У лістападзе Ван Гог выправіўся ў Антверпен. Там ён шмат маляваў і нават прадаваў турыстам свае архітэктурныя накіды. Па даўняй звычцы наведваў музеі, дзе быў у захапленьні ад твораў Рубенса. Захапленьне гэтае прывяло да важнага рашэньня.
Можа, Цябе ўжо стамілі даты з пазамінулага стагоддзя, але ж без іх аніяк не абыйсьціся, калі адсочваць біяграфію!
Напачатку 1886 года Ван Гог запісаўся ў Акадэмію выяўленчага мастацтва, дзе праходзіў удзень курсы малюнка, а ўвечары яшчэ і жывапісу. З-за моцных нагрузак здароўе зноў пагоршылася, і мастак вырашыў перабрацца да брата ў Парыж. Вырашыў па дзьвюх прычынах. Па-першае, лічыў, што жыць разам будзе больш эканомна, а па-другое, хацеў вучыцца ў майстэрні знакамітага на той час мастака Кармона.
Тэа працаваў на фірме Бусо-Валадон (былой «Гупіль») і здымаў кватэру на Манмартры. Вінцэнт не быў у Парыжы дзесяць гадоў і з першых тыдняў адкрыў жывапіс імпрэсіяністаў, ідэалам якіх была праца на пленэры, памкненьне перадаць амаль што няўлоўныя ўражаньні.
У красавіку Ван Гог прыйшоў вучыцца да Кармона. Кожнае раніцы разам з сябрамі Эмілем Бярнарам, Анры Тулуз-Латрэкам, Джонам Раселам і іншымі вучнямі ён пісаў аголеную натуру, а па абедзе прыходзіў сам, каб маляваць гіпсавыя зьлепкі з антычных статуй. Аднак, нягледзячы на тое, што праз колькі месяцаў Ван Гог перасварыўся з мэтрам, горад Парыж з ягоным мастацкім кантэкстам пераствараў яго нанова. Вінцэнт захапіўся ягонымі краявідамі – дахамі Манмартра, Булонскім лесам, садам Цюільры, напісаў некалькі нацюрмортаў. Сярод апошніх вылучаліся «Нацюрморт з чатырма сланечнікамі», а таксама «Нацюрморт з садавінаю», прысьвечаны брату Тэа.
Паслужыў Ван Гог мадэльлю Бернару, Раселу, Люс’ену Пісара, Тулуз-Латрэку, творы якіх, напэўна ж, аналізаваў. А пра ўдумлівы самааналіз у Парыжы сьведчылі 25(!) аўтапартрэтаў, напісаных ім з сакавіка 1886-га па люты 1888 года.
Цалкам, кардынальна зьмянілася, стала яркай і сонечнай жывапісная палітра мастака. Паміж сяброў-мастакоў бурапенілася жыцьцё, поўнае творчасьці, спрэчак і… абсэнту.
Дазволю тут сабе адхіліцца ад тэмы, бо калі прамаўляю або прачытваю гэтае слова, дык пачынае гучаць увушшу «Абсэнт» – ці не самая сьпеўная кампазіцыя, ці не самы хітовы тэкст з застольнага альбома «Крамбамбуля. Паўлітра добрага настрою».
Pardon, je ne parle pas français. Кавярня, прыцемкі, абсэнт… Мігціць наперадзе расстаньне, І сьвечка на стале згасае…
Рэфрэн:
Учора ці сёньня, Яшчэ ці ўжо… Растуць парасоны
Пад цёплым дажджом. Усё летуценна, І веры няма сабе. Усё нерэальна, Нібыта ў сьне: Начная кавярня, Агні ў вакне, І водар расстаньня, Палынны напой – абсэнт.
Усё ў жыцьці не назаўжды. Праходзяць летнія дажджы. Усё мінае, ўсё зьнікае, Тугою зьменіцца каханьне.
Рэфрэн.
Французы кажуць: c’est la vie. Я буду жыць, і ты жыві. Запомнім мы кавярню гэту І пах расстаньня і абсэнту.
Рэфрэн.
Ня ведаю, наколькі даспадобы горкая настойка аўтару працытаваных словаў Лявону Вольскаму – дарэчы, таксама выпускніку Менскай мастацкай вучэльні, – але мне мімаволі згадваецца яшчэ і пікасава «Аматарка абсэнту», уся сіне-зялёная, як той самы напой. Але напраўду бывае ён і чырвонага колеру, а дакладней – таіндзіга ружовага.
Сам я першы раз замаўляў абсэнт у маскоўскім прывакзальным павільёне сьпіртных напояў. Разгаварыўся з гаспадаром, армянінам паводле нацыянальнасьці, будаўніком паводле адукацыі, і зьдзівіўся, як ажывіўся ён пры маёй згадцы пра Ван Гога. Вось, уразіўся я, – гандляр, а ведае еўрапейскі жывапіс! На самой справе ажывіўся ён, бо адгадаў у маёй асобе патэнцыйнага пакупніка дарагога элітнага напою з аднайменнай назваю! Аказалася, што і сёньня вырабляюць абсэнт на аснове экстракта палыну горкага (Artemisia absinthium) па ўсёй Еўропе, а найперш у Нідэрландах, Францыі, Чэхіі. У Расіі на ім сьпецыялізуецца цэлая фірма, ні больш ні меньш – ТАА «Абсэнт Вінцэнт Ван Гог»! (Чорны гумар, пазьней зразумееш, чаму – хай бы дадавалі да пляшкі брытву-галяк для абразаньня вушэй!) Кажуць яшчэ, што абсэнт робіцца ў нас модным, як была моднаю тэкіла – мексіканская самагонка з кактусаў, на той час, як у некаторых краінах забаронена вырабляць і прадаваць яго, бо спажываньне нібыта вельмі хутка вядзе да прывыканьня і амаль наркатычнай залежнасьці. У склад напою ўваходзяць настоі з каранёў і лістоты анісу, бадзяну, дзягелю, душыцы, мяты, палыну, чабору і іншых траў, а таксама ванілін, цукар, эфірныя алеі. Але ці не найпершая прычына забароны ягоная моц – ад 60 да 72 градусаў, а дакладней – працэнтаў этылавага сьпірту?
Читать дальше