Узрушаным такім бліцкрыгам, усім хацелася працягу. Яны стаялі ў двары, шукаючы ахвяру (Віневы спачувальнікі даўно паразбегліся). З пад’езда, дзе ляжаў (ці, хутчэй, запаўзаў у кватэру) Віня, выйшаў хлапец. Ён быў высокі й прыгожы. Такіх звычайна не чапаюць. Хлапец мог бы йсці сабе, але ён сам падышоў. «Чё тут у вас происходит?», – спытаў. «Чё? Те объяснить? Ща объясним». Хлапец быў не супраць разоў . Хтосьці паведаміў, што ў яго карычневы пояс па тэйквандо. Паступіла прапанова выставіць каратыста Алега, таксама з высокім поясам, з навуковадаследчай мэтай параўнання гэтых адзінаборстваў, хаця ўсе й так ведалі, што асноўная розніца толькі ў адрыве пяткі апорнай нагі. Ясна, што Алег бы яго хутка «зрабіў», але ў бой ірваўся вар’ят з «кастэтам».
Старэйшы аб’явіў, што, калі тэйквандыст пераможа, яго ніхто чапаць не будзе. Зрабілі кола. Тэйквандыст пачаў адпрацоўваць нагамі, бы матылёк, – прыгожа, трапна, але не дужа моцна. Хвілінаў пяць ён проста малаціў суперніка, рыхтык грушу, не даючы яму нават ачомацца. Біў, як падалося Вавану (а так, варта заўважыць, клікалі нашага героя), напалову сілы, толькі намячаючы ўдары. Раз’юшаны супернік, прычакаўшы мажлівасці, кінуўся ў бліжні бой: заціснуў галаву мёртвай хваткай, хутка засунуў руку ў кішэнь і нанёс некалькі шалёных удараў. Тэйквандыст застаўся ляжаць на траве. Нейкі час усе моўчкі стаялі, покуль не пачулі міліцэйскую сірэну. Ваван, якому тады было дванаццаць, забег у «Рыбу» і прастаяў там паўгадзіны.
Бацькі тэйквандыста падалі ў суд, але нічога давесці не змаглі. Тэйквандыст абышоўся страсеннем да лёгкім заіканнем. Наагул Ваван быў з інтэлігентнай сям’і, таму падобныя прыгоды былі свайго роду «буйкамі», далей за якія ён не наважваўся заплываць. Большасць жа ягоных дваровых таварышаў з «нядобранадзейных сем’яў» у выніку сканчалі кепска: хтосьці стырчэўся , хтосьці стырчэўся й кінуўся , хтосьці сеў…
У двары за «Рыбай», каля Х а зы, быў Ліцэй. Седзячы на раздрапаным пацыфікамі, анархіямі ды сітуацыйнымі сентэнцыямі цагляным плоце, Ваван з сябрамі часам назіралі за фізрой ліцэістаў, што праходзіла проста на плітках перад ганкам Ліцэя (спартовай залы ў іх не было). Ліцэісты нават па-за сценамі іх alma mater перамаўляліся па-беларуску. Услых тое называлася «пантамі», але пра сябе Ваван іх паважаў. З шостага класа ён пачаў наведваць школьны гурток па гісторыі, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Разам з гісторыкам яны хадзілі ў паходы, спявалі Шалкевіча, нават зарганізавалі летнік, дзе трэба было размаўляць выключна па-беларуску… У 96-м Ваван… не, ужо Уладзя, быў сярод тых, хто закідваў брукаванкай афігелы ад такое нечаканкі АМОН. Годам пазней ён паступіў на факультэт, што месціўся акурат насупраць «Рыбы». Шлях ад хаты да вучобы скараціўся роўна ўдвая, але Ваван усё адно спазняўся. Там ён сустрэўся з былымі ліцэістамі. Тут трапляліся людзі, якія маглі сказаць штосьці важнае. Большасць з іх была з паперы. (Тыя, хто быў з пластмасы й стужкі, сустракаліся Уладзю й раней; іх ён насіў каля сэрца – у плэеры. Слухаючы плэер, ён лавіў сябе на думцы: добра, што няма вайны й не трэба прыслухоўвацца да паветранае трывогі).
З дзяцінства ва Уладзі была здольнасць: ён умеў чытаць словы наадварот. Адкуль тое пачалося, цяжка сказаць – ці тое з вядомага паліндрома пра лапуазора, ці тое з усмешлівага дзеда Макара… Яго здзіўляла тое, што гэтая здольнасць здзіўляе яго сямейнікаў. Спярша яму падавалася, што ў такім чытанні не можа быць нічога складанага і для іншых, а пасля зразумеў, што гэта ягоныя насланнё і праклён. Ён лавіў сябе на тым, што перакручвае навыварат кожнае пачутае/убачанае слова, а затым і фразу. Далей тое ж пачало адбывацца з лічбамі (на метрапалітэнавых гадзінніках, нумарах аўто ды трамваяў…). Ён абсалютна не мог, як ні намагаўся, засяродзіцца на чымсьці іншым. Па сутнасці, амаль увесь ягоны мысленчы працэс зводзіўся да гульні ў словы-пярэваратні (прычым увечары ён мог бы, калі б захацеў, прыгадаць ці запісаць паслядоўнасць гэтых кашмарных практыкаванняў-травесціяў). Калі ў дзяцінстве тое было фармальнае перагортванне (то бок, паводле напісання, напр.: ёд нам неабходны – ындохбаен ман д[з]ё ), то далей сістэма самаўдасканалілася – перагортванне адбывалася цалкам згодна з фанетыкай (то бок, калі запісаць перагорнутую фразу на стужку і пусціць наадварот, атрымалася б зыходная: ындохбаэнь ман дой ). Значна пазней ён навучыўся ўлагоджваць акіян сваіх думак. Значна пазней…
Читать дальше