1 ...6 7 8 10 11 12 ...17 «Не, – пачырванеў Шпэцль. – Я не змагу. Не, прашу цябе, гэта сьмешна».
«Скажы: зубр, – настойваў Кунцэ. – Зубр. Скажы зараз жа, іначай я зраблю табе піф-паф. Проста ў тваю задніцу. Хочаш памацаць маю стрэльбу?»
Кунцэ раскінуў свае ногі ў яркіх шортах яшчэ шырэй.
«На, памацай! Што маўчыш?» Шпэцль апусьціў вочы.
«Жартую! – зароў Кунцэ. – Жартую! Але не пра бізонаў. Пра бізонаў – праўда! Я сапраўды паляўнічы на бізонаў, на зу-броў. Зубр! Зубр – гэта жывёла. Гэта вельмі вялікая і дужая жывёла. Я раскажу табе пра іх, раскажу за абедам, нам абяцалі абед, вось тая фраў з адвіслымі цыцкамі, О-цэц-кая. Па-руску гэта азначае: дачка бацькі. Бацькава. А ты трахаеш сваю дачку, Шпэцль? Ды што ты ўсё чырванееш, як баба? Жартую! У вас там што, жартаў не разумеюць? Ведаеш, Шпэцль, магчыма, я – адзіны, першы і апошні паляўнічы на зуброў у тваім жыцьці. І калі б ня гэтая краіна – ты ніколі ня змог бы расказаць свайму суседу ў Грацы, што размаўляў з сапраўдным паляўнічым на зуброў. Таму любі яе, Шпэцль, любі, магчыма, гэта апошняя краіна, у якой яшчэ можна быць мужыком…»
Шпэцль ужо сам ня ведаў, ці радавацца яму гэтаму знаёмству. А ягоны сусед у акулярах, які ўважліва слухаў іхную размову, ніяк ня мог дачакацца, калі яна скончыцца. І цяпер ён зноў загаварыў – Шпэцль паморшчыўся і пасьпешліва палез у торбу, нібыта шукаў там пігулкі ад галавы.
«Чулі, як яны рагаталі? – пераможна спытаў чалавек у акулярах. – Ясна, чаму. Я ж казаў – у культурных людзей такія, з дазволу сказаць, замкі, як нашыя, выклікаюць толькі сьмех. Вось у немцаў – гэта замкі. Нойшвайнштайн! Я быў, я бачыў! А ў нас што? Убоства!» Пачуўшы слова «Нойшвайнштайн», Кунцэ ўхвальна ўзьняў угару палец. «Я, я, ной унд швайн!» – сказаў ён, відавочна рады выканаць сваю ролю тоўстага дурнаватага немца. Я паглядзеў на яго з агідай, але ён не заўважыў. Яшчэ хвіліна – і, здавалася, аўтобус выверне, як страўнік, ад гэтай усеагульнай млосьці, але ён нарэшце спыніўся ля брамы, і чалавек са значком першы кінуўся да выхаду.
«Приехали, – крыкнула Жанчына з Турбюро, засланяючы перад ім дзьверы. – Не отходите далеко, сейчас я найду экскурсовода!»
Чалавек у акулярах, чалавек са значком, адстаўнік, Дзяўчына ў Белым, Жанчына ў Зялёным, Жанчына з Турбюро… Немцы, аўстрыякі… А як яшчэ мне іх называць? Як яшчэ мы называем незнаёмых людзей, зь якімі вымушаныя ехаць дзьве гадзіны ў аўтобусе і ведаць пры гэтым, што разам зь імі нам давядзецца ехаць назад? Цікава, хто быў для іх я цягам гэтай паездкі? Як яны ўпотай называлі мяне? «Чалавек з празрыстым шарам на галаве»? Або проста – «мужчына»? Мужчына му. Маладой. Чалавек. Калі мы кажам чалавек, мы ніколі ня маем на ўвазе жанчыну. Ніколі. Так нам загадвае мова. Любая мова з тых, якія мы ведаем. А мы крышку ведаем нямецкую. Дастаткова, каб разумець аўтобусныя размовы і жарты. А яшчэ мы ўмеем слухаць. Бляндынчык, жанчына, якая жэрла яго вачыма, гаспажа Ацецкая… Чалавек з, чалавек на, чалавек у.
Так мы і ехалі да замку, праз усе гэтыя Мэскаліны, Мачу-пікчы, Ацтэччыны, Маі, Інкі, Кетцалькаатлі і проста Кацапавічы. Гаваркія істоты і тыя бязмоўныя стварэньні жаночага полу, для якіх у мяне нават азначэньняў не знайшлося і якія ўсю дарогу хавалі насы ў тэлефоны. Я стараўся не глядзець на жанчыну ў белай сукенцы, а галава сама паварочвалася ў яе бок. Каб ня выдаць сябе, я пачаў прыглядаўся да ціхай пары, якая сядзела на самым заднім сядзеньні. Муж і жонка. Цікава, што іх прымусіла паехаць сюды? Жаданьне прыабшчыцца к культурэ? Адкрыць для сябе сваю краіну – якая так хоча падавацца сапраўднай Краінай Замкаў? Жонка сядзела, як на іголках, прагна ўслухоўвалася ў размовы, зь цікаўнасьцю пазірала на замежных гасьцей. Яна нават адкрывала рот, каб нешта сказаць, але – «Молчи!» – бубніў яе муж, «Молчи!» – раздражнёна кідаў ён праз плячо, «Тебя спрашивали?» – і яна пакорліва апускалася, асядала, як пыл, сьціскала вусны.
І мне гэта падабалася. Падабалася гэтая ўлада чалавека над ёй. Думаю, мы ўсе былі ўдзячныя яе мужу. Бо калі б тут пачуўся хаця б яшчэ адзін голас – гэта было б ужо занадта. Нас усіх бы званітавала – ад траскай дарогі, ад неабходнасьці быць спакойнымі і ветлівымі, ад нецярплівага чаканьня. І толькі кіроўцу, здавалася, было напляваць, што адбываецца, чым пахне сыр-чабор – напэўна, калі б мы захацелі ў аўтобусе зладзіць суд Лінча, яго паклікалі б у старэйшыны, як самага справядлівага.
І вось мы выходзім з аўтобуса і ідзем да адкрытага рота індзейскай галавы. Ужо высьветлілася, што нямецкамоўная экскурсаводка, якую замаўляла турбюро, памерла. Або захварэла, або звольнілася – або ператварылася ў саляны слуп, якая розьніца, яе не было ў замку, і бедны Шпэцль застаўся безь перакладчыка. Ужо прагучала над галовамі пытаньне гаспажы Ацецкай, ці ня ведае хто з экскурсантаў нямецкай, і ўсе адмоўна і дружна закруцілі галовамі, і з найбольшай ахвотаю круціў тоўстай галавой Кунцэ. Ужо высьветлілася, што з намі ад самай сталіцы ехаў кітаец, якога ніхто не заўважыў. Усе рагаталі, паглядваючы на гэтага разгубленага чалавека ў пакамечаным пінжаку. Мы махалі рукамі і ляпалі яго па плячы, мы, група абмежаваных, эгаістычных, прагавітых расістаў, распусьнікаў, рассаднік дробнай хлусьні і зайздрасьці, прывезены са сталіцы статак паўдуркаў, якія ня здольныя нікога палюбіць па-сапраўднаму.
Читать дальше