разумее пытаньне кансалідацыі й што гэтая справа патрабуе глыбейшага высьвятленьня й далейшага валкаваньня.
Крыжоваю дарогаю (да 20-х угодкаў справы БНЦ)
Сёлета ў ліпені споўніліся 20-ыя ўгодкі справы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
Гэтая справа — адна із шмат якіх трагічных балонаў у гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, як у сэньсе фізычнага вынішчэньня нацыянальнага актыву, так і ў сэньсе духовага надлому й запавальненьня поступу руху.
20-ыя гады былі найбольш плённымі ў нашым нацыянальным вызваленьні. Разбуджаны адраджэнствам нашаніўскае пары, узьняты на вышэйшую ступень Актам Незалежнасьці, вызвольны рух падняў з народных пластоў такую магутную нацыянальную сілу, якая здолела на працягу дзесяцёх год прарабіць работу стагодзьдзя. У гэтую пару на заходняй дзялянцы Краіны стотысячная народная Грамада сфармавалася ў паважную сілу, якая здольна была кіраваць усім нацыянальным жыцьцём. Ува ўсходняй дзялянцы ўсе пляцоўкі дзяржаўна-гаспадарскага й культурнага жыцьця былі ў нацыянальных руках.
Да 30-га году Беларускі Народ быў цалкам падрыхтаваны да самастойнага жыцьця. Аднак-жа, такі магутны ўздым нацыянальнага руху ня мог ня выклікаць рэакцыі з боку акупантаў. Пачаўся ўплянаваны разгром беларускае нацыі. Злучанымі сіламі маскоўскага ГПУ й польскае дэфэнзывы ў 1927-29 г.г. была разгромлена Грамада. На парадку стаяў больш выраблены нацыянальна-палітычна й мацнейшы вызвольны рух ва ўсходняй дзялянцы Беларусі. Другім этапам наступу быў разгром нацдэмаўшчыны ў 30–31 гадох. Гэты тэрарыстычны пагром быў найцяжэйшым для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, і дзясяткі тысячаў нацыянальна-сьведамага беларускага работніцтва й сялянства брутальнаю сілаю былі выкінутыя з свае адвечнае зямлі й расьцярушаныя для вынішчэньня па дзікіх прасторах расейскае поўначы і ўсходу.
І трэцім этапам масавага вынішчэньня Беларускага Народу быў тэрарыстычны разгром, што ўвайшоў у гісторыю нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня як Справа БНЦ. Тэмаю гэтага артыкулу не зьяўляецца аналіз справы БНЦ або разгляд мэтадаў і сродкаў яе арганізацыі. Я хачу тут падаць абжектыўна, у сьціслых рысах, толькі ход справы.
10 жніўня 1933 г., паводля наказу з Масквы, былі арыштаваныя былыя дэпутаты Беларускага Народу ў польскі сойм ды іншыя грамадаўцы, якіх Масква ў 1932 г. выменяла з польскае турмы на агентаў польскага выведу. За ноч на 11 жніўня былі пасаджаныя ў лёхі ГПУ: С. Рак-Міхайлоўскі, Валынец, Баран, Мятла, Гаўрылік, Валошын, Дварчанін, Кахановіч ды іншыя — больш за 20 асобаў. Усе адзіночныя камары менскае «амэрыканкі» былі запоўненыя.
1-га верасьня пачаліся масавыя арышты. За ноч на 2-ое верасьня ў Менску было арыштавана 98 асобаў. Падобная акцыя была праведзена ва ўсіх акруговых і раённых гарадох і па вёсках Беларусі, а таксама й па-за яе межамі: у Маскве, Ленінградзе, на Каўказе, Урале. Арышты трывалі праз увесь верасень і кастрычнік. Да 1-га лістапада ў справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек. З гэтае колькасьці больш за 500 чалавек інтэлігенцыі. (Весткі далёка ня поўныя. Яны былі сабраныя ў часе шасьцігадовага перабываньня ў канцэнтрацыйных лягерох Заходняга Сібіру й Поўначы (Ухта-Пячора) ад тых удзельнікаў справы, якіх давялося спаткаць).
Да 1-га студзеня 1934 году справа БНЦ была скончанаэ.
Усе арыштаваныя, за выняткам колькіх асобаў, «прызналі сваю віну». 15-га студзеня Калегія ГПУ вынесла ўсім прысуд (бяз суду). 20 асобаў былі засуджаныя на сьмерць із заменаю 10 гадамі зьняволеньня, рэшта да зьняволеньня ў канцэнтрацыйных лягерах на тэрміны ад 3-х да 10-х гадоў. 1-га лютага пачаўся вываз. Уночы на 2-га лютага быў вывезены «Штаб БНЦ» у ліку 40 асобаў. А другой гадзіне ночы 40 чалавек былі выведзеныя за турэмную брамуь там людзей акружылі 42 узброеныя да зубоў агенты ахранкі з дзясяткам сабак. Пры такой узмоцненай варце «Штаб» прывялі на запасовыя каляіны чыгункі і ўвапхнулі ў адзін таварны вагон. Нараніцу «Штаб» даставілі ў Воршу, дзе разьмясьцілі яго ў двух сталыпінскіх вагонах: адзін пайшоў на Поўнач, другі — у Сібір.
Да сярэдзіны сакавіка блізу ўсе 9700 чалавек па справе БНЦ былі раскіданыя па паўночных прасторах «адзінай і недзялімай», ад Балтыцкага мора да ракі Амуру. У турме засталіся 20 асобаў, зь якіх ведамы аўтару М. Кахановіч (былы пасол польскага сойму і былы дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі) і Коўшык (дырэктар Тэхнікуму Сувязі ў Менску). Гэтыя 20 чалавек былі «забытыя» ў турме аж да ліпеня месяца. Праз тры дні пасьля абвешчанай імі 14 ліпеня галадоўкі ўсе 20 а 2-й гадзіне ночы 18 ліпня былі ўзятыя із камараў, пасьля чаго сьлед аб іх зьнік. Ні іхныя прыяцелі, ні семжі больш ужо нічога пра іх ня чулі.
Читать дальше