Сымон, вядома, перасольвае, але зрэшты, хто яго ведае, што будзе… Хто, прыкладам, спадзяваўся, што на шостым дні вайны немцы ў Менску будуць, аджа здарылася. Трэба, на ўсякі выпадак, навязаць сувязь з беларусамі.
29 ліпеня . Віцьку даў адстаўку. Знайшоў новага самагоннага фабрыканта. Добрага майстра відаць адразу.
— Ты, — кажа, — ля апарату ў мяне можаш не стаяць. Сваю порцыю ты атрымаеш апрача тае, што я выпжю. Трымай дзьве пляшкі авансу!
І даў. Вось гэта майстра, а ня пэцкаль які. А я тымчасам і пахмяліўся.
30 ліпеня . У Апанаса Дзюркі ўкралі сьвінчо. Дзюрка страшэнна абурыўся й спачатку кінуўся да службы парадку, але там адмовілі: «Каб ты, — кажуць, — прывёў злодзея да нас, то мы-б яго тут адразу пад пазногаць і адпаліравалі-б, як сьлед, а так, сам бачыш, горад вялікі, зладзеяў многа, каго хапаць?».
Апанасу ня так абыходзіць сьвінчо, як хоча ведаць, хто мог зрабіць такое сьвінства.
— Каб толькі даведацца, — кажа, — хто гэта зрабіў, то я сам-бы ўжо паказаў і службу й парадак. Век памятаў-бы.
Рыгор раіць зьвярнуцца да варажбіткі.
— Ёсьць такая, — кажа, — на пагарэлай вуліцы, хераматкай завецца. Як паглядзіць табе на руку — усё як на далані вылажа. Як быццам сама бачыла. Я, калі мяне з трэсту звольнілі, таксама падаваўся да яе. «Скажы, — пытаюся, — хто на маёй дарозе стаіць, хто мой злосьнік?». Паглядзела яна на руку ды й кажа:
— Вось бачыш, тут твая службовая лінія, завілістая такая. А вось тут упоперак яе стаіць руды мужчына, без барады. Гэта й ёсьць твой злосны вораг.
І што-ж вы думаеце? Як пальцам уцэліла ў ворага: быў такі ў трэсьце — руды й без барады ды зь якім я два разы лаяўся.
Апанас пайшоў да варажбіткі.
31 ліпеня . Адна бяда ня ходзіць. Сяньня правяраў муку, тую, што закапаў у яму. Тры мяхі струхнелі, а два зусім ушчэнт падмачыла. Сымон суцяшае, што нічагуткі — самагонны фабрыкант дасьць ёй рады. Але-ж страты! Тады на малясе Віцька нагрэў. Цяпер — мука! Калі так далей пойдзе, то неўзабаве і ў комін выляціш.
1 жніўня . Быў у Маржі Іванаўны. Зноў скардзілася на сваю самотнасьць. Успамінала лейтэнанта й частавала гарбатай, але бяз цукру.
— Вярнулася я, — кажа, — пазнавата, калі ўжо галоўнае разьмеркавалі. Ну вось і засталася так: бязь нічога й бязь нікога. І ўздыхнула.
Ну, ведама, брэша: сёе-тое й яна пад сябе падскрэбла, але, відаць, неспажыўное.
Пагутарылі крыху, папаласкалі рот гарбатай і разышліся ні з чым. Мне штосьці не падабаецца такая адцяжка. Няйначай, трэба падысьці з другога боку. Паабяцаў прынесьці цукру й масла, можа справа пойдзе сьлізчэй.
2 жніўня . Пільнасьць і асьцярожнасьць! Вось два нашыя галоўныя прыяцелі. Падвоіць пільнасьць, патроіць асьцярожнасьць! Бо сяньня пачуў вельмі прыкрую рэч. Раскулачылі Антку Загржэмбіцкага. Ды як раскулачылі! Да ніткі! Ня толькі ваенны здабытак, а й сваё крэўнае падгарнулі. А хто ўтапіў? Уласная жонка. Вярнулася гэта яна з уцёкаў, а ў сужэнца ўжо красуня сядзіць, і дабра поўная хата. Ну, баба, натуральна, на дыбкі, а з дурной галавы ўзяла ды бухнула куды ня сьлед: так вось і гэтак, у такога вось ды гэтакага дабра поўная хата, нарабаванага. Прыехалі, ведама, пацікавіцца дый вывезьлі аж дзьве машыны. Ды якога дабра! Сэрца млела, як людзі глядзелі. А цяпер абое Загржэмбіцкія сядзяць ды плачуць. А красуня, ведама, уцякла.
Рыгор кажа, што гэтаму Загржэмбіцкаму так і трэба: надта-ж многа нагроб лішняга. А я так мяркую, што чалавеку ніколі залішне ня бывае. А што нагроб — дык навошта-ж тады й рукі чалавеку? Хіба толькі для таго, каб вітацца? Не, я на справу гляджу інакш: гарні пад сябе кажны, бо толькі курыца ад сябе горне, дык на тое-ж яна курыца, а не арол.
Але тымчасам натую: пільнасьць і асьцярожнасьць, бо і ў мяне жонка ёсьць і красуня прадугледжана.
3 жніўня . Сустрэў Байцова. Гляджу й не пазнаю: ні то ён, ні то новы эўрапэец. І гарнітур, і паліто, і чаравікі — усё ад Люкса.
— Што гэта, — пытаюся, — з табою здарылася? Ці ня ў Гамбург ты часам зазірнуў?
— Навошта мне, — кажа, — туды ехаць, калі тут свой Гамбург: што хачу, тое й маю.
— Чараўнік ты, — пытаюся, — ці што?
— Не, я не чараўнік, а праца ў мяне, браток, такая, быццам чароўная: і абутак, і адзетак, і напітак, і наедак — усё, як на далоні.
Во як людзі ўмайстроўваюцца. А яшчэ нядаўна шукаў якой-колечы спажывы. А тут раптам усё. Трэба гэта на ўсякі выпадак занатаваць, бо такі чалавек заўжды прыдасца. Абяцаў дастаць новую швейную машыну. Праўда, у жонкі яшчэ машына спраўная, але ўжо трохі размалолася.
Читать дальше