– Вы бачыце яго спіну?
– Не, таму што бягу ў супрацьлеглы бок…
– Што адбываецца далей?
– Я бягу дадому… задыхаюся, мяне калоціць… Убягаю ў свой пад’езд. Спрабую ўставіць ключ у замок. Але ў мяне не атрымліваецца, ключ увесь час вывальваецца з пальцаў. Са сваёй кватэры выходзіць суседка. Як табе не сорамна, кажа яна, і я бачу, што яна глядзіць на мае ногі, ты ж дарослая дзяўчынка, хіба маці не казала табе, што трэба падкладацца. Я не разумею, пра што яна. Падкладацца – пад каго?! Нарэшце мне ўдаецца адчыніць дзверы. У калідоры трохстворкавае люстэрка. Я бачу сябе… на нагах пацёкі крыві… калготкі парваныя і «паехалі» амаль да шчыкалатак… Больш за ўсё мяне палохае не кроў, а тое, што зашыць калготкі не ўдасца, і маці паб’е мяне.
– Вы расказалі маці пра тое, што адбылося?
– Не. Яна ва ўсім абвінаваціла б мяне. Я сказала, што парвала калготкі, гуляючы ў баскетбол на ўроку фізкультуры. Крывацёк працягваўся на наступны дзень, і маці патлумачыла, што ёсць спецыяльныя дні, калі трэба падкладаць анучы са старых прасцін і часцей мыцца. Гэта ўсё.
– Што ж, паставім наш фільм на паўзу… – яна чуе глыбокі ўздых: па ўсёй верагоднасці, выпадак не такі складаны, якім здаваўся кансультанту напачатку. – Значыць, той мужчына не пазбавіў вас цнатлівасці?
– У фізічным сэнсе – не. Гэта быў рэгулярны крывацёк, першы ў маім жыцці, – яна трэ рукамі вочы, якія ніяк не хочуць расплюшчвацца. Павекі наліліся цяжарам, нават крыху ацяклі.
– Трэба ж, якое супадзенне… У той дзень вы назаўсёды развіталіся з дзяцінствам.
– Менавіта.
– Вы больш не хадзілі той дарогай?
– Зразумела, хадзіла. Іншай дарогі ў школу не было.
– Што вы адчувалі? Страх?
– Першым часам – так. Калі я вярталася са школы адна і паварочвала ад парку да тупіка, мяне пачынала калаціць. Шмат гадоў, дзень за днём, я працягвала хадзіць у школу і са школы па гэтай дарозе. І аднойчы зразумела, што хачу зноў сустрэць таго мужчыну… што баюся гэтай сустрэчы і чакаю яе…
– Вы хацелі яго сустрэць? Навошта?
– Каб ён зрабіў са мной тое, што збіраўся… я ненавідзела сябе за гэта жаданне, але нічога не магла змяніць. Яно было мацнейшым за мяне.
– Вы мастурбавалі, калі думалі пра гэтага мужчыну?
Голас ледзь прыкметна напружыўся, і ёй зразумела, чаму: яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць падобную размову з прадстаўніком іхняй касты – лекарам ці псіхолагам.
– Не, ніколі, – адказвае яна. – Маё цела ўяўлялася мне брудным, мне было агідна дакранацца да яго. Я адчувала сябе пачварай з-за гэтага жадання.
– А аднакласнікі? Вы рабілі гэта з кім-небудзь з іх?
Навошта ён, які з першых хвілін знаёмства выклікаў у яе прыхільнасць адсутнасцю фальшывай сарамлівасці, хаваецца за ханжаскім займеннікам? Яна адказвае наўмысна гучна, спакойна і выразна:
– Яны мяне не цікавілі. Я ўяўляла сабе толькі таго мужчыну. Марыла пра яго. Як ён прыціскае мяне да плота, потым валіць на зямлю. Гвалтам рассоўвае мне ногі і ўваходзіць у мяне…
Чалавек на канапе маўчыць. Пэўна, лічыць яе клінічнай вычварэнкай і не ведае, як рэагаваць. І няхай! Яна працягвае кідаць свае прызнанні ў цішыню:
– Калі я скончыла школу і паступіла ў інстытут, я шукала сустрэч з мужчынамі, знешне падобнымі да яго. Усе яны былі нашмат старэйшымі за мяне.
– Што вы адчувалі? – голас зноў гучыць з дзяжурнай эмпатыяй. Здаецца, ён авалодаў сабой, што, зрэшты, няцяжка пры ягоным досведзе.
– Я ляжала пад імі, злавалася на іх і на сябе і з агідай цярпела тыя ласкі, якімі яны мяне адорвалі. Мне трэба было толькі так, як тады… Аднойчы я адправілася на дыскатэку ў інтэрнат, дзе мяне ніхто не ведаў. Заставалася там дапазна, пакуль не ўпэўнілася, што мной зацікавіўся адзін змрочнага выгляду хлопец з «распісаных». Ён быў высокі, цёмнавалосы… Я зрабіла выгляд, што п’яная. Глядзела яму ў вочы і пасміхалася. А потым выйшла з інтэрната і пайшла не дамоў, а ў супрацьлеглы бок – да гаражнага кааператыва, там больш за сотню гаражоў, і ў гэты час бязлюдна. Ён пайшоў услед…
– Я бачу, што вы стаміліся. Можа, дастаткова на сёння? Я пакуль не планую вяртацца да прыватнай практыкі, але для вас зраблю выключэнне. Вось мая візітоўка.
Цяпер голас гучыць невыразна і безжыццёва. А, дык у яго ж праблемы з сэрцам. Магчыма, адчуў недамаганне… Але ёй важна дайсці да самага канца. Да канца фільма…
– Не, калі ласка, зараз… – яна зноў заплюшчвае вочы. – Ён ідзе за мной на некаторай адлегласці. Я адчуваю, што яна скарачаецца – павольна, па кроку. Ліхтароў амаль няма. За гаражамі пачынаецца вайсковы палігон. Калі я буду крычаць, ніхто не пачуе. Ён таксама гэта ведае і не спяшаецца. Яму трэба, каб я адышла яшчэ далей ад людзей, ад святла. Ён маўчыць, я таксама… І вось… чую за спінай цяжкае дыханне, таропкія крокі… ўсё як тады… ён груба хапае мяне за плечы і прыціскае да металічнай сцяны гаража. Рве на мне сукенку. І тут я пачынаю крычаць… так, я зноў закрычала! «Сціхні, шлюха», – кажа ён, хапае мяне за валасы і б’е тварам аб іржавае жалеза. Я адчуваю прысмак крыві ў роце і разумею, што зараз страчу прытомнасць… А потым бачу яркае святло… чую шум машыны, якая пад’ехала… і грукат стрэлу… рукі мужчыны адпускаюць мяне, я з’язжаю ўніз па сценцы. Мяне падымаюць, пытаюцца, ці ў парадку я. Потым я непрытомнею… Прыходжу ў сябе ўнутры таго самага гаража, цяпер ён ярка асветлены. Аказалася, гаспадар вяртаўся з палявання. Ён стрэліў у паветра з ружжа, і той хлопец збег.
Читать дальше