У той дзень я не пайшла на працу. Выпіўшы жменю таблетак валяр’янкі, тупа правалялася на канапе да самага вечара, гартаючы ўсемагчымыя даведнікі па батаніцы. Так і не знайшла таго, што шукала.
А потым разбалеўся шнар. Не на патыліцы – на правым запясці. Медыкі ніяк не могуць гэтага патлумачыць: стары, з дзяцінства яшчэ, шнар час ад часу пачынае моцна балець, і тады я згадваю зусім іншае жыццё, якое робіцца для мяне на пэўны час больш існым за маё звычайнае, са штодзённымі варыяцыямі на адзін і той жа матыў.
Ніхто нізавошта не здагадаецца, якая была першая прачытаная мной кніжка. Самавучыцель па хірамантыі. У доме дзядулі ў глухой палескай вёсцы, дзе прайшло маё дзяцінства, іншых кніг не было, а гэтую забылася аднойчы мая цётка, дзядулева сястра, якая страшэнна любіла ўсялякія містычныя штучкі. Дзед мой чытаў толькі газеты з дробным шрыфтам ды без карцінак, – мяне яны зусім не цікавілі. Затое ў самавучыцелі было шмат малюнкаў далоней самых розных формаў і памераў са шматлікімі лініямі на іх. Дзядуля гэтую кнігу не чытаў ніколі, яе гартала толькі я. Магла вечарамі не выпускаць яе з рук, мне падабалася разглядаць тыя малюнкі. Часам я чаплялася да дзядулі:
– Скажы, а гэта якая літара? А гэта якая?..
Так я і вывучылася чытаць, шмат разоў «прайшоўшы» тую навуку хірамантыі ўздоўж і ўпоперак. Спрабавала я разабрацца і ў газетах, але мяне хапала толькі на загалоўкі.
Калі ж бацькі забралі мяне ў горад і я пайшла ў школу, то ўжо добра ведала, дзе на далонях знаходзяцца лініі сэрца, жыцця і розуму. Бывала, аднакласнікі на перапынках не давалі мне праходу, прасілі паваражыць:
– А колькі ў мяне дзяцей будзе?
– А ў якім горадзе я буду жыць, калі вырасту?
– А з кім я ажанюся?
Аднойчы маіх бацькоў выклікалі да дырэктара. Вярнуўшыся дадому, яны строга забаранілі мне займацца ўсялякай варажбой, бо інакш, сказалі, мяне выключаць са школы.
Неўзабаве я забылася на тыя дзіцячыя забаўкі. Мяне штодзень вадзілі на розныя гурткі і трэніроўкі, і часу на ўсялякую дурноту ўжо не ставала.
І толькі праз шмат гадоў, у дарослым веку, я зноў вярнулася да той «дурноты».
Неяк сустрэлася я з дзвюма маімі сяброўкамі, якія, хоць і былі знаёмыя паміж сабой, мала ведалі адна адну. З Нэлькай я сябравала з самага маленства, разам з ёю мы абследавалі ўсе навакольныя лясы ды балоты, бо жыла яна ў той самай палескай вёсцы, дзе і мой дзядуля. У горад яна прыехала па нейкіх клопатах, а заадно хацела пабачыцца са сваім жаніхом Юрыкам. Той ужо год як працаваў тут, зарабляў грошы на будучае вяселле.
Нэлька ж цярпліва чакала яго, праводзячы працоўныя будні на старонках чужых раманаў: яна была бібліятэкаркай.
А з Іркай, другой маёй сяброўкай, мы разам працавалі ў мадэльным агенцтве. Яна была знаёмая з Юрыкам (той рабіў кіроўцам у нашым жа агенцтве, куды ўладкаваўся па маёй пратэкцыі), але не ведала, што ён – Нэльчын жаніх. Мы ўтрох сядзелі за столікам у кавярні, перад кожнай стаяла вазачка з рознакаляровымі шарыкамі марозіва.
Ірка прыгадала апошні паказ вясельнай моды:
– Калі хто замуж збіраецца, пачынайце гадаваць валасы: каб быць у трэндзе, нявеста мусіць мець складаную прычоску са мноствам заплеценых і па-хітраму ўкладзеных косак.
Я ж, хоць і была заўжды ў курсе апошніх навінак па доўгу службы, мела прынцып: не я для моды, а мода для мяне:
– Ага, зараз пачну! Перад самым вяселлем вазьму ды абрэжу сваё карэ яшчэ карацей! Каб расстацца з адным жыццём і пачаць другое. З чыстага аркуша!
– А ў тваёй маці выпадкова вясельная сукенка не захавалася? То глядзі праветры яе як след перад паходам у загс, каб пах нафталіну гасцей не распужаў, акрамя молі! – іранізавала з мяне злая на язык Ірка.
– А мне, можна лічыць, пашанцавала, – пахвалілася Нэлька, выцягваючы шпільку з пучка на патыліцы. Па плячах яе рассыпаліся густыя, каштанавыя з медзяным адлівам валасы.
– А сукенкі ў модзе зараз не да пят, а караценькія, вышэй за калені!
– Што ж, для сукенкі такой давядзецца пахудзець, – уздыхнула Нэлька, гаротна зірнуўшы на вазачку з падвойнай порцыяй марозіва.
– Ой, а што, ёсць для каго? – Ірчыны маленькія чорненькія вочкі загарэліся непадробнай цікаўнасцю.
– Ё-о-о-сць! – паважліва прамовіла Нэля, загадкава ўсміхнуўшыся.
– І хто ж ён? – тонам, у якім зноў загучалі іранічныя ноткі, запыталася Ірка.
– Юрык Яневіч!
– Яне-э-віч? – Ірчын твар зрабіўся сур’ёзны, іронія з яго знікла. – Дык ён жа… жыве ўжо… з дзяўчынай, у грамадзянскім шлюбе… І яны распісацца нібыта збіраліся…
Читать дальше