Пісьмо з’явілася не таму, што існавала маўленне, а таму, што ў пэўны момант апазналася: графічна зафіксаванае слова значна пераўзыходзіць піктаграму функцыянальна, і адсюль яно больш прыдатнае для карыстання ў штодзённых практыках.
Хаця зусім не выключана, што лексікаграфія адбылася з прычынаў куды больш глабальных за «эвалюцыю эфектыўнасці», а менавіта – з прычыны спакваля наспелай неабходнасці стварэння мабільнай камунікатыўнай сістэмы для семантычнай прасторы а-рэальнасці.
Піктаграфія, напэўна, мела ў сабе яшчэ вялікую патэнцыю адносна графічна ўнаяўленай намінацыі фізічнай дзеі, але яна не была прыстасаваная для транспартавання знакаў, якія маглі б выяўляць рух логікі, падзеі мыслення, сюжэты рэфлексіі. Таму піктаграфія ніяк не пасавала да знакавага засваення прасторы а-рэальнасці, якая неўпрыкмет апазналася як больш перспектыўная за ўласна рэальнасць. Вось чаму піктаграфія саступіла лексікаграфіі, і такім чынам на месцы піктаграфічнага паслання ўзнік лексікаграфічны Тэкст, які з аднолькавым поспехам фіксаваў і транспартаваў як падзеі рэальнасці, так і сюжэты а-рэальнасці.
Інакш кажучы, каб пазней стратэгіі быцця не заакцэнтаваліся на а-рэальнасці, дзе паноўныя думка, логіка, развага запатрабавалі іншай ад піктаграфіі сістэмы фіксацыі паведамлення, а надалей адбываліся ў прасторы дзейнай рэальнасці (як у эру Татэму), дык зусім верагодна, што піктаграфічны Тэкст заставаўся б адзінай і дастатковай для чалавека формай пісьма. Я нават не схільны зусім выключаць, што ў нейкім будучым (магчыма, не такім ужо і аддаленым), калі мысленне канчаткова асягне сваю мяжу і чалавек усвядоміць усю марнасць ды бяссэнсіцу адцягненай рэфлекторыкі і згорне сэнс жыцця да дзеі адбывання жыцця – мадэрнізаваная піктаграфія зноў станецца асноўным начыннем таго, што возьме на сябе ролю Тэксту. І хто ведае, можа, калісьці яна яшчэ набудзе значэнне якога-небудзь там Піктабога?
Праблема я-чалавека, якая, здавалася б, са з’яўленнем хрысціянства была вырашаная раз і назаўжды, недзе праз паўтары тысячагоддзі ўтаймаванага ў рэлігійнай дактрыне існавання пачала наноў выяўляць сваю праблематычнасць. Прычынай гэтаму бачыцца паступовае вылузванне чалавека з прыхапкаў Бога ва ўласную самадастатковасць, якая і запатрабавала ад чалавека асэнсавання самога сябе ў сітуацыі наўзбоч Бога – пасля і ўвогуле без Яго. А вось што сталася прычынай гэтай прычыны – уцямна зразумець, бадай, амаль немагчыма. Які такі тэктанічны зрух адбыўся ў чалавеку (сусвеце), што чалавек пачаў адсланяцца ад Словабога, каб урэшце разысціся з ім, верагодна, да веку?
Калі шлях са светлых харомаў антычнай цывілізацыі ў засутоненыя катакомбы цывілізацыі хрысціянскай, здаецца, досыць падстаўна тлумачыцца тым, што Словабог гарантаваў я-чалавеку месца сярод значэнняў ісціны быцця, дык разыходжанне чалавека са Словабогам можна зразумець хіба што не з нейкіх там непасрэдных стасункаў між імі, а апасродкавана, праз дэсакралізацыю Тэксту, з патрэбаў якога Слову ў свой час і быў нададзены статус Бога.
Гістарычна пачатак працэсу дэсакралізацыі Тэксту можна пазначыць вынаходніцтвам Гутэнберга, хаця фактычна друкарскі варштат толькі забяспечыў больш эфектыўнай тэхналогіяй падзею, якой так ці інакш наканавана было адбыцца, паколькі, акрамя сакральнай, у слова заўсёды заставаліся намінатыўная і камунікатыўная функцыі, якія, натуральна, імкнуліся да ўласнага развою.
Напачатку выдавала, што татальная інтэрвенцыя друкаванага слова ў штодзённасць сведчыць за канчатковую перамогу Словабога, і толькі найбольш відушчыя тады разумелі: абытаўленне Тэксту, яго ўсюдная цялесная прысутнасць «да дабра не давядзе». (Калі на кнігу – цела Бога – пачнуць ставіць патэльню з яечняй, дык цяжка будзе не пераблытаць яечню з Богам.)
Дэсакралізацыя Словабога не была наўмысна спланаваным актам. Яна адбылася як следства пашыранай сацыялізацыі Тэксту, але вынікам гэтага пераруху сталася тое, што матрыца Тэксту паклалася ў канструктыўную аснову цывілізацыі Новага Часу, логіка супольнага бытнавання розных элементаў Тэксту сфармавала прынцыпы функцыянавання сацыяльных механізмаў эпохі, а яго стылістыка закадавала модус мыслення новаеўрапейскага чалавека.
Дарэчы, калі Тэкст пачаў пазбаўляцца сваёй сакральнасці, дык выявілася, што ў ягоным подзе ляжыць жорстка дэтэрмінаваная рацыянальнасць, якой і было наканавана вызначыць ідэалагему новай пары. Згодна з гэтым, рацыяналістычнае мысленне зрабілася пануючай формай у прасторы як рэальнага, так і а-рэальнага бытнавання еўрапейскага чалавека.
Читать дальше