Агароджа парку цягнулася досыць далёка. Уваход знайшоў не адразу, давялося хадзіць туды-сюды некалькі разоў, а гэта давалася цяжка з яго багажом. У рэшце рэшт, ён знайшоў дзверы, якія былі трохі ўбаку ад высокай, закрытай з унутранага боку брамы. Прайшоўшы некалькі метраў па сцежцы, Андрэй убачыў удалечыні за дрэвамі абрысы велізарнага дома. Сцяжынка злілася з дарогай, якая ішла ад галоўных варот. Справа ад гэтай дарогі знаходзілася возера, велічыню якога было складана вызначыць уночы.
Перад Андрэем паўстала загадкавая, амаль містычная карціна. Падыходзячы бліжэй, змог разгледзець, што вялізны дом і ёсць тая самая клініка. Будынак амаль не асвятляўся. Дзесьці за ім знаходзіўся ліхтар, чыё цьмянае святло падала з-за вугла. На прыступках, па баках ад дзвярэй, стаялі шкляныя ёмістасці з запаленымі свечкамі. На шырокім ганку быў столік, за якім задуменна сядзеў чалавек, чый твар ён пакуль не мог разгледзець. Па меры набліжэння, рысы выяўляліся выразней і Андрэй заўважыў, што незнаёмы глядзіць яму проста ў вочы. Ці то ад пільнай увагі, ці ад хвалявання, хлопец ледзьве не паваліўся, аб нешта спатыкнуўшыся. Каб згладзіць няёмкасць, Андрэй адразу пачаў гаварыць, не паспеўшы падняцца на ганак.
– Добры вечар! Маё імя…
– Андрэй? Так, я ведаю. Мы чакалі вас сёння на вакзале, – адказаў малады мужчына ў прыгожым чорным касцюме.
– Мы з вамі, напэўна, выпадкова размінуліся. Выбачайце, што прымусіў вас ездзіць дарма…
– Нічога, у любым выпадку мне трэба было ў Познань па справах. Добра, што змаглі самастойна да нас дабрацца. Як даехалі, напэўна, вельмі стаміліся?
– Дзякуй. Не, не вельмі, толькі спаць крыху хочацца.
– Есці таксама? – ён паказаў на талерку з вялікім кавалкам мяса і бульбай. – Разумею, што ў вас нямала пытанняў і, магчыма, некаторыя рэчы вас могуць здзіўляць. Таму зробім так: паешце, затым правяду ў ваш пакой. Адпачнеце, а заўтра сустрэнецеся з доктарам Штомпкам, і ён вам усё растлумачыць ды распавядзе пра тое, чым вы тут будзеце займацца. Згодны?
– Так, добра, вялікі дзякуй.
– Прашу прабачэння, што не прадставіўся. Я намеснік дырэктара клінікі, Базалья Франка.
– Прыемна пазнаёміцца. Калі шчыра, нават сумняваўся, ці варта сюды ехаць, бо мне нічога канкрэтна не патлумачылі.
– Разумею вас, але ёсць некаторыя прычыны, па якіх пэўная інфармацыя пра гэту клініку не можа распаўсюджвацца. Заўтра вы зразумееце, з чым гэта звязана.
Больш яны ні пра што не гаварылі. Андрэй так стаміўся, што ўжо не было сіл намагацца пра штосьці даведацца. А малады доктар, як ні дзіўна, нават не рабіў спробаў штосьці даведацца пра яго. Не пытаўся, колькі яму гадоў, адкуль ён і дзе вучыўся, нават не спрабаваў згладзіць цішыню лёгкай балбатнёй. Яны сядзелі моўчкі. Андрэй спяшаючыся даядаў прапанаванае мяса, якое наўрад ці загадзя прызначалася яму, а малады доктар спакойна дыміў люлькай, чакаючы пачаткоўца.
Андрэй крадком спрабаваў разгледзець твар свайго будучага калегі. У яго была прыемная, што выклікала давер, знешнасць, але ён быў не з тых, хто будзе цябе панібрацкі весела пляскаць па плячы. У яго рухах, манеры гаварыць і трымаць сябе выразна выяўлялася арыстакратычнасць, адчуваўся моцны характар, незалежнасць. Хацелася яму падпарадкоўвацца. Ва ўсякім выпадку, цяжка было ўявіць, што ён мог камусьці падпарадкоўвацца сам. На выгляд, доктар меў гадоў трыццаць. Кароткія чорныя валасы, высокі магутны лоб, грэцкі, з невялікай гарбінкай, нос, акуратныя вусікі.
Такая знешняя эстэтыка ў такой неэстэтычнай установе навяла Андрэя на думку: «Навошта так добра выглядаць, калі гэтага ніхто не ўбачыць, не адзначыць». Ён ніколі не задумваўся над гэтым раней.
Матывы зразумелыя, калі ты знаходзішся ў грамадстве, дзе кожны дзень сустракаеш мноства людзей: хочацца камусьці спадабацца, зрабіць уражанне, звярнуць на сябе ўвагу жанчыны. Але навошта выглядаць не проста дагледжана, але стылёва ў такіх закрытых установах як армія, бальніца, турма. Магчыма, гэта самалюбаванне, але малады доктар не быў падобны да нарцыса. Магчыма, у такіх месцах, дзе заўсёды ходзіш ва ўніформе, жаданне прыгожа выглядаць абвастраецца, але ён не заўважаў такога вострага жадання ні за сабой, ні за іншымі раней.
Як толькі Андрэй скончыў есці, яны прайшлі ў будынак. Для палаца, а гэта быў некалі палац, інтэр’ер вельмі просты, а для клінікі незвычайны. Тут не мелася пазалоты, крыштальных жырандоляў і іншых атрыбутаў мінулага багацця, але атмасфера велічы прысутнічала ў кожнай дэталі, кожнай дробязі. Спалучэнне такой атмасферы і штодзённасці клінікі, сутыкненне ўзнёслага і паталагічнага ўтварала дзіўны дысананс. Падняўшыся на другі паверх, малады доктар правёў яго да канца калідора, адчыніў дзверы і аддаў ключ ад пакоя. Развітваючыся, Андрэй увайшоў ды запаліў святло. Абстаноўка сціплая: столік, крэсла, шафа, камод і ложак. Нягледзячы на гэта, тут было вельмі ўтульна. Яму хацелася пракруціць у галаве мінулы дзень і ўявіць падзеі заўтрашняга. Але варта было пакласці галаву на падушку, як вочы самавольна заплюшчыліся.
Читать дальше