На адным зь іх Вінцэнт – вучань пансіяната Жана Правілі ў Зевенберзане ў трынаццацігадовым узросьце. У позірку падлетка, што застыгнуў перад фотакамерай, выразна прачытваюцца разгубленасьць і самота. Другі фотапартрэт Ван Гога быў зроблены праз пяць гадоў. Але і на ім, зробленым у Гаазе напачатку 1870-х, васемнаццацігадовы гандляр творамі мастацтва і рэпрадукцыямі з іх, выглядае безаабаронным і няўпэўненым. Можа, якраз з таго часу Вінцэнт перастаў давяраць і давярацца аб’ектыву фотаапарата, каб праз паўтары дзесяткі гадоў звярнуцца да суперсуб’ектыўнасьці графічных, а потым і жывапісных аўтапартрэтаў?!
У парадку лірычнага адступленьня заўважу яшчэ, што на ўсіх выявах Ван Гог – зацяты, сур’ёзны, засяроджаны. Выключэньне ведаю толькі адно. Даўні знаёмца, мастак Алег Карповіч, які актыўна займаецца і газетнай журналістыкаю, намаляваў падчас адной з нашых з ім гутарак пра вялікага галандца і апублікаваў у сваім выданьні партрэт усьмешлівага Ван Гога, ці не адзіны ў гісторыі мастацтва…
Што тычыць самога тэксту Банафу, дык прываблівае ён чытэльным стылем і тым, што ўнікае псеўданавуковай сухасьці ў дасьледваньні і ў падачы матэрыялу. Акрым таго, нямала ў ім сьмелых версій, творчых адкрыцьцяў-саторы, калі пакарыстацца тэрміналогіяй з японскай паэтыкі. Не пазьбягае аўтар і так званых вострых вуглоў у асьвятленьні жыцьцёвага шляху мастака, праўдзіва і мужна, без усялякіх залішніх эўфемізмаў называе рэчы іхнімі сапраўднымі імёнамі…
Але, што гэта я ўсё пра альбомы ды пра кнігі! Давай лепей раскажу Табе пра жыцьцё і творчасьць самога мастака. Раскажу ў традыцыйнай, храналагічнай пасьлядоўнасьці.
Ну, дык вось, нарадзіўся будучы мастак 30 сакавіка 1853 года ў галандскай вёсцы Грот Зюндэрт, што непадалёк ад горада Брэда, у сям’і пратэстанцкага прапаведніка-кальвініста Тэадора Ван Гога. Ягонай маці была Ганна Карнэлівус Карбентус, дачка прыдворнага пераплётчыка. Так склалася, што яшчэ з канца сёмага (!) стагоддзя ў радзіне Ван Гогаў хтосьці насіў імя Вінцэнт. Паставіў клічнік у папярэднім сказе таму, што нярэдка мы або нашыя знаёмцы не ведаюць, як звалі прадзедаў і чым тыя займаліся. А што тычыць напісаньня і вымаўленьня імені Vincent, дык не гучыць мне, аніяк не прамаўляецца прамая калька з мяккім «с». А можа, віною таму накладка беларускай традыцыі, звычка прамаўляць каталіцкія імёны кшталту Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча. Але нават калі памыляюся, дык гэта невялікі грэх – не энцыклапедычны артыкул пішу і не мастацтвазнаўчае дасьледваньне.
Мяркую, што частка сямейнага прозьвішча Ван азначае ў галандскай мове прыналежнасьць да сьвятарскага занятку. Так гэта або не, аднак менавіта Вінцэнтам звалі дзядулю будучага мастака. Трое з шасьці ягоных дзядзькоў гандлявалі творамі мастацтва. Гэта былі бацькавы браты. Вінцэнт (дзядзька Сент) гандляваў жывапіснымі творамі, і быў пастаўшчыком двара іх Вялікасьцяў караля і каралевы, і за некалькі гадоў працы ў Гаазе разгарнуў справы да еўрапейскага маштабу. Хендрык Вінцэнт (дзядзька Хэм, што, пагадзіся, больш звыкла нам у ласкава-паблажлівым азначэньні амерыканскага літаратара Эрнеста Хэмінгуэя) вёў гандаль у Бруселі, а Карнэлівус Марынус (дзядзька Кор) заснаваў у Амстардаме фірму «C. M. van Gogh».
І толькі адзін з братоў, Тэадор насьледваў бацькоўскую справу, стаўся пастарам і ў 27-гадовым узросьце атрымаў прыход непадалёк ад мяжы з Бельгіяй.
Упартасьць у насьледваньні сямейнай традыцыі зьдзіўляе і нават бянтэжыць мяне. Маю на ўвазе тое, што за год да будучага мастака, дзень у дзень, на сьвет з’явіўся быў маленькі Вінцэнт Вілем, які неўзабаве памёр.
Аднак пастараў дом поўніўся дзецьмі. Дачушку Ганну назвалі ў гонар маці, а наступнага сына, маладзейшага за Вінцэнта Вілема на чатыры гады, у гонар бацькі – Тэадорам. Прыйшоў ён на сьвет 1 траўня, а гэта значыць быў, як і я, Цялец паводле гараскопу. Акцэнтую тут асобу Тэа, бо адыграў ён незаменную ролю ў лёсе брата-мастака.
Потым у Ван Гогаў нарадзіліся яшчэ Элізабет Хюберта, Вінгельміна Якоба і Карнэлівус Вінцент!
У кастрычніку 1864 года бацька выправіў старэйшага сына, Вінцэнта Вілема ў пансіён Правілі, дзе той вывучаў ангельскую, нямецкую ды французскую мовы і дзе першы раз зазнаў пакуты адзіноты. Мабыць, тая самая самота прымусіла адзінаццацігадовага хлопчыка зноўку ўзяцца за аловак. Раньнія вучнёўскія Вінцэнтавы малюнкі (адзін з дакладна датаваных – ад 11 студзеня 1862 года!) абвяргаюць папулярны колісь тэзіс мастацтвазнаўцаў пра тое, што маляваньнем Вінцэнт заняўся толькі ў сталым узросьце.
Читать дальше