Атрымаўшы дапамогу Шварна і Васількі, Войшалк не менш жорстка расправіўся з феадаламі Дзяволтвы і Нальшчанаў і, далучыўшы гэтыя абшары да сваіх уладанняў, вярнуўся «восвояси»[311], г. зн. у Новагародак. Такім чынам, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася амаль пагалоўным вынішчэннем феадалаў балцкіх земляў. Усё гэта лішні раз пярэчыць тым сцверджанням, што ўтварэнне гэтай дзяржавы «вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў».
Нельга пагадзіцца і з тым, што «Войшалк не рабіў замаху на паганства ў Літве»[312]. Галоўнай мэтай пасля заваёвы Літвы Войшалк лічыў хрышчэнне яе. Для таго і быў заснаваны ім Лаўрышаўскі манастыр. Але, відаць, яго магчымасцяў для хрышчэння Літвы было недастаткова. Таму Войшалк у 1265 г. увайшоў у зносіны з пскоўскім князем, які абяцаў прыслаць святароў з Пскова, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы[313]. Войшалк, вядома, не атрымаў іх, бо ў 1266 г. пскоўскім князем стаў Даўмонт, былы нальшчанскі князь, які ўцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка. Вось чаму хрышчэнне Літвы ці, магчыма, нейкай часткі яе зацягнулася да 1405 г., калі толькі верыць Т. Нарбуту, звесткі якога не заўсёды вызначаюцца праўдзівасцю.
Захоп Новагародкам Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб і надалей карыстацца матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак мусіў прызнаць «волю» Новагародка. У гэтым і палягаў стратэгічны план Войшалка. Падначаленне Полацка Новагародку адбылося, відаць, у 1265 г. Грамата полацкага князя Гердзеня, напісаная 22 снежня 1264 г.[314], не гаворыць пра залежнасць Полацка і Віцебска ад Войшалка. Затое грамата полацкага князя Ізяслава, напісаная крыху пазней, ужо сведчыць пра гэта[315].
Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойць. Магчыма, каб ажыццявіць гэтую мэту, дзеля чаго патрэбная была новая дапамога галіцка-валынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Варта нагадаць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць яму княства, бо асцерагаўся, што, жанаты з ягонай сястрой, той будзе мець законняй правы на ўладанне. Цяпер ужо ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць, у выпадку яго смерці не было каму атрымаць у спадчыну княскі пасад. Перадача гэта не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завистью оже бяшеть дал землю Литовськую брату его Шварнови»[316]. Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, болей праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка, і той зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перамовы са Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і быў забіты[317]. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які працягваў палітыку Войшалка. Аднак далейшы разгляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага не ўваходзіць у задачу гэтага даследвання.
Аб'яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым і палягала гістарычная заслуга Войшалка. Але калі далучэнне балцкіх земляў Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Гэтак сама пазней да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія абшары. Такое аб'яднанне было вынікам гістарычнага працэсу эканамічнага, палітычнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у басейнах рэк Дзвіны, Дняпра, Нёмана, на аснове чаго ішло фармаванне тэрыторыі Беларусі. Вызначальную ролю ў складванні і пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада — коннік з мечам у руцэ — стаў дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага[318]. Важнае значэнне Новагародка ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага і ў пашырэнні тэрыторыі гэтай дзяржавы паказаў і М. Улашчык[319]. І хоць пазней, на пачатку ХІV ст., Новагародак страціў сваё цэнтральнае значэнне, аднак яшчэ доўга жыла памяць аб ім як сталіцы. Вось чаму ў летапісах ХVІ ст. яшчэ гаворыцца аб «Новогородской державе, над Немном лежачее»[320], якая прасціралася «ад Вилии аж до жродел Неменовых, где ся за Копылем пять миль починается»[321].
Читать дальше