Толькі б забраў гэтыя паганыя даляры.
Вяртацца ў ЗША, не выканаўшы загаду, ім катэгарычна нельга. Бо самае лепшае, што кожнага там чакае – хуткая смерць з дваццаціфунтовай цаглінай на шыі у водах Іст-Рывера. Пра горшае лепш увогуле і не думаць. Коза Ностра падобнага не даруе.
А старэнькі Мардэхай, каб у яго павыпадалі ўсе зубы, і застаўся толькі адзін для зубнога болю, пасміхаецца хітрым змеем і ўдакладняе:
– Вы, маладыя людзі, напэўна хочаце дазнацца, адкуль я ўсё ведаю? Дык яно вельмі проста! Менеджэрам у вашага Ланскі працуе такі Яша Гузік з Менску. Гэты Яша па сакрэце расказаў пра ваш візіт кантару бруклінскай сінагогі Нохіму Шапіру, таму самому Нохіму, які мае крэдыт у лаўцы Абрама Кацнэльбогена. Жонка Абрама – сяброўка Фіры Ліхтэн, а яе муж, цырульнік Борух грае ў прэферанс з Гіршам Альтшулерам. Гірш, хаця і хасід, але з вельмі прыстойнай сям’і, а таму Арон Зісман з ім сябруе. Арончык жыве ў адным доме са Шмулем Каплунам, маім стрыечным братам. А са Шмулем я акурат заўчора меў сувязь па трансатлантычным тэлефоне. А вы там са сваім Меерам, напэўна, вырашылі, што я стары поц?..
…Што адбылося з чыкагскімі гангстэрамі далей, дакладна невядома. Паводле адной версіі, іх па хуткім часе завербаваў Іншаземны аддзел НКВД. Спрактыкаваныя забойцы «Коза Ностры» бязлітасна стралялі трацкістаў, белагвардзейцаў ды іншых збеглых ворагаў народа па ўсёй Еўропе. Паводле другой, гангстэр Майкл і гангстэр Сэм так і засталіся ў Гародні, дзе атабарыліся пад сваімі сапраўднымі імёнамі Мойша і Шлёма. Купілі на грошы са скуранога кейса ўсю мясцовую паліцыю з Дэфензівай, выправілі адпаведныя дакументы, а на рэшту прыдбалі кашэрную рэстарацыю. У якой, між іншым, падавалі і гефельтэ-фіш з нёманскага шчупака, амаль такога, як гатавала цёця Хася з Пярэспы.
Абедзве версіі цалкам праўдападобныя.
Што да самога Меера Ланскі, дык ягоны сантымент да Радзімы з цягам часу толькі ўзмацніўся. У 1939 годзе знакаміты мафіёзі прыбыў на Кубу, каб ўкатаць тамтэйшага дыктатара Бацісту на дазвол сеткі казіно. Акурат у гэты час у порт Гаваны прыйшоў карабель са Старога Свету з жыдамі – уцекачамі ад нацыстаў, сярод каторых было нямала ўраджэнцаў Гародні. Кубінскія ўлады доўга не давалі дазволу прыстаць да берага, пакуль мафіёзі не сплаціў тым бананавым карупцыянерам па пяцьсот даляраў за кожнага імігранта.
Менавіта з тых часоў на Кубе з’явілася і яўрэйская дыяспара, і нават колькі сінагогаў. Прытым адна з іх, як сцвярджаюць знаўцы, вельмі нагадвае Харальную сінагогу ў Гародні.
І, што характэрна, усе выдатна ведалі, хто прафінансаваў тое будаўніцтва…
Як адзін падпіты ўкраінскі парубак да смерці напалохаў трох прэзыдэнтаў
Цяпер ужо мала хто можа згадаць, чым запомніўся другі ўкраінскі прэзідэнт Леанід Данілавіч Кучма. Нейкі шалёны маёр-ахоўнік з самапальнай «праслушкай», нейкі журналіст з адрэзанай галавой, скандальная кніга «Україна не Росія» і данецкі крымінальнік, так неабачліва абраны Леанідам Данілавічам у якасці палітычнага спадкаемцы… Але ж Кучма сышоў у нябыт без крыві і гвалту, і ўжо толькі за гэта яго можна згадаць незласлівым ціхім словам.
Была ў Леаніда Данілавіча яшчэ адна сімпатычная якасць: як і большасць украінцаў, ён вызначаўся шчырай гасціннасцю. Больш за ўсё Кучма любіў прымаць гасцей у роднай вёсцы Чайкіна, што акурат непадалёк ад Чарнігава.
Менавіта ў Чайкіна ён і запрасіў у ліпні 2004 года калегаў з суседніх краін: Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Чайкіна пачынаюць марафеціць за тыдзень да прыезду высокіх гасцей. З райцэнтра прыганяюць асенізатарскую машыну: тэрмінова адпампоўваць лайно з прыбіральняў, каб прэзідэнцкія насы не пачулі вясковага смуроду. Падпраўляюцца хаты, фарбуецца трава, кладзецца асфальт, канфіскуюцца самагонныя апараты. Сіласная вежа, званіца царквы і бусліныя гнёзды бяруцца пад асаблівы кантроль на прадмет варожых снайпераў. На ліхтарах усталёўваюцца прыхаваныя відэакамеры. Кучмаўскім аднавяскоўцам сувора загадана: падчас візіту прэзідэнтаў з хаты носу не казаць! Што значыцца, «а якщо нам Даниловича привітати захочеться?!» То энтузіязм мясцовага насельніцтва будуць выяўляць спецыяльныя людзі ў цывільным, так што сядзіце па хатах ціха і нават да вокнаў не падыходзьце! А то і прыстрэліць могуць…
Увечары ў сціплае Чайкіна гіганцкім вусенем уцягваецца картэж з прэзідэнцкіх «мерседэсаў», джыпаў з аховай і мікрааўтобусаў з халуямі. Аўтамабілі паважна абмінаюць вялізны валун з шыльдай «с. Чайкине – Батьківщина президента України Л. Д. Кучми» і спыняюцца на вуліцы імя Л. Д. Кучмы. Малодшыя афіцэры Службы Бяспекі Украіны, пераапранутыя добрымі пейзанамі, шчыра вітаюць дарагіх гасцей. Расчулены Леанід Данілавіч шморгае носам, гледзячы, як жанчына-капітан з СБУ, пераапранутая этнаграфічнай Параскай, падносіць братам-славянам хлеб-соль, а мужчына-маёр у шараварах Казака Мамая, выдадзеных у капцёрцы той жа арганізацыі, прапануе прэзідэнтам спод з традыцыйным пачастункам: гарэлкай і салам.
Читать дальше