Увогуле, моладзь апанавала разгубленасць. Адзін з нашых хлопцаў, Аляксандр Харкевіч, якога таксама ўжо няма, сабраўся і паехаў у Маскву – прысутнічаць на пахаванні. І нібыта яму нейкім чынам гэта ўдалося. Астатнія пайшлі на заняткі. Усе, акрамя дзяўчат: тыя тлумна падаліся да помніка Іосіфу Вісарыёнавічу. І вось уявіце карціну: на занятках сядзяць адны хлопцы. Выкладчыкі пытаюцца: чаму? Не ведаем, кажам. І неяк так жартам: «Дзяўчаты мо дзе плачуць ды не хочуць слёзы свае ўсім паказваць». У канцы заняткаў дзяўчаты ўсё ж з’яўляюцца ў аўдыторыі – і да нас: «Враги народа! В то время, когда все оплакивают, вы сидите на занятиях». Хлопцы разгубіліся, я ж чамусьці ўскіпеў: «А да чаго заклікаў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза? Каб усе заставаліся на сваіх працоўных месцах і каб была строгая дысцыпліна. Дык гэта вы дзейнічаеце як ворагі народа, зрываючы заняткі». І гэта нас выратавала, таму што ворагаў з нас можна было зрабіць лёгка: у кожнага ў вёсцы нехта жыў заможна, а хтосьці і сам меў грашок.
Як я, напрыклад.
– А які ў вас быў грашок? Раскажыце.
– На першым курсе, у першыя ж месяцы заняткаў я атрымаў запрашэнне ад стрыечнай сястры: яна выходзіла замуж. І дружка, якая мне выпала, – дзяўчына не дужа сімпатычная, але дужа бойкая, сказала: «Як гэта ты не пойдзеш у касцёл?! На радню забываешся?!» А я ж тады, як і ўсе, камсамольцам быў. Ну, але прыйшлося пайсці. І нехта ўзяў ды напісаў ва ўніверсітэт данос. Пасля я даведаўся, што гэта былі пакрыўджаныя выкладчыцы: лепшы, маўляў, вучань – і ў касцёл! Іншымі словамі, я таксама павінен быў быць сярод тых, хто баіцца. Але гісторыя гэта – са смерцю Сталіна і пропускам заняткаў – нічым асаблівым не скончылася. Дзяўчаты толькі стушаваліся: сапраўды ж, быў зварот ЦК КПСС захоўваць дысцыпліну.
Якраз у той час у мяне была іншая складаная сітуацыя. Як і ўсе журналісты, я, канешне ж, павінен быў паехаць у раённы цэнтр – адпрацаваць належны тэрмін у рэдакцыі газеты. А я неяк прызвычаіўся хадзіць на заняткі навуковага гуртка па замежнай літаратуры да Давіда Яўсеевіча Фактаровіча. І менавіта ў тую вясну мы асабліва здружыліся: я выступіў з адным дакладам, потым з другім, і ён гаварыў, што мне трэба не ў рэдакцыю раёнкі ехаць, а заняцца навуковай працай. Потым, дарэчы, я ў яго пісаў дыпломную работу пад назвай «Адам Міцкевіч – публіцыст».
Ніхто з палякаў не асмеліўся на гэту тэму пісаць, а я напісаў.
Тым часам і выйшаў першы нумар часопіса «Маладосць». Мы ўсе, канешне, вельмі ўважліва яго праглядзелі… і расчараваліся: ён падаўся нам сумным. Цяпер то я думаю, што інакшым ён быць і не мог, таму што ўвесь складаўся з некралогаў. Такім чынам, цікавасць да новага часопіса, не паспеўшы распаліцца, была страчана.
Я працягваў друкавацца ў «ЛіМе», дзе ў 1954 годзе выйшлі мае ўжо не маленькія пстрычкі, а першыя сур’ёзныя працы. А ў раёнку ўсё ж мусіў паехаць. У радашкавіцкую. Тады ж і даведаўся, што не Радашковічы правільна, а Радашкавічы – як у народзе кажуць. Напачатку, праўда, прыходзілася мяне папраўляць: «Як вы гаворыце?! Ад слова “радавацца” трэба гаварыць!»
Нішто ў жыцці не адбываецца дарэмна. Менавіта тут, у Радашкавічах, я вырашыў неадкладна заняцца гісторыяй. Пазнаёміўшыся з удавой Браніслава Тарашкевіча, я тады ж зразумеў, што няма ў Беларусі мясцін нецікавых і бедных на гісторыю. Проста мы часам не ведаем яе, гэтай гісторыі. Так што праект «Літаратурныя мясціны Беларусі», які друкуецца не дзе-небудзь, а менавіта ў «Маладосці», родам, можна сказаць, адтуль, з Радашкавіч. Канешне, літаратурныя мясціны на геаграфічнай карце краіны размеркаваны нераўнамерна: на Палессі, скажам, яны радзей, але ёсць і сапраўдныя салаўіныя гнёзды кшталту Ушаччыны, Случчыны, Капыльшчыны, Уздзеншчыны, Нясвіжчыны. Ну, і, зацікавіўшыся пад уплывам Давіда Яўсеевіча замежнай літаратурай, я, зноў жа, працуючы ў раёнцы, выпісваў літаратурныя газеты – балгарскую, польскую, чэшскую і нямецкую. Чытаў іх – і патрохі авалодваў мовамі. Таму першай маёй публікацыяй у «Маладосці» быў пераклад апавядання Цыліі Лачавай «Сельскі анёл» – адзін з двух маіх перакладаў з балгарскай мовы. Памятаю, аднойчы мяне нават запрасілі ў пасольства на нейкі прыём. І потым, калі ездзіў у Балгарыю на з’езд славістаў, – гэта было ўжо падчас вучобы ў аспірантуры, мне было лёгка – я сапраўды ведаў мову.
Не перастану падкрэсліваць: першым, хто штурхнуў мяне на даследчыцкі шлях і заняткі літаратуразнаўствам, быў Давід Яўсеевіч Фактаровіч. А паколькі гэта мая фраза пра яго трапіла на вочы ягоным дзецям – сынам і дачцэ, яны неяк папрасілі, каб я напісаў прадмову да кніжкі выбраных прац іх бацькі, ужо пасмяротнай. Я і напісаў гэту прадмову. І дапамог у складанні кніжкі. З той пары ў знак удзячнасці Ірына Фактаровіч на кожныя Каляды дорыць мне надзвычай смачнае печыва, якое ў яе сям’і гатуецца на свята Ханукі…
Читать дальше