Альгерд Францавіч, як бацька, настойліва пераконваў, што гэта выдатная магчымасць, якая выпадае адзінкам. Але ён не ўдакладніў, у чым заключаецца гэтая магчымасць, і тым больш па невядомай прычыне адмаўляўся тлумачыць, што гэта за месца. Навошта патрабавалася такая таямнічасць? Альгерд Францавіч заўсёды быў з ім сумленным, і гэткая загадкавасць здавалася нязвыклай. Была гэта псіхіятрычная клініка, шпіталь ці нешта іншае – ён толькі даваў расплывістыя адказы і ўсяляк ухіляўся ад канкрэтыкі, адзінае, прасіў Андрэя трымаць сваю паездку ў сакрэце. Магчыма, нічога канкрэтнага той не ведаў і сам, а мо хацеў зрабіць Андрэю прыемны сюрпрыз. У любым выпадку ён цалкам давяраў свайму настаўніку.
Пасля смерці маці Альгерд Францавіч стаў для яго другім бацькам. Напэўна, нават адзіным, бо свайго сапраўднага тату ён ніколі не бачыў. Маці пра яго не распавядала. Калі яна памерла, хлопцу было ўжо дваццаць чатыры гады, таму ў апекаванні ён асабліва не меў патрэбы, але і цалкам самастойным яго яшчэ нельга было лічыць. Альгерд Францавіч і раней ставіўся да хлопца па-асабліваму, а пасля гэтага стаў яшчэ больш уважлівым. Дапамог з пахаваннем, увесь час знаходзіў для Андрэя падпрацоўку, не кажучы ўжо, што ўсяляк прасоўваў і дапамагаў у акадэмічным асяроддзі. Таму і цяпер, атрымаўшы загадкавую прапанову стажыроўкі, ці то паўнавартаснай працы, Андрэй ні на імгненне не засумняваўся ў яго добрых намерах. А хваляванне, якое адчуваў цяпер, было хутчэй прыемным, чым страшным.
Да Варшавы дождж яшчэ не дабраўся, ці ўжо даўно мінуў гэты горад. На вуліцы было досыць цёпла і суха. Густыя плыні людзей хаатычна рухаліся ў розных напрамках. Хтосьці спяшаўся на працу, нехта вяртаўся з вучобы, а хтосьці проста сноўдаўся без мэты. Акрамя вакзала, Андрэй нічога не паспеў пабачыць. Але ён быў тут не ўпершыню. Апошні раз, калі падарожнічаў, прабыў тут цэлы тыдзень, ды з таго часу мінула гадоў пяць. Калі б не бракавала сродкаў, было б няблага затрымацца ў Варшаве яшчэ на некалькі дзён. Ды на гэта не хапала не толькі грошай, але і часу. Да адпраўлення заставалася дваццаць хвілін. Хуценька збегаў у бліжэйшую краму, каб набыць вады і чагонебудзь перакусіць у дарозе, а затым, выкурыўшы яшчэ адну цыгарэту, пакіраваў да свайго вагона.
У купэ, акрамя яго, знаходзілася толькі жанчына з малым. Таму было гады чатыры. Ён апынуўся на здзіўленне ціхім, спакойна сядзеў і разглядаў кніжку з малюнкамі. У Андрэя таксама была з сабой кніга, якую спадзяваўся пачытаць у дарозе, але, нягледзячы на сваю любоў да чытання, за ўвесь час падарожжа нават не дастаў. Не тое, каб яна была нецікавая, проста зусім не хацелася чытаць ды пра штосьці думаць. У дарозе з ім амаль заўсёды такое здараецца. Нярэдка ён чытае ў грамадскім транспарце, на хаду, шпацыруючы па горадзе, часам седзячы ў кавярні, але падчас доўгай дарогі Андрэй зусім не мог узяцца за чытво. Можна было сябе прымусіць, і ён рабіў такія спробы, але ў выніку прыйшоў да высновы, што кнігі можна чытаць (менавіта чытаць) толькі добраахвотна. Таму Дэ Куінсі са сваёй «Споведдзю ангельца, які ўжывае опіум» застаўся там, дзе і быў – у правай бакавой кішэні торбы.
Намагаўся заснуць, рабіў спробы дастаць Дэ Куінсі, але ў выніку, пакінуўшы рэчы, пайшоў у вагонрэстаран ды замовіў бутэльку піва з бутэрбродам. Вырашыў расслабіцца і рабіць тое, што хочацца, пакуль ёсць такая магчымасць, а не вымотваць сябе чытаннем, развагамі ды нейкімі планамі. Хто ведае, мо неўзабаве часу адпачыць зусім не будзе. За суседнім столікам па-нямецку размаўляла маладая пара. Андрэй не вельмі добра валодаў нямецкай, зразумеў толькі, што яны плануюць на два дні спыніцца ў Познані, а пасля вернуцца ў Берлін. Астатнія елі і пілі моўчкі, нават калі сядзелі па некалькі чалавек за столікам. Пасля піва вельмі захацелася закурыць, але ў мясцовых цягніках такая асалода забаранялася.
Таму ён, каб падыміць у фортку прыбіральні, у мэтах канспірацыі прайшоў некалькі вагонаў.
Затым вярнуўся і набыў яшчэ піва. За вокнамі было ўжо цёмна, толькі месцамі праступалі агеньчыкі навакольных дамоў. Паступова пасажыры вагонарэстарана пачалі разыходзіцца. Ён застаўся адзіным кліентам, але афіцыянты ўжо прыбіралі і збіраліся самі. Андрэй зразумеў, што хутка канцавая, таму, дапіўшы піва, вярнуўся ў сваё купэ. Маці з малым прайшла да дзвярэй вагона. Дынамік абвясціў, што цягнік прыбывае на канцавую станцыю «Poznań Główny». Хутка ён будзе ўжо там, у клініцы Мікушэва. Усё стане вядома, а загадкавая нявызначанасць знікне. Да таго ж, магчыма, па дарозе атрымаецца штосьці высветліць у намесніка галоўнага доктара, які павінен яго сустрэць.
Читать дальше