* * *
– Праглядаючы, што канкрэтна было напісана мною для «Маладосці», ды ацэньваючы, як я, уласна кажучы, да гэтага часопіса ставіўся, бачу, што мая праца ў ім досыць сур’ёзная. І гэта пры тым, што я заўсёды імкнуўся знайсці нейкія хоць і цікавыя, але дробязі.
Фактычна, першыя мае публікацыі ў «Маладосці» былі адкрывальніцкія. У тым сэнсе, што я адкрываў як нашы імёны тых людзей, што нашымі не лічыліся. Першае імя – Станіслаў Манюшка. Сёння ўсе ўжо са мной пагаджаюцца, што хоць ён і бацька польскай оперы, але кампазітар наш, беларускі. Возьмем далей Ігнацы Дамейку. Кім яго лічылі? «Ат, нейкі быў падарожнік і герой, польскі і чылійскі, адкрыў невядома што». А я глянуў на яго біяграфію – і зразумеў, што гэта чалавек, якім мы, менавіта мы можам ганарыцца. У карэнным народзе Арауканіі, індзейцах, што выціснутыя былі з актыўнага жыцця каланізатарамі, Дамейка бачыў перш за ўсё людзей, народ з багатай гісторыяй. Ну, і калі прыйшоў час святкаваць 200-годдзе з дня нараджэння Дамейкі, у мяне раптам пытаюцца: «Твая была першая публікацыя пра яго?» – «Мая», – адказваю. – «А дзе?» – «А ў “Маладосці”». – «То табе і трэба браць у рукі лейцы». І я зрабіў пра Дамейку кніжачку, потым прачытаў даклады на акадэмічнай канферэнцыі, а самае галоўнае – удакладніў біяграфію, устанавіўшы, дзе ён нарадзіўся. Лічылася, што дзесьці на поўначы, на Вілейшчыне. Нібыта ён там быў і хрышчаны. Але, абапіраючыся на дзённікі, якія ён пісаў у Чылі і якія былі некалі выдадзены, я зрабіў выснову, што гэта Мядзведка (Niedźwiadka), цяпер – Карэліцкі раён. Мы ўстанавілі там памятны камень і з міжнароднымі гасцямі на высокім узроўні адзначылі юбілей.
На жаль, у нас так: як юбілей надыходзіць – тады ўспамінаем, нешта адкрываем, робім, рупімся, а потым – зноў забываем. Сярэдняя школа ў Мядзведцы, не паспелі ёй прысвоіць імя Дамейкі, як закрылася. Вёска гэта – не аграгарадок. Але камень, вельмі спадзяюся, яшчэ пастаіць. Памятны камень устаноўлены і каля касцёла ў Міры – там пахаваны бацька Дамейкі, і на Лідчыне, дзе Ігнацы быў у своеасаблівай ссылцы – як удзельнік руху філаматаў і філарэтаў. Гэты чалавек ствараў вышэйшую адукацыю і адкрываў карысныя выкапні, быў рэктарам першага ўніверсітэта і стаў нацыянальным героем Чылі. Цяпер не толькі футбольная каманда нейкай шахты носіць яго імя, але і, скажам, рок-ансамбль. У ягоны гонар названы сем дзясяткаў жывёл і раслін, а таксама мінерал – дамейкіт.
У нас пра гэта першым падаў голас я…
– Ды, варта паўтарыцца, у «Маладосці».
– Так, менавіта ў «Маладосці». Наступным было адкрыццё Міхала Клеафаса Агінскага. У часы маёй студэнцкай маладосці ён лічыўся польскім кампазітарам і ніякага дачынення да Беларусі быццам бы таксама не меў. Я памятаю, як ехаў студэнтам праз Залессе і хтосьці тады сказаў: тут, маўляў, быў пан Агінскі. Я раптам падумаў: «Як цікава! А можа быць, гэта той самы?» Пазней, калі ўжо працаваў, паехаў у Вільнюс, знайшоў мемуары, прачытаў іх чатыры тамы – і зразумеў: яго радзіма – Беларусь, па дарозе з Вільні ў Мінск, – у Смаргонскім раёне.
Першая мая публікацыя пра Агінскага адбылася на старонках маладзечанскай абласной газеты «Сталінскі шлях». Але там яна выклікала такую рэакцыю: «Ну, быў нейкі пан – і што? Ах, ён яшчэ і кампазітар!» І ніхто ў сталіцы да публікацыі ў «Маладосці» нічога такога не ведаў. Так што можна чарговы раз хваліцца тым, што ўсё пачыналася з «Маладосці». Тут, праўда, ёсць адно «але». Агінскі нарадзіўся не на беларускай тэрыторыі – каля Варшавы. Але род яго беларускі, продкі мелі прозвішча Глушонак. Калі Глушонкі атрымалі маёнтак Агінты, то сталі называцца Агінскімі. Маёнтак Агінты цяпер – тэрыторыя Літвы, але гэта не мае асаблівага значэння. І Манюшка нарадзіўся на беларускай зямлі, і Міцкевіч, але гэтыя людзі, як і Орда, і іншыя, належаць некалькім суседнім народам. Тады ж яны сябе не дзялілі, жылі агульнай дзяржавай.
Пра каго яшчэ я пісаў на старонках «Маладосці», але не было аказіі адзначыць высокі юбілей? Пра Мечыслава Карловіча, вядомага польскага кампазітара, які лічыцца цяпер стваральнікам польскай сімфанічнай музыкі. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця: быў альпіністам, катаўся ў Татрах і загінуў там пад лавінай у даволі маладым узросце. Род Карловічаў таксама беларускі. Яго прадстаўнікі дапамаглі Францішку Багушэвічу выдаць «Дудку беларускую» і «Тралялёначку». Акрамя таго, бацька Мечыслава, Ян Карловіч, займаўся даследаваннем беларускай мовы. І жылі яны на тэрыторыі цяперашняга Вішнева, што ў Смаргонскім раёне. У нас, трэба адзначыць, два Вішнева. А чаму мы ўвесь час яго адкідвалі? Па вельмі простай прычыне: ва ўсіх даведніках было сказана, што ён нарадзіўся ў маёнтку Вішнева Свянцянскага павета. Межы ж – тыя і цяперашнія – не супадаюць: Свянцянскі раён заходзіў клінам і на тэрыторыю маёй Астравеччыны, і на Смаргоншчыну.
Читать дальше