Першай адмовілася ад прапановы напісаць артыкул-даследаванне… Няма нават розніцы, хто. Яны ўсе адмовіліся.
Чаму?!
Магчыма, для таго, каб ты, чытач, не бавіў час сур’ёзнай пісанінай, а мог культурна – з кніжкай – адпачыць. Празорлівыя людзі нашы крытыкі.
* * *
Выхад кніжкі павінна была суправаджаць студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя. Месца, якое магло б заняць гэта мерапрыемства ў жыцці кожнага яго ўдзельніка, знаходзіцца цяпер недзе паміж гучнай прэзентацыяй у модным кніжным салоне і дасціпным абмеркаваннем на прыступках эскалатара.
У любым выпадку нядрэнна.
Прыемнага чытання!
Адам Мальдзіс. Згадкі пра будучыню
– Вам прозвішча Фактаровіч ні пра што не гаворыць?
Вясёлы і дасціпны Адам Восіпавіч, знакаміты, слаўны Мальдзіс, павітаўшыся, адразу ж працягвае празрыстую пластыкавую скрыначку з такім апетытным на выгляд печывам, што рука міжволі цягнецца да кубачкаў. У «Маладосці» ёсць нагода для гарбаты!
– А гэта ж чалавек, які рашуча паўплываў на маю біяграфію. І адбылося гэта роўным чынам тады, калі ствараўся часопіс «Маладосць».
Аднак лепш за ўсё – па парадку…
* * *
– Напачатку раскажу вам, што асабіста для мяне значыць часопіс «Маладосць» і ў якіх абставінах маімі сучаснікамі была ўспрынята вестка пра тое, што ён павінен выходзіць.
1953 год. Вясна. Я студэнт аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта. Тады, трэба ўдакладніць, быў не асобны факультэт, а толькі аддзяленне. Журналістыка, вядома ж, цесна звязана з мовай і літаратурай, і некаторыя студэнты нават пераходзілі з журналістыкі на філалогію або рабілі крок наадварот. Гэта добра: многіх пісьменнікаў мы сёння не мелі б, калі б не адбывалася такая дыфузія. Але ж у журналістыкі свая спецыфіка, і гэта нас ад астатніх студэнтаў трохі аддзяляла. Практыку мы праходзілі тады ва ўніверсітэцкай газеце, якая называлася, натуральна, «За сталінскія кадры». Ну, за якія ж кадры іначай? Мы рыхтаваліся быць журналістамі, а значыць, сталінскімі кадрамі. У адных з нас гэта выклікала адну рэакцыю, у другіх другую… Але справа не ў гэтым. У той час адбывалася нейкая дзіўная градацыя. Хлопцы на курсе былі пераважна з вёскі, а дзяўчаты – з горада, дочкі палкоўнікаў у лепшым выпадку, а ў горшым – бярыце вышэй. Вось на такім супрацьстаянні мы суіснавалі. Па-мойму, з вёскі, а дакладней, з мястэчка Цімкавічы была адна толькі Маша Варчэня, вядомая потым як Марыя Карпенка, рэдактар часопіса «Работніца і Сялянка». Яна трохі спрабавала гэтыя два лагеры – простых сельскіх хлопцаў і фанабэрыстых гарадскіх дзяўчат – прымірыць паміж сабой. Ну, і, зыходзячы з гэтай градацыі, мы вельмі па-рознаму аднесліся да чутак пра стварэнне новага часопіса. Як сёння памятаю, дзесьці напачатку сакавіка да нас у пакой зайшоў… здаецца, гэта быў Анатоль Вярцінскі. Зайшоў і кажа: нарэшце, маўляў, будзе часопіс і для нас.
У «Полымя» ж мы тады не хадзілі, бо разумелі, што друкавацца там наўрад ці зможам. Я асабіста часцей за ўсё насіў свае працы ў «Літаратуру і мастацтва», рэдакцыя якой размяшчалася насупраць Чырвонага касцёла – там некалі стаялі маленькія домікі. Увогуле ж, на студэнтаў тады глядзелі не так, як цяпер, – звысоку: хопіць, маўляў, і без іх пісакаў, пад нагамі толькі швэндаюцца.
Дык вось, вестка пра новы часопіс узрадавала тады ўсіх, хто быў з вёскі. А ў гарадскіх дзяўчат гэта не выклікала ніякай цікавасці. Ну, будзе новы часопіс. А навошта?
Я жыў на вуліцы Свярдлова, дзе ўніверсітэцкі інтэрнат змяшчаецца і цяпер. Нас, будучых журналістаў, у пакоі было пяцёра. Найбольш вядомага сярод дзяўчат, асабліва заўсёдных наведвальніц чытальнай залы, Генадзя Зотава, на жаль, сярод жывых ужо няма. А ён пісаў, памятаю, такія вершыкі:
В читалку часто ты приходишь,
И я в читалку прихожу,
С меня ты строгих глаз не сводишь,
И я с тебя глаз не свожу.
Іншымі словамі, яго вершы ведалі добра.
Я ўспамінаю дзень, калі ці не той самы Вярцінскі паведаміў: «Памёр Сталін». Мы адразу ўключылі радыё, а гэты Зотаў і кажа: «Выключце, дайце мне паспаць хоць раз». Усе зніякавелі, таму што трэба ж было ведаць, што гэта значыць – выключыць радыё ў такі момант. Такім дзеяннем можна было і палітычную справу зарабіць. Але неяк удалося ўсё асекчы. І далей адразу ўзнікла думка, што «Маладосці», новага часопіса, на які ўжо так паспадзяваліся, цяпер не будзе.
Читать дальше