– Так-так. Мне павінна было спаўняцца 75 гадоў, і з гэтай нагоды Раіса Баравікова папрасіла прынесці «што-небудзь, але каб толькі з таямніцай, у дэтэктыўным плане» – якраз як у Караткевіча. Я падумаў: «Што ж я магу прынесці ў рамантычна-ўзнёслым і адначасова прыгодніцкім плане?» І ўспомніў, што некалі ў Польшчы, у час першай сваёй замежнай навуковай камандзіроўкі мне ўдалося дабіцца таго, каб у беларускія рукі трапіў архіў Яніны Гурыновіч, пляменніцы Адама Гурыновіча. Аказалася, што сярод тых твораў былі вершы – і на польскай мове, і на беларускай, і на рускай. Усё гэта ўжо апублікавана, але заставаліся недрукаваныя лісты. Не самога Гурыновіча, а дзяўчат, якія пісалі да яго. Ён жа быў студэнтам з Пецярбурга, ды такім, па здымках відаць, досыць прывабным. Так у маё распараджэнне трапілі лісты дзвюх вельмі розных жанчын. Першая – Станіслава Пяткевіч, ідэйная асоба, марксістка, якая вырашыла ахвяраваць сваім юнацтвам дзеля вялікай мэты. Яна працавала дзесьці ў Вільні швачкай, лісты яе на польскай мове, сухія, скупыя. Другая – Ружа (ці Роза?) Швайніцкая, жанчына-агонь. Яе выразы ў лістах вобразныя, квяцістыя. Гэта Швайніцкая захаплялася вершамі Гурыновіча – ды і сама потым пачала пісаць.
Лісты Гурыновіча да гэтых асобаў не вядомыя. А вось тое, што прыходзіла на рукі яму, у пляменніцы захавалася. Я пачаў думаць: што, калі змясціць гэтыя лісты, а да іх дадумаць, што мог пісаць Гурыновіч у адказ, – выкарыстоўваючы яго стыль? Гэта магла б быць драма. І я зрабіў сцэнарый для тэлефільма ці тэлеперадачы – не памятаю ўжо. Гэта прайшло, адбылося – і знікла: тады ж не было моды, каб аўтар атрымаў на памяць запіс праграмы. А ў мяне нават і тэксту не засталося. І калі Раіса Баравікова мне так сказала, я пачаў пісаць нанава. Трэба ж было менавіта ў гэты час звярнуцца да мяне Алесю Карлюкевічу – з просьбай узнавіць працу над «Літаратурнымі мясцінамі Беларусі». Так я пераключыў увагу – і п’еса выйшла з-пад майго кантролю.
Дзеючыя асобы ў ёй – Адам Гурыновіч, маці яго, Станіслава Пяткевіч і Ружа Швайніцкая. У тых лістах і вершыкі нават былі: гэта ўсё дакументальнае… Але сапраўды – згублена ў рэдакцыі.
То будзе ж некалі нават і вельмі цікава! Вы толькі сабе ўявіце: роля «Маладосці» ў вяртанні твора Мальдзіса…
Уладзімір Гніламёдаў. Актуальная размова пра мінулае
– Паслухаеш успаміны старэйшых пісьменнікаў – і тагачасная рэдакцыя пачынае ўяўляцца не офісам, у якім ствараецца часопіс, а клубам па інтарэсах. Працоўны дзень працягласцю ў дзве гадзіны і толькі для таго, каб рэдактару сустрэцца з аўтарамі. Фантастычны расклад!
Акадэмік Гніламёдаў, Уладзімір Васільевіч, далёка не першы, хто адказвае на гэта, можа быць, ужо і зацяганае, але усё яшчэ актуальнае пытанне.
– Сапраўды, працавалі недзе з дванаццаці. Бо ранкам рэдактару добра папрацаваць самому: ён жа таксама пісьменнік, і планаў у яго, можа быць, больш, чым у каго іншага, – ён бо зацікаўлены больш. Ён дома раніцай папрацуе, а потым ужо ідзе ў рэдакцыю – сустрэцца з аўтарамі. Мне здаецца, што працаваць у рэдакцыі дзве гадзіны ў дзень – гэта правільна. Калі сёння праца пачынаецца а палове дзявятай, то, мне здаецца, гэта непрадуктыўна. Хоць знешне выглядае, можа быць, і наадварот…
* * *
– Асабліва любілі наведваць рэдакцыю пісьменнікі, так бы мовіць, на вольных хлябах. Так было заведзена: трэба пісьменніку пагаварыць – ён ідзе ў рэдакцыю. Не скажа ж яму Вера Палтаран: «Іван Іванавіч, няма ўжо часу з вамі гутарыць». Гаворка доўжыцца. Потым яшчэ хто прыходзіць – тады яны ўжо паміж сабою пачынаюць гаварыць, Іван Іванавіч і Пётр Пятровіч. Пісьменнік звычайна асоба цікавая, з арыгінальным досведам. Гэта заўсёды людзі, якія пабачылі жыццё. Вазьміце Піліпа Пестрака – гэта ж арыгінальная глыба. Ці Івана Шамякіна. Ці прыходзіць, скажам, Ілья Гурскі са сваім багажом, і Андрэй Макаёнак – са сваім. Ды каго ні возьмеш – гэта ўсё людзі арыгінальныя. Яны і пісалі арыгінальна, па-свойму. Нават нягледзячы на жорсткія ідэалагічныя патрабаванні яны знаходзілі шляхі для творчага самавыяўлення, і тое, што яны рабілі, большай часткай вельмі цікава. Таму і друкавалася.
– А як вам успамінаецца першая сустрэча з «Маладосцю» – часопісам і рэдакцыяй?
Я пачынаў чытаць «Маладосць», калі вучыўся ў школе, у дзявятым класе. Часопіс прыходзіў у нашу бібліятэку, я заўсёды яго браў і гартаў з вялікай цікавасцю. Ён бо патыхаў свежасцю, нават пры тым, што на старонках яго друкаваліся не толькі маладыя – Барадулін, Караткевіч, Вярцінскі, Сіпакоў. На гэтых старонках заўсёды друкаваліся і прадстаўнікі больш сталага пакалення: Якуб Колас – ён тады яшчэ жыў, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, потым – маладзейшыя Брыль, Шамякін, Кулакоўскі…
Читать дальше