У 1589 годзе кароль Генрык IV выгнаў з Францыі езуітаў «як дэмаралізатараў моладзі, разбуральнікаў грамадзкага парадку, ворагаў караля і дзяржавы». У Рэчы Паспалітай у гэты самы час езуіты былі падтрымліваныя ўсёй моцай каралеўскага аўтарытэту. Кароль спрыяў езуітам, як толькі мог, і было відавочна, што дасягнуць у дзяржаве нейкіх высокіх пасадаў можна было толькі па іх пратэкцыі. Душы людзей тады пачалі дзіўна зьмяняцца, і то ў спосаб, адпавядаючы жаданьням асобы, якая мела права даваць староствы, ваяводзтвы, месцы ў сэнаце. Магнаты, шляхта, частка месьцічаў адзін за другім пачалі здраджваць Рэфармацыі і далучацца да каталіцкай царквы, ці то прагнучы атрымаць пасаду, ці баючыся перасьледваньняў. Назіраючы ўсе гэта, ангельскі пасол Томас Ро з горыччу адзначаў, што як сьведчыць прыклад Рэчы Паспалітай «фанабэрыя і хцівасьць шмат могуць у сьвеце».
Бачачы такія посьпехі каталіцкай царквы ў змаганьні з Рэфармацыяй, а з другога боку, ня могучы самі даць рады з эвангельскімі хрысьціянамі, якія «не по одной, але велікімі громадамі стадо Хрыстово урываючы да своее сборы плюгавое загоняють», некаторыя герархі праваслаўнай царквы ў Беларусі і Ўкраіне зьвярнуліся да папы рымскага з просьбаю аб заключэньні вуніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі ў Рэчы Паспалітай. Прычыны такога кроку вельмі ясна выкладзеныя ў праграмным дакуманце вуніі - Грамаце ад 2 сьнежня 1594 году: «А найболее таму, што ў цяперашнія няшчасныя часы сярод людзей памножылася нямала размаітых ерасяў. Шмат хто, адступаючы ад хрысьціянскай праваслаўнай веры, бяжыць ад нашага закону і Божай царквы, выракаецца сапраўднае хвалы Бога, адзінага ў Тройцы». Папа рымскі Клімент VIII з радасьцю ўспрыняў выступленьне праваслаўнай царквы Вялікага Княства супраць супольнага ворага - рэфармацыйнага руху, і ў 1596 годзе ў Берасьці была заключаная вунія між праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.
Заключэньне Берасьцейскае вуніі стала яшчэ адным посьпехам Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве. Зь вялікай хуткасьцю краіна, як і 50 гадоў таму, мяняла сваё аблічча. Магнаты, уплывовыя і руплівыя вызнаўцы эвангельскай веры, паміралі адзін за другім, саступаючы свае месцы ў сэнаце католікам, выхаванцам езуітаў, якім Жыгімонт Ваза даваў найвышэйшыя пасады ў дзяржаве. Канец XVI - пачатак XVII стагодзьдзяў - гэта час зьмены пакаленьняў у Вялікім Княстве. Адыходзіла ў вечнасьць пакаленьне Рэфармацыі, людзі, якія прынялі Слова Божае ў сваё жыцьцё, жылі гэтым Словам і зьмянілі краіну, закладаючы падваліны Божага блаславенства для сваёй Бацькаўшчыны. Іх дзеці не пайшлі сьледам за бацькамі, зрабілі іншы выбар. Калі паглядзець біяграфіі розных дзяржаўныхі дзеячоў Вялікага Княства таго часу, кідаецца ў вочы, што амаль усе яны былі кальвіністамі ці лютаранамі, вучыліся ў рэфармацкіх школах, ва ўнівэрсытэтах Караляўца, Вітэнбэрга, Ляйпцыга, але пачынаючы зь 90-ых гадоў XVI стагодзьдзя ў іх жыцьці адбыліся рэзкія зьмены сьветапогляду, і мы ўжо бачым іх альбо католікамі, альбо вуніятамі.
Чаму гэта адбылося? Чаму Рэфармацыя, так хутка і так паўсюдна ахапіўшая Вялікае Княства, пачала імкліва губляць пазыцыі? Можна выказваць розныя меркаваньні, але нават не праводзячы спэцыяльных дасьледваньняў магчыма назваць асноўныя прычыны падобнай сытуацыі. Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабілі Вялікае Княства і прымусілі шукаць больш цеснага саюзу з Польскім Каралеўствам, адкрываючыся такім чынам на ўсялякія ўплывы свайго саюзьніка. Перамога Контррэфармацыі ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы і ў Вялікім Княстве. Другой, ня менш важнай прычынай адступленьня Рэфармацыі была несалідарнасьць рэфарматараў. Багаслоўскія канфлікты разьдзялялі эвангельскіх хрысьціянаў, якія часта лічылі важнейшым давесьці, што іншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзінстве выступаць супраць агульнага праціўніка. Акрамя таго ў грамадзкіх і палітычных пытаньнях эвангельскія хрысьціяне, у адрозьненьні ад іхніх братоў па веры ў іншых краінах Эўропы, не выступалі адзіным фронтам, і таму часта не маглі абараніць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе рашэньня ці разьвіцьця падзеяў. Такая нязгода між прыхільнікамі Рэфармацыі кантраставала з багаслоўскім і арганізацыйным адзінствам, якое дэманстравала каталіцкая царква і якое імпанавала шляхце. Яшчэ адной прычынай перамогі Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве стала малая ўвага, якую ў апошнія дзесяцігодзьдзі XVI стагодзьдзя рэфарматары надавалі сваім служыцелям. Адукаваныя, сусьветна вядомыя міністры, такія як Волан, Судровій, Ласіцкі, не пакінулі пасьля сябе настолькі ж адукаваных і руплівых настаўнікаў. Езуіцкая прапаганда выстаўляла эвангельскіх служыцеляў нікчэмнымі людзьмі, а самім рэфарматарам не хапіла мудрасьці сур'ёзна заінвэставаць у тое, каб падняць статус міністраў свайго вызнаньня ў грамадзтве. У выніку на пачатку XVII стагодзьдзя рэфармацыйны рух адчуваў вялізарную нястачу служыцеляў, і дзесяткі збораў былі зачыненыя з-за банальнай адсутнасьці пастара. Вернікі, ня маючы духоўнай апекі з боку сваіх міністраў, лёгка знаходзілі яе з боку каталіцкіх сьвятароў і прымалі вучэньне і практыкі каталіцкай царквы.
Читать дальше