Сапраўды, хаўрус з Ордэнам і быў галоўнай сілай, якая трымала Міндоўга, бо ён не меў цвёрдай нутраной апоры нават у сваёй Літве. Таму, парваўшы з Ордэнам, ён убачыў хісткасць свайго становішча і міжволі павінны быў, як ён сам сказаў, кіравацца ўказаннямі Траняты і жамойтаў[295], якія не маглі дараваць яму хаўрус з Ордэнам і не хацелі мірыцца з яго ўладай. У асяроддзі жамойцкіх феадалаў узнікла змова з мэтаю забіць Міндоўга. На бок Траняты перайшоў і нальшчанскі князь Даўмонт, у якога Міндоўг забраў жонку. Без хаўрусу з Нальшчанамі, якія знаходзіліся паміж Жамойцяй і Літвой, Транята, вядома, не мог і марыць пра авалоданне Літвой. Нальшчаны, як адзначала адна нямецкая кроніка, былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Жамойцяй і Літвой[296] (гэтае сведчанне, дарэчы, можа паказваць на тое, што Аўкштота выступала пад назовам Жамойці). Таму, згаварыўшыся з нальшчанскім князем Даўмонтам, Транята атрымаў вялікую перавагу над Міндоўгам.
Міндоўг бачыў усё гэта і намерыўся ў барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж спосаб, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў шмат каго з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск[297], мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўнікі перахітравалі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб'яднання балцкіх земляў вакол летапіснай Літвы.
Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти»[298] Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю і добыток Миндовгов»[299]. Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя.
Таўцівіл паехаў да Траняты з такім сама контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць ягоным пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Ён, мабыць, належаў да партыі тых полацкіх баяраў, якая змагалася за хаўрус з Смаленскам. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захопленыя. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл некалі быў не прызначаны ў Полацак Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі ягонага сына.
Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, мусілі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Ноўгарадскі І летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень[300], сын полацкага князя Давыда Расціславіча[301]. Значыць, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя з Нальшчанаў. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы пра гэта сказана вельмі цьмяна.
Забойства Таўцівіла вывела Полацак з далейшай барацьбы за літоўскую спадчыну. Цяпер была чарга Войшалка. Але той аказаўся больш хітрым і дальнабачным, каб за нішто ісці ў рукі Траняты. Пачуўшы пра забойства Міндоўга, «Войшелк убоявся того же и бежа до Пинська и ту живяшеть»[302]. Гэтыя словы летапісу сведчаць, што Войшалк разгадаў намер Траняты. Але не адзін толькі страх і не ён перадусім гоніць Войшалка ў Пінск, што і паказалі наступныя падзеі. Перацягнуўшы на бок Новагародка пінянаў, якія ўжо даўно адчувалі на сабе цяжар залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў, Войшалк уважліва сачыў за падзеямі ў Літве, не спяшаючыся з адкрытым умяшаннем у яе справы. Ён добра разумеў, што феадалы Літвы не будуць мірыцца з жамойцкім панаваннем, і, можна думаць, раздзімаў гэтыя супярэчнасці, што і дало свой плён. Транята быў забіты конюхамі-парабкамі Міндоўга[303]. Смерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб'яднаць балцкія землі вакол Жамойці.
Читать дальше