Наагул народ самы, як кажуць, адборны: кульгавыя, падсьлепаватыя, абамшэлыя — гэта ўсё, відаць, аскалёпкі разьбітага ўшчэнт. Праўда, ёсьць і людзі новай фармацыі: маладыя, задзёрыстыя, трымаюцца, як гаспадары, і гамонка ў іх нейкая нявыразная, але такіх няшмат — лічаныя.
Пакуль я так дзівіўся на старых людзей новага сьвету, гляджу — ажна тут трэцца мой добры знаёмы, Ванаў. Быў ён за дырэктара, парцейны, хадзіў заўсягды ў «кіраўнічым гарнітуры» (сінія порткі-галіфэ й зялёны фрэнч), а тут у пінжаку, пры гальштуку, пад капялюшом.
— Зь якой гэта, — пытаюся, — аказіі пераапрануўся? На маскарад ці што?
— Ды так, — кажа, — надворже зьмянілася, пацяплела крыху.
— Так, так, — кажу, — гэта зьмена надворжя шмат каго перафарбавала.
— Вы што гэта, часам не на мяне ківаеце? То гэта дарэмна, бо я заўсягды быў патрэбнага колеру.
— На але-ж, і я пра гэта, і ваша вонкавае афармленьне…
— Ну гэта, — перапыніў мяне Ванаў, - глупства, узьлёт фантазіі, а нутраны колер у мяне станоўкі: я заўсёды быў супраць.
Ведаю я гэтую станоўкасьць, але мне што? Даносіць на яго я ня буду, хай сігае пад капялюшам.
Тут-жа пабачыў і другога актывістага. Той таксама пераапрануўся ў нейкі стары сурдут, а заміж капялюша насунуў якуюсьці накрыўку: ні то камілаўку, ні то брыль.
Падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Рыгорам і Сымонам.
— Парцейныя, — казаў Сымон, — ну, гэтыя ўсе такіяь ён хоць штодня пераапранацца будзе, абы яму скварку даваў. Быў у нас пры Акадэміі якійсьці Мікалаеў. Дык вось, заклікалі яго неяк у гапаву ды й кажуць: «Выдавай, — кажуць, — усю сваю контру, хто супроць…». Ну, ён і нагаварыў: пяцёх сваіх лепшых прыяцеляў пасадзіў. А сам у іх чарку піў і часьцяком інхных баб гладзіў. Такі, браток, ня тое што вопратку — бацьку роднага зьменіць. Знаю іх добра.
Я із Сымонам ня згодзен, але Рыгор тое-ж думкі: «Той, што пнецца ўгару, той ня здольны на нізе», — кажа.
17 ліпеня . Намацаў соль. Хоць у мяне й ёсьць невялікі запас, але ў вайну, кажуць, перасолу ня бывае. Прывалок два мяшкі — каштавала паўпляшкі «маскоўскай». Крыху дарагавата, але нічога ня зробіш.
18 ліпеня . Сымон набыў адначасна каня й панарад. Якім парадкам — ня ведаю, кажа, што безгаспадарныя, на пагарэльлі блукалі. Ну, добра, скажам, блукаў конь, а як мог панарад блукаць? Але мне што? Хай сабе й блукаў. А Сымон, можа, калі й палку дроў прывязе.
19 ліпеня . Закінеш назад — наперадзе знойдзеш. Даведаўся, што з малясу выходзіць першагатункавы самагон. Вось шчасьце падваліла! Шкада — мала назапасіў. Каб-жа гэта ведаць! Адмераў два вядры Віцьку Фамёнку. Той наладзіў сталую самакурную фабрыку, але сырцу няма. Кажа, што зь вядра выходзіць дзесяць пляшак. Паглядзімо!
20 ліпеня . Зноў быў на біржы. Народ крыху зьмяніўся. Падваліла былых савецкіх. Пачалося выразнае ажыўленьне. Некаторыя цэляцца на працу, але мала, бальшыня стаіць нэўтральнай сьцяной: усе чакаюць, пакуль зусім праясьніцца. Больш цікавяцца ваеннымі падзеямі: хто каго сьцігуе.
Сымон з гэтага поваду казаў, што людзі, відаць, яшчэ не галодныя.
— Нідзе яны ня дзенуцца, — кажа, — як у жываце завурчыць, дык і на працу закарціць. Пойдуць. Знаў я аднаго чалавечка, як я пры анатомцы трупаў варыў. Кволы такі, спакойны. Паглядзіць, бывала, як я трупаў у катле мяшаю, дый кажа: «Цяжкая твая праца, Сымон. Я, прыкладам, з голаду памёр-бы, а цяжкой працы не рабіў-бы. Не магу». А як загналі яго, небараку, за Котлас ды ўпрэглі ў пілу, то праз цэлую зіму лес пілаваў. Голад усяго навучыць!
21 ліпеня . Прывезьлі із Сымонам па два вазы дроў. Вартаўнік ля складу ё, але дровы вазіць можна. Вартаўнік навет спрыяе: «Вазі, хлопцы, зіма будзе». Навошта тады варта, калі яна не вартуе. Сымон із гэтага казаў, што ў жыцьці такія праявы часьцяком здараюцца, калі чалавек працуе, але нічога ня робіць.
— Быў і ў нас пры Акадэміі фрухт такі, нейкім прадстаўніком лічыўся. Што ён рабіў — ніхто ня ведаў, але грошы браў нядрэнныя. Агледзеліся праз пяць гадоў, што ён нічога ня робіць, ды навет і пасады такой няма. Але звольніць не маглі, бо ўжо стаж вялікі меў. Так і заставаўся на працы ды нічога не рабіў. Каб Акадэмія не расьцярушылася, то й да гэтае пары працаваў-бы. Так вось і гэты вартаўнік.
22 ліпеня . Пацешныя бываюць людзі. Сустрэў сяньня Ваську Байцова. Толькі што вярнуўся з уцёку. Ну, натуральна, ні хаты, ні ў хаце. Голы, як бізун. Кінуўся туды, кінуўся сюды — пуста: скрозь ужо разьмеркавалі. Як у тэй песьні пяецца: «усё разьмяло магутнай навальніцай».
Читать дальше