Чужынец, як падрос, стаў брутальным, неасэнсавана злосным дзецюком, вялікім аматарам бражкі, якую выйнашаў шляхам доўгіх эксперыментаў. Улюблёным заняткам старэйшага Homo Slavіanikus’ а было выходзіць нападпітку ў поле і заломліваць бярозы. Але нават болей за гэта ён любіў ладзіць жыдоўскія пагромы. Першай ахвярай старэйшага брата стаў Моўша Кац, за што пагромнік і атрымаў імя Кацап.
Сярэдні сын вызначаўся лірычным сантыментам і неспатольнай любоўю да варэнікаў. З дрэва, паваленага старэйшым братам, ён зрабіў скрыню, нацягнуў на яе кішкі і назваў гэтую спаруду кобзай. З біклагай крадзенай у старэйшага брата бражкі і вялікай торбай варэнікаў ён выходзіў у стэп шырокі і спяваў немудрагелістыя песні. Па-над стэпавым кавылём тырчэлі адно ўзнятыя ветрам валасы, за што сярэдняга брата і празвалі Хахлом.
Малодшы сын, як і алежыць, быў самы дурны. Ён пагаджаўся на ўсё: прыбіраць паскудствы старэйшага брата, са слязьмі на вачах слухаць спевы сярэдняга, абы не было вайны. Мовай не валодаў цалкам: калі бацька пытаўся яго, дзе браты, малодшы гучна шчоўкаў пальцам па няголенай шыі і нязменна адказваў: «Буль-буль».
За гэта малодшага брата і назвалі Бульбашом.
Калі браты дасягнулі полаваспеласці, бацька вывеў іх на скрыжаванне дарог і загадаў разыйсціся ў розныя бакі. – Спыніцеся, як натрапіце на тое, чаго раней ніколі не бачылі, – загадаў ён. – А там – пладзіцеся і памнажайцеся!
І браты разыйшліся ў розныя бакі…
З гэтага моманту і пачынаецца гісторыя ўзнікнення сем’яў, дзяржаваў і прыватнай уласнасці.
Прарадзіма Homo Slavіanikus’ а знаходзілася на сутыку пракаветных лясоў, дзікага стэпу і загібельнай дрыгвы.
Кацап скарыстаў права старэйшага брата і першым абраў напрамак – пайшоў на ўсход сонца, у лясы. Ён ішоў за сонцам тры дні, пакуль хапала брагі ў біклажцы. Калі ж на чацьвертыя суткі старэйшы брат збольшага прачухаўся, то высветліў, што апынуўся ў матэчнай пушчы. Шумел камыш, деревья гнулись, и ночка темная была . Непраходныя зарасці зыркалі на Кацапа спалоханымі воўчымі вачыма. Абсалютна працьверазелы маладзён цвёрда вырашыў засіліцца. Ён угнуў голаў, заплюшчыў вочы і, у спадзяванні беспакутнае смерці, пабег да бліжэйшага дуба, каб раскраіць чэрап аб камель.
Раптам ягоны лоб упёрся ў нешта мяккае. Кацап узняў голаў і ўбачыў, што стаіць перад тоўстым пузатым дзядзькам з доўгімі пейсамі. За спінай пейсатага цямнеў церамок з прывабнаю шыльдай: «КАБАКЪ».
– Жыд! – узрадаваўся Кацап. – Што ты на маёй ісконнай зямлі робіш?
Не дачакаўшыся адказу, старэйшы брат забіў Жыда кулаком.
Кабацкі асартымент надзвычай уразіў забойцу. У піўніцы Кацап адшукаў халерную колькасць бражкі, піва і віна. Але больш за ўсё ён упадабаў белую каламутную вадкасць – самагон. Выпіўшы, мо, з вядро, старэйшы брат узяўся брыдка лаяць Жыдоў, якія свядома спойваюць Homo Slavіanikus’ аў, пасля чаго заснуў.
Раніцою, з першым глытком самагонкі, Кацап вырашыў, што гэтая новая зямля і стане радзімай ягонага народа…
Сярэдні брат, звыклы да выгодаў жыцця, рушыў на поўдзень, у дзікі стэп. Хахол выправіўся ў шлях амаль цвярозы, бо Кацап на развітанне пазбавіў яго галоўнага тагачаснага энерганосьбіту – бражкі. Прыпякала сонейка, дзмуў вецярок, і чупрына на галаве Хахла варушылася, нібы жывая. Размілаваны сярэдні брат выцягнуў кобзу і заспяваў песню пра волю і долю. Ён даспяваў думу, дажаваў апошнія варэнікі і нечакана адчуў боль за бессэнсоўна пражыты дзень. Хацелася выпіць, але есці хацелася яшчэ больш.
Нечакана з-за спіны сярэдняга брата пачулася рохканне. Хахол азірнуўся і ўбачыў дзіўную істоту: брудна-ружовая скура з жорсткай шчэццю, доўгі лыч, агрэсіўны позірк заплылых вочак, дурнаватая ўсмешка закарэлага роту…
– Брат… Старэйшы! – прыгадалася Хахлу, і ён з асалодаю, што было моцы, даў у гнюсны лыч выспятка. Істота завішчэла і кульнулася дагары капытамі.
Ціхая стэповая ноч поўнілася пяшчотай: дыяменты зораў, жоўтая поўня і водар смажанага сала па-над бязмежным морам сівога кавыля…
З раніцы Хахол абсмактаў свінячую скуру, заспяваў песню пад акампанімент кобзы і зразумеў, што лепшага за гэтае месца яму ўжо не знайсці…
Малодшы ж брат абраў заходні шлях, бо нічога іншага, апроч дрыгвы, буслоў і жабаў яму не засталося. Бульбаш выправіўся ў дарогу без пітва і харчоў, бо выпіўку і закуску ў яго дарэшты забралі старэйшыя браты.
Пошукі новай зямлі выдаліся пакутлівымі і зморнымі. Бульбашовы ногі вязлі ў дрыгве, хмызы абдзіралі твар, а аднойчы яго ўкусіла гадзюка. Штовечар знясілены малодшы брат клаўся спаць на купіну і зацікаўлена аглядаў краявід – чырвоны захад над зялёным балотам. Так і засынаў з расплюшчынымі вачыма. А на раніцу ўжо самі сабою складаліся радкі: «…мая шыпшына – зялёны ліст, чырвоны цвет». Сярод братоў Бульбаш заўсёды лічыўся дурнем, бо быў схільны да паэзіі, якая не давала матэрыяльных выгодаў.
Читать дальше