А была шляхетнаю,
Гонарам адметная,
Моцная і вольная,
Да навукі здольная.
Аблокі гоне вецер-гун,
Забыўся ён, што ёсьць
Пярун, Забыўся, што чакае нас
Сурмы працяглы сьпеўны час.
Мой сын маўчыць, маўчу і я:
Навокал скрозь – калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.
Праз паўгадзіны тэкст быў гатовы. Я працягнуў яго Кузьміну. Той узяў аркушык і пачаў чытаць, напяваючы радкі. Я думаў, што апошні слупок Кузьмін забракуе, бо задужа ён атрымаўся палітычным, але, на маё зьдзіўленьне, Фула сказаў, што ўсё вельмі добра і заўтра яны гэта запішуць у студыі.
Песьня атрымала назву «Ускраіна», а сам альбом – «Наша ўскраіна».
* * *
Званок быў ад незнаёмага чалавека. Ён прадставіўся. Сказаў, што чытае мае артыкулы ў «Віцебскім кур’еры» і хацеў бы са мной сустрэцца. Мне час ад часу званілі розныя дзівакі. Адзін мясцовы Кулібін аднойчы некалькі гадзін апавядаў пра тое, што вынайшаў вечны рухавік, але чыноўнікі ня хочуць яго слухаць, а сусьветнае аўтамабільнае і нафтавае лобі нават плануе яго забіць. Ён паказваў мне нейкія разьлікі, рысункі і шматтомную перапіску з рознымі навуковымі інстытутамі. Я сказаў, што ў гэтым абсалютна ня цямлю, таму не магу пісаць пра тое, што для мяне «цёмны лес».
Але гэтым разам мне падалося, што чалавек, зь якім размаўляю, хоча мне распавесьці нешта істотнае. Адчувалася, што суразмоўца хвалюецца, і на тое ёсьць сур’ёзныя падставы. У ягоным нетаропкім маўленьні сталага чалавека гучала вялікая стомленасьць і ў той самы час нейкая таямнічасьць. Нібыта незнаёмец хацеў мне паведаміць страшэнны сакрэт, але пакуль яшчэ вагаўся, ці варта перада мной адкрывацца.
Мы дамовіліся сустрэцца ў сквэры на праспэкце Карла Маркса. Ён мне патлумачыў, на якой лавачцы будзе мяне чакаць.
Адмаўляць у сустрэчы было не ў маіх правілах. Бо журналіст у нейкім сэнсе – лекар або апошняя інстанцыя, асабліва ў грамадзтве, дзе ўсё кантралюецца спэцслужбамі і толькі публічнае агучваньне пэўнай інфармацыі можа выратаваць нечы лёс.
Я прыйшоў на пяць хвілінаў раней, але ён ужо мяне чакаў. Гэта быў хударлявы чалавек досыць сталага ўзросту, на выгляд я б яму даў гадоў шэсцьдзесят. Сустракаючы мяне, ён падняўся, працягнуў руку і яшчэ раз прадставіўся: Павал Іванавіч.
Мы селі на лаўку, і я запытальна паглядзеў у твар незнаёмца. У ім адчувалася духовая моц. Вочы сьведчылі пра розум і нейкую зацятасьць. Ёсьць такія людзі, што ўсё жыцьцё слугуюць адной ідэі або перакананьням. І ўсё іх жыцьцё падпарадкавана абранаму шляху.
– Вы хочаце разгадаць, хто я насамрэч? – ціха спытаў незнаёмец.
– Я думаю, вы мне самі пра гэта паведаміце, – хваляваньне, якім быў апанаваны суразмоўца, перадалося і мне.
– Адразу хачу папярэдзіць: не спрабуйце пра пачутае ад мяне напісаць у сваёй газэце. Для вас гэта будзе небясьпечна. Яны вам адпомсьцяць, – гэтыя словы выклікалі ў мяне лёгкае раздражненьне і ў галаве мільгнула думка: няўжо зноў натрапіў на вар’ята.
– Вы гаворыце нейкімі загадкамі. Хто яны? І навошта тады хочаце гэта распавесьці?
– Сілы д’ябла. Яны і зараз сочаць за намі. Вунь бачыце, у тым куце, пад бэзам, сядзіць рэспэктабельны «дзядок»? Газэту чытае. Гэта якраз ён арыштоўваў мяне і катаваў. Думаеце, ён выпадкова тут апынуўся? Цікава іншае… Гэты «дзядок» даўно на пэнсіі, але, паглядзіце, усё роўна пры выкананьні. Хаця, можа, тут у яго ўласная справа, бо трэба замятаць сьляды.
Незнаёмец пасьміхнуўся куточкамі вуснаў і прымружыў вочы.
– Вы не адказалі на другое пытаньне: навошта хочаце мне гэта распавесьці?
– Сёньня пра гэта пісаць нельга. Так будзе лепш і для мяне, і для вас. Але прыйдзе час і вы напішаце… Прынамсі, я веру ў гэта.
Патэлефанаваў Алесь Кузьмін і паведаміў неверагодную навіну: «Мясцовы час» запрасілі на рок-фэст у Польшчу. Фэстываль ладзілі ў Беластоку, ён меў дзіўную назву «Басовішча» і яго арганізатарам выступіла Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Гэта было першае «Басовішча».
– Ну і як мы туды трапім? – адразу пасьля пачутага спытаў я Кузьміна. – Гэта ж трэба, напэўна, процьму дазволаў атрымаць.
– Усе бюракратычныя пытаньні бярэ на сябе Наваполацкі гаркам камсамола. Мы нібыта ад яго едзем у творчую камандзіроўку. Нам і камандзіровачныя пасьведчаньні выпішуць. Я аб усім ужо дамовіўся. Так што давай свой пашпарт, зараз ім занясу.
Читать дальше